У Мінскім Свята-Елісавецінскім манастыры расійскім вайскоўцам збіраюць дапамогу і пішуць ім лісