Мінчанка Крысціна Івашына ніколі не грала на скрыпцы, не малявала, затое «любіла жалеза». Да 31 года яна не ўдзельнічала ні ў якіх спаборніцтвах, але ўсё-такі вырашыла кінуць сабе выклік і падрыхтавацца да турніру па бодзібілдынгу. Трэнер, ацаніўшы амбіцыйную пачаткоўку, сказаў без энтузіязму: «Да першага старту займацца табе мінімум паўтара года». Гэты тэрмін тады здаваўся вечнасцю. І ўсё ж Крысціна рызыкнула. У кастрычніку 33-гадовая беларуска стала пераможцай у катэгорыі «Бікіні» ў Кубку па бодзібілдынгу і фітнесу, які праходзіў у Тбілісі.
Калі вы думаеце, што дзяўчына-бодзібілдар мусіць выглядаць як Арнольд Шварцэнэгер, адкрыйце Instagram Крысціны. А цяпер, калі ваш свет стэрэатыпаў бурыцца і зямля, здаецца, знікае з-пад ног, спартоўка ўсё тлумачыць:
— У жаночым бодзібілдынгу ёсць некалькі катэгорый. Мая называецца «Бікіні». У адрозненне ад складанейшых катэгорый, дзе трэба мець вялікія аб’ёмы мышачнай масы, «Бікіні» — гэта хутчэй пра жаноцкае, але кампазіцыйна аформленае і прапрацаванае цела.
Цяпер Крысціна жыве ў Грузіі. Сюды праз Малдову яна ўцякла ад вайны ва Украіне. Да гэтага яе выратавальны маршрут быў з Мінска ў Кіеў. Здарылася гэта яшчэ ў 2020-м. У Беларусі дзяўчына ўзначальвала маркетынгавае агенцтва, часам хадзіла ў трэнажорку. З бодзібілдынгам яе мала што звязвала. Хіба што «ўзяць на плечы 50 кілаграмаў і з імі прысесці» ёй заўсёды здавалася лягчэйшым, чым «зрабіць на фітнесе 150 прытопаў».
Пасля выбараў Крысціна і яе хлопец «настолькі не маглі маўчаць», што яшчэ ў жніўні ім прыляцела папярэджанне: «Нядрэнна б вам з’ехаць, і лепш хутчэй». Праз дзень яны ўжо сустракалі світанак ва Украіне. У руках па чамадане, у кішэнях вецер, а ў галаве пытанне: «Як пачынаць жыццё з пачатку?»
— Мы знялі кватэру ў Кіеве і пачалі ўладкоўвацца. Восенню я захварэла на каранавірус. Кавід быў складаны і доўжыўся два тыдні. Потым яшчэ на два месяцы расцягнулася рэабілітацыя. Увесь гэты час я сябе шкадавала, карміла смачным. У выніку ў нейкі момант паглядзела ў люстэрка і жахнулася: «Не хапала мне стрэсу ад эміграцыі, змены працы і кавіду, цяпер яшчэ і вось гэтае цела», — ужо са смехам успамінае Крысціна. — На роўным месцы я паправілася на чатыры кілаграмы. Пры маім росце 158 сантыметраў гэта было вельмі заўважна.

Праблеме патрабавалася тэрміновае рашэнне. Пайсці ў залу дзяўчына не магла. Па-першае, варта было лепей адысці пасля хваробы, па-другое, грошай на заняткі ў яе не было.
— Нягледзячы на тое, што працу я знайшла праз два тыдні пасля пераезду (IT-кампанія наняла мяне брэнд-менеджарам), мы з хлопцам працягвалі зводзіць канцы з канцамі. Праз кавід наша фінансавая падушка сябе вычарпала яшчэ да эміграцыі, а ўладкаванне на новым месцы ўвагнала ў даўгі. Доўгі час мы жылі на адну зарплату, пры гэтым выплачвалі лізінг і разлічваліся са сваякамі і сябрамі, — тлумачыць Крысціна.
Тры месяцы кожны дзень прыкладна гадзіну дзяўчына практыкавалася дома. Нешта глядзела на YouTube, падымала запісы заняткаў са сваім мінскім трэнерам. Асаблівую ўвагу надавала вывучэнню дыеталогіі. Вясной непатрэбныя кілаграмы пачалі сыходзіць. Даўгі былі закрытыя, фінансава пары стала лягчэй, і нарадзілася ідэя: пажыць у Адэсе. У сакавіку яны пераехалі ў горад ля мора. Прыкладна на гэтым этапе Крысціна вырашыла заняцца бодзібілдынгам. Прычым не проста «качацца», а «кінуць сабе выклік» і паўдзельнічаць у турніры. Навошта?
— Я хацела паставіць сабе мэту, каб у мяне быў умоўны фініш, як у любога спартоўца, ці наадварот — мяжа, пасля якой я змагу вырашыць: бодзібілдынг для мяне часовая забаўка або сур’ёзны занятак на пэўным этапе жыцця, — тлумачыць яна.
