Дзевяць беларусаў вырашылі з’ездзіць на адпачынак у Еўропу гэтай восенню і звярнуліся ў турагенцтва ў Мінску, якое дапамагае афармляць шэнгенскія візы. Але ў выніку ўсе атрымалі адмовы ад пасольстваў (некаторыя — двойчы). Сітуацыя, здавалася б, тыповая ў цяперашніх умовах: многія жыхары краіны і раней плацілі за падрыхтоўку дакументаў і месца ў чарзе, а потым заставаліся ні з чым. Але суразмоўніцы сцвярджаюць, што ў іх выпадках няўдача здарылася менавіта праз памылкі агенцтва. Паспрабавалі разабрацца, што адбылося.
Імёны нашых суразмоўцаў змененыя. У рэдакцыі ёсць іх звесткі, а таксама дакументы, якія пацвярджаюць аплату паслуг агенцтва, і скрыншоты перапіскі з супрацоўнікамі кампаніі.
Кліенты: «У нас было пяць анкет. Я двое сутак выпраўляла там памылкі»
У верасні Аліна з сябрамі вырашыла злётаць адпачыць — кампаніяй з чатырох чалавек збіраліся ў Іспанію. Знаёмыя параілі звярнуцца на сайт «БелТурызму», якім валодае кампанія «Садлер». З ёй беларусы заключылі дамову на падрыхтоўку пакета дакументаў для падачы ў іспанскі візавы цэнтр, які знаходзіцца ў Маскве.
— Здаецца, нас запісалі на іспанскую візу і ўсё было добра. Паабяцалі, што ўсё будзе, казалі, што статыстыка там добрая. Мы першы раз самі дакументы не пераправерылі, ды і не глядзелі, што наогул туды трэба. Даверыліся ім цалкам, — расказвае Аліна. — У выніку ў візавым цэнтры перазапаўнялі анкеты, бо яны былі няправільныя. Якія там былі памылкі, шчыра кажучы, нават не ведаю.
— Яшчэ ў турфірме сказалі, што патрэбная проста выпіска з банкаўскага рахунку, дзе мусіць быць не менш чым тысяча еўра. А ў візавым цэнтры запатрабавалі выпіску з перамяшчэннем сродкаў за тры месяцы, — працягвае суразмоўніца. — Дакументы прынялі, але папярэдзілі, што раз гэтай выпіскі няма, шанцаў малавата. У выніку нам усім прыйшла адмова праз недастатковую колькасць сродкаў на рахунку для знаходжання ў краіне.
Дзяўчына расказвае, што яшчэ адной прычынай адмовы пасольства была «адсутнасць абгрунтаванняў мэты і ўмоваў знаходжання». Яна думае, што гэта звязана з няправільным браніраваннем гатэля ці білетаў на самалёт, што таксама рыхтавала турфірма. Паводле Аліны, кансультант паабяцаў адправіць у пасольства запыт з пытаннямі наконт адмовы, але за два месяцы адказ ёй так і не прыйшоў.
— Нас у турагенцтве мурыжылі. Я кажу: «А што нам рабіць? Гэта ж ваш касяк. Вы абяцалі, што адкрыюць візу без праблем». У выніку гэты чалавек прапанаваў нас бясплатна запісаць на падачу ўжо на грэцкую візу, — успамінае нягоды дзяўчына. — Мы пагадзіліся: хаця б проста аформім шэнген. Пасля падачы высветлілася, што ў нас броні гатэля запоўненыя няправільна, анкеты — таксама. То-бок мы зноў аплацілі консульскія і візавыя зборы, дастаўку анкет, білеты да Брэста, дзе падаваліся, і атрымалі новую адмову — за недакладную інфармацыю пра мэту і ўмовы знаходжання.