Акрыленая сваёй ідэяй, Крысціна знайшла трэнера, які рыхтуе чэмпіёнак, і паехала да яго з выразным запытам. І тут здарылася крыўднае. Настаўнік ацаніў яе фізічную форму сумнай фразай «звычайны дрышч». Але, каб не зусім крыўдна было, даў зразумець: «З пункту гледжання звычайнай жанчыны ты выглядаеш нядрэнна, але як спартоўка — нулявая». Далей ішоў вердыкт: «Да першых спаборніцтваў табе трэніравацца мінімум паўтара года».
— Для мяне гэтая лічба была чымсьці неверагодным. У мяне няма дома, у жыцці і прафесійным плане ўсё таксама незразумела, і тут я стаўлю сабе нейкую мэту на паўтара года, — не хавае эмоцый суразмоўніца. — Гэта палохала, але я вырашыла вырасці над сваімі страхамі і рызыкнуць. Калі шчыра, не думала, што ў мяне нешта атрымаецца. Нават нікому пра гэтую ідэю не расказвала, проста займалася.
План быў такі: зала чатыры-пяць разоў на тыдзень і, паколькі Крысціне трэба было набіраць мышачную масу, пяціразовае харчаванне. Яна смяецца: часам стамлялася жаваць. Есці трэба было вялікія порцыі кашаў, мяса і гародніну.

— На трэніроўках і спартыўным харчаванні да снежня я дадала 10 кілаграмаў і аж заўважыла, як стала вялікай. Але такой вялікай я сабе падабалася, — усміхаецца суразмоўніца.
А далей здарылася 24 лютага. «Усе пабеглі», і Крысціна з хлопцам таксама. Праз тры дні яны былі ў Малдове, а яшчэ праз дзесяць — у Грузіі.
«Апошні месяц на сувязі з трэнерам былі штодня»
Каляндар паказваў сакавік 2022-га. Грузія сустракала высокімі цэнамі на жыллё і праблемай гэта жыллё арандаваць. Дзесяць дзён, пакуль Крысціна з хлопцам шукалі прыдатную кватэру, туліліся ў сяброў, у хостэлах і гатэлях. Калі дзесьці спыняліся больш чым на дзве ночы, дзяўчына глядзела паблізу трэнажорку і ішла туды. Кажа, гэта дапамагала зазямляцца.

— Як толькі мы знялі стабільную кватэру, я ў поўным аб’ёме вярнулася ў залу, але ўжо з іншым трэнерам. Цяпер займаюся анлайн з беларусам, — расказвае суразмоўніца. — Не скажу, што ў Тбілісі з часам жыццё моцна наладзілася. Тут у мяне няма адчування дома. Здаецца, вось-вось адсюль паеду. У такіх сітуацыях, каб не страціць сувязь з рэальнасцю, трэба хоць нешта стабільнае. Пасля таго як мы з маладым чалавекам рассталіся, для мяне гэтым стабільным застаўся толькі спорт.
Новы трэнер памяняў план заняткаў. Крысціна пачала працаваць сплітамі (чытай — цыкламі) па дзесяць дзён: з іх усяго тры былі выходнымі. Харчаванне выраўнялі да сутачнай нормы — 1800−2000 кілакалорый. Пры гэтым вага пачала сыходзіць, і спартоўка працавала ўжо «над канкрэтнымі формамі».
Паўтара года суровых заняткаў падыходзілі да канца. Інструктар нагадаў: час падумаць пра спаборніцтвы. Пачала даведвацца, дзе пройдзе найбліжэйшы чэмпіянат. Аказалася, у кастрычніку ў Тбілісі. На яго і зарэгістравалася.
— У ліпені мой псіхалагічны стан дасягнуў крызіснага піку. Я зразумела, што хачу нешта змяніць у жыцці, і злавіла сябе ў статусе «Крысцінка, 32 гады, што я хачу рабіць, калі вырасту?» Зразумела, што прывыкла займацца толькі тым, што ўмею, але даўно гэтага не хачу, — апісвае свой тагачасны стан беларуска. — Мяняць галіну было страшна, але я ўсведамляла: калі не сфармую ў галаве, ад чаго хачу атрымліваць грошы і задавальненне, псіхалагічна магу выгараць канчаткова. У выніку я звольнілася з працы.
У адной частцы жыцця нешта сышло, у іншай — прыйшло: з ліпеня колькасць трэніровак павялічылася. Дадалося кардыа, плюс заняткі сталі больш інтэнсіўнымі. Напрыклад, калі звычайна Крысціна рабіла разміначны падыход і тры рабочыя, то цяпер рабочых было ўжо пяць. А яшчэ яна пачала займацца з інструктарам па позінгу. Таму, як паводзіць сябе на сцэне, мінчанку вучыла чэмпіёнка свету 2020 і 2021 года ў катэгорыі «Бікіні (майстры)».
— Калі цягам паўгода мы з асноўным трэнерам стэлефаноўваліся два-тры разы на тыдзень, то апошні месяц былі на сувязі штодня, — расказвае Крысціна. — Ён пытаўся пра самаадчуванне, я дасылала яму свае фота і відэа. Ён глядзеў, дзе якая мышца не раскрылася, дзе аб’ёму не хапае, і казаў, як гэта выправіць.
Стражэйшай рабілася і дыета, порцыі зразаліся. З харчаваннем, адзначае дзяўчына, у бодзібілдараў наогул усё вельмі сур’ёзна: у 95% выпадкаў ты павінен есці толькі тое, што можна, і заўсёды лічыць калорыі. Зрывы здараюцца, але спартоўка падыходзіць да іх адказна.
— Хочаш булку — з’еш, але не рабі з гэтага выснову, што час спыняць свой трэніровачны шлях, — разважае яна.
Самыя сур’ёзныя абмежаванні пачаліся за 10 дзён да чэмпіянату, калі стартавала прасушка арганізма. Трэба было, каб сышла міжклеткавая вадкасць. Як гэта робяць, Крысціна не расказвае, толькі прызнаецца: апошнія дні два амаль не піла вадкасцяў. Раніцай перад спаборніцтвамі можна было адно эспрэса.
— І хоць да гэтага, бывала, я адчувала слабасць, у дзень турніру я прачнулася вельмі зараджаная, — успамінае яна.
«Калі забіць на тое, як ты пра сябе думаеш, а проста дзейнічаць, гэта прывядзе да выніку»
Кубак праходзіў 30 кастрычніка. Конкурс, да якога Крысціна рыхтавалася амаль два гады, доўжыўся ўсяго каля 15 хвілін. Беларуску, якая, дарэчы, была тут адзінай іншаземкай, гэта не засмуціла. Тым больш у яе аказалася першае месца. Хоць гэта не стала нечаканасцю. Яшчэ пакуль яна сядзела ў грымёрцы, усе, хто заходзіў у памяшканне і бачыў яе, казалі: «Гэтая дзяўчына забярэ золата».

— На такіх спаборніцтвах усё адразу відаць па форме. Да таго ж я была больш падрыхтаваная: досыць прасушаная, з прапрацаванымі групамі мышцаў і прыгожым жаноцкім позінгам. Некаторыя дзяўчаты нават з добрым целам пазіраваць не ўмелі. Пра што думала, калі зразумела, што выйграла? Адчувала, што ў мяне атрафаваліся мышцы і я вельмі хачу піць, — жартуе яна. — Пасля чэмпіянату трэба аднавіць водна-солевы баланс. Літр «Набеглаві», які я выпіла, калі сышла са сцэны, быў самым смачным у свеце.
Далей трэба было адмыцца ад сцэнічнага грыму, які наносяць, каб мышцы выразней глядзеліся. Задача аказалася няпростай і да канца была выкананая толькі праз тыдзень. Хоць, кажа Крысціна, «самы бруд» сышоў пасля першага душа са скрабам.
— Потым мы паехалі абедаць у азіяцкі рэстаран. Я з’ела найсмачнейшы рыс з гароднінай і курыцай і адчула дзіўны і новы для мяне стан, калі ежа ап’яняе, — успамінае суразмоўніца. — Ад знясілення і абязводжвання арганізм пачаў прымаць вугляводы па-іншаму. Цікава, падумала я, пра гэта нас не папярэдзілі.
У той дзень Крысціна легла спаць сытая і шчаслівая. Два наступныя дні яна адпачывала. Тады ж выразна зразумела, што працягне трэніравацца. Наступная мэта — міжнародныя спаборніцтвы.
— Ведаю, што магу змагацца далей, у мяне ёсць патэнцыял. А галоўнае — я ўсвядоміла: калі забіць на тое, як ты пра сябе думаеш, а проста дзейнічаць, то гэта прывядзе да выніку.
— Дарэчы, трэніравацца да такіх спаборніцтваў дорага?
— Давай палічым. Каб выйсці на сцэну — купіць купальнік, зрабіць прычоску, макіяж і гэтак далей, — я патраціла прыкладна 740 даляраў. Два трэнеры ў месяц цягнулі на 200 даляраў, харчаванне — 500−700 даляраў. Плюс БАДы. Апошнія два месяцы ў мяне на іх ішло каля 100 даляраў за тыдзень.
— Вялікая сума для чалавека без працы.
— Я сышла з невялікай фінансавай падушкай і разуменнем, што магу дазволіць сабе падрыхтавацца да спаборніцтваў.
— Што будзе, калі ты перастанеш трэніравацца?
— Нічога, мышцы аслабнуць, вернуцца да «базавых» наладак. Калі пры гэтым захоўваць кантроль над харчаваннем, то візуальна, калі глядзець на мяне ў вопратцы, нічога не зменіцца.
— І апошняе. Ты казала, што пасля кубка мусіш вырашыць не толькі тое, ці заставацца ў спорце, але і як далей быць са сваім жыццём. Што надумала?
— Што паеду на Балі, хачу там асталявацца. А чым займацца, канчаткова яшчэ не сфармавала. Разумею, што выжыву пры любым раскладзе, бо нават у спорце я ўжо пераплюнула свае чаканні.