Паслугі турфірмы па дапамозе ў афармленні візы ў Іспанію Аліне і яе сябрам каштавалі па 350 рублёў з чалавека. Яшчэ каля 700 рублёў на чацвярых аддалі ў іспанскім візавым цэнтры ў Маскве. Акрамя гэтага, былі выдаткі на дарогу: па 130 рублёў на білеты туды, а яшчэ на бензін, калі вярталіся на машыне назад. Пасля, калі ўжо афармлялі візу ў Грэцыю, дзяўчаты заплацілі яшчэ па 244 рублі збораў.
Аліна лічыць, што супрацоўнікі фірмы самі дапусцілі памылкі падчас падрыхтоўкі дакументаў, і адмову яна атрымала праз іх:
— Я ім тэлефанавала на эмоцыях і пытала, чаму так адбылося. Гэты кансультант сказаў, што яны нібыта ўсё падрыхтавалі, а далей — як вырашыць консул. Спасылаўся на сітуацыю ў свеце. Потым казаў, нібыта незразумела, што здарылася, і гэта ў іх першая такая адмова.
Пасля першай падачы мы думалі, што рэч у кім-небудзь з нас, таму ўсёй групе і адмовілі. І ўжо наступным разам, на Грэцыю, падаваліся паасобку. Але таксама атрымалі адмовы! Ведаеце, адно супадзенне — ладна, можна зразумець. Але мая знаёмая пазней там жа падавалася з дзецьмі — і такая ж гісторыя.
Знаёмая Аліны, Вікторыя, расказала «Люстэрку», што звярталася ў тую ж кампанію. У яе віза ёсць, таму грэцкі шэнген афармляла на траіх дзяцей. Разам з ёй падаваліся таксама двое сяброў. Дакументы кампанія падавала ў Брэсце. Перад паездкай кансультант скінуў Вікторыі анкеты і папрасіў пераправерыць звесткі.
— Я везла дзяцей адна, таму патрэбная была згода мужа. Я скінула натарыяльна завераную згоду кансультанту. Спытала, ці падыдзе яна. Ён адказаў, што патрэбная іншая, і даслаў узор. Мы перарабілі, а ў візавым цэнтры я пачула, што яна ўсё ж няправільная. Супрацоўнік на гэта сказаў, што нічога не скідваў, — тлумачыць беларуска. — У нас было пяць анкет: трое дзяцей і двое дарослых. Каб вы разумелі, я двое сутак патраціла, каб выправіць там памылкі. Са мной ужо размаўляла іншая супрацоўніца цэнтра, а не той мужчына, з якім я звязвалася першапачаткова. У дачкі былі не тыя пашпартныя дадзеныя, у броні гатэля таксама былі памылкі, старэйшаму сыну краіну ўезду паставілі не тую. Неяк мне наогул скінулі чужыя пашпартныя дадзеныя. Разумееце, ладна — адна памылка, але не столькі! Яны нават месца і дату падачы паставілі няправільную і потым выпраўлялі. Я лічу, што, калі плачу грошы, у турфірме павінныя самі ўсё рабіць без памылак, а я магу проста прыехаць і забраць дакументы.
У выніку ўся кампанія таксама атрымала адмову. У дакуменце, які прыйшоў Вікторыі, пазначана, што інфармацыя пра абгрунтаванне мэты і ўмоваў знаходжання, якую падалі ў пасольства, недакладная. Кампанія жанчыны выдаткавала на ўсе паслугі каля 3000 рублёў, сама яна — каля 1500 рублёў.
Вікторыя таксама лічыць, што ў турфірме маглі няправільна забраніраваць гатэлі або самалёты, якія яна сама ўжо не магла праверыць.
— Я датэлефанавалася да пасольства ў Маскве і спытала, чаму ў візах адмовілі маім дзецям. Там спачатку не хацелі гаварыць, але потым паглядзелі і патлумачылі, што ў нас няма броні. Патлумачылі, што бронь мусіць дзейнічаць да моманту, пакуль у пасольстве застаюцца пашпарты, — суразмоўніца мяркуе, што яе броні маглі быць адмененыя раней.
Турфірма: «Усе атрымліваюць візы, акрамя гэтых людзей»
Журналістка «Люстэрка» звязалася з Дзмітрыем — прадстаўніком турфірмы, які камунікаваў з абедзвюма беларускамі. І папрасіла пракаментаваць сітуацыю. Мужчына адразу адказаў на прэтэнзіі Аліны:
— Вы удакладніце ў іх. Наколькі я ведаю і як яны паведамлялі нам, у іх да гэтага было дзве адмовы. Яны звярнуліся да нас. Я патлумачыў, што цяпер сітуацыя з візамі наогул цяжкая, але можна паспрабаваць адкрыць іспанскую. Мы падрыхтавалі пакет дакументаў, яны паехалі, падаліся і атрымалі адмовы. Пра ўсё гэта папярэджвалася: што магчымае ўсё, вы самі разумееце. Зноў жа, падкрэсліваю, у іх да гэтага было ўжо дзве адмовы. Кажу, раз такая сітуацыя — нічога не зробіш.
Яны сказалі, што ім усё роўна патрэбная віза, і я прапанаваў грэцкія, але, зноў жа, папярэдзіў: па іх вельмі шмат адмоваў. Кажу: калі хочаце, я вам зраблю рэгістрацыю, дакументы і ўсё астатняе — падавайцеся. Для нас каштоўны кожны кліент, самі разумееце. Ну, яны падаліся і яшчэ раз атрымалі адмовы. Тэлефануюць зноў мне з пагрозамі, што ўсё праз мяне. Я тлумачыў, што не я прымаю рашэнне.
— Яны кажуць, што вы няправільна іх зарыентавалі па выпісцы з рахунку для іспанскай візы.
— Вы ж разумееце, што ўсе патрабаванні знаходзяцца ў вольным доступе ў візавым цэнтры Іспаніі. Я ім скінуў спасылку, яны глядзяць гэтыя дакументы і падаюць іх самастойна (патрабаванні па фінансавых гарантыях сапраўды прапісаныя на сайце візавага цэнтра, але Аліна сцвярджае, што спасылкі ад кансультанта не атрымлівала. — Заўв. рэд.). Правярае там дакументы візавы цэнтр — яны ўсё прынялі, усё ў парадку, разумееце? Таму я не бачу ніякіх падставаў [для прэтэнзій да мяне]. Яны падалі дакументы, потым ім нібыта патэлефанавалі з візавага цэнтра і сказалі, што ў іх маленькая выпіска (гаворка пра суму на рахунку. — Заўв. рэд.). Але людзі падавалі і з меншымі. Гэта проста іх словы.
Калі так з прафесійнага пункту гледжання казаць, усе атрымліваюць візы, акрамя гэтых людзей. Нешта ў іх там не тое, пры тым што спачатку яны пра гэта самі гаварылі, а потым сказалі, што гэта ў нас праблемы з дакументамі. Ну, кажу, гэта вашае меркаванне, мы яго паважаем, але, на жаль, нічым дапамагчы не можам.
— У Іспанію іншыя атрымліваюць візы, няма праблем?
— Так. Са жніўня, напэўна, толькі ў гэтых людзей адмова.
— Вы ў пачатку размовы сказалі, што з візамі складана — у асноўным адмовы.
— Усё правільна. Па Іспаніі усё ў парадку. Па Грэцыі — скажам, 50 на 50.
— У адмове з нагоды выдачы грэцкага шэнгена гаворыцца, што няправільна пададзеная інфармацыя пра мэты і ўмовы паездкі. Пад гэтае вызначэнне трапляе запаўненне дакументаў і афармленне броні гатэляў і білетаў, чым займаецеся вы. Выходзіць, вашая адказнасць усё-такі ёсць?
— Глядзіце. Па-першае, не пазначана, што інфармацыя [недакладная] менавіта па броні. Самі разумееце, гатэль і білеты на самалёт забраніраваныя — не выкупленыя. Гэта стандартны пакет дакументаў, усе так падаюць — усё ў парадку. Калі яны лічаць [што рэч у гэтым] - гэта іх меркаванне. Мы запісалі іх на Грэцыю бясплатна. Хацелі як лепш — яны ўсё роўна засталіся незадаволеныя. Што зрабіць? Такое жыццё, скажам так.
Мы таксама апісалі прадстаўніку кампаніі выпадак Вікторыі, дзе ў анкетах, па словах жанчыны, былі памылкі. Дзмітрый спачатку сказаў, што не памятае гэтага выпадку і ніхто да яго не звяртаўся. Пасля таго як пачуў, што ў рэдакцыі ёсць скрыншоты перапіскі, а таксама прагучалі прозвішчы, успомніў кліентку.
— Яны таксама былі папярэджаныя, але, на жаль, атрымалі адмовы.
— Яны кажуць, што пытанне было ў вашай працы. Што вы дапускалі шмат памылак падчас запаўнення анкет.
— Скажам так, мне цяжка каментаваць, бо з памылкамі анкеты не прымаюць. Я іх не падаваў сам. Глядзіце, адбываецца наступным чынам: чалавек сам скідвае нам анкетныя дадзеныя, мы іх проста пераносім у анкету, гэтыя дакументы аддаюцца людзям на праверку, яны іх правяраюць і падпісваюць. Бывае рознае. Памылкі — гэта чалавечы фактар. Калі такое здараецца, у візавым цэнтры, за даплату анкету перарабляюць. У прынцыпе, і ўсё.
— Вы ў такім выпадку кампенсуеце хаця б нейкую частку грошай, калі людзі ўсёй кампаніяй атрымліваюць адмовы?
— Мы за візавую падтрымку нічога не вяртаем, таму што плацім грошы рэгістратарам за рэгістрацыю і вярнуць гэтыя сродкі не можам. Пра гэта чалавек адразу папярэджваецца. Гэта па Грэцыі, таму што там 50 на 50. Што да консульскага і візавага збору — мы таксама папярэджваем, што не робім гэтыя звароты, таму што гэтыя грошы не бяром. Людзі, якія згаджаюцца, разумеюць, што ад пачатку ідуць на рызыку.
— Шмат да вас звяртаецца людзей па візы, якія потым атрымліваюць адмову і скардзяцца?
— Па Грэцыі — скажам, у нас была група вялікая, практычна ўсе атрымалі адмовы. Усе былі папярэджаныя, таму нам скаргаў афіцыйна ніхто не выказваў.
Пасля гэтай размовы мы яшчэ раз звязаліся з Алінай з нагоды словаў Дзмітрыя пра тое, што нібыта ў яе і яе сяброў былі адмовы з пасольстваў раней, да супрацоўніцтва з ім.
— У двух чалавек з нас раней былі візы, але скончыліся. Я іх не адкрывала наогул ніколі. А чацвёрты хлопец дзесьці год таму падаваўся на амерыканскую, і яму тады адмовілі. Але тут вы самі разумееце — візу ў ЗША адкрыць складана. Але на гэтым усё, больш ніхто з нас нікуды не падаваўся, — адказала дзяўчына і нагадала, што другі раз дакументы кампанія падавала асобна, і візы не далі нікому.
Яна дадала, што за апошні тыдзень не змагла звязацца з Дзмітрыем — супрацоўнік фірмы, па яе словах, перастаў адказваць на званкі. Дзяўчына звярнулася да юрыста і разам з ім склала дасудовую прэтэнзію, у якой папрасіла вярнуць ёй грошы за паслугу, а таксама кампенсаваць страты на дарогу і юрыдычную дапамогу. Заказным лістом прэтэнзію адправілі 8 снежня. Дзмітрый у гутарцы з «Люстэркам» адзначыў, што нічога не атрымаў.
— Рэакцыі ад фірмы з таго часу няма. У сераду я схадзіла на пошту, і там мне сказалі, што паштальён хадзіў па адрасе, але ліст не быў уручаны. Магчыма, яны яго не забралі, — расказала Аліна, яна думае над тым, каб звярнуцца ў суд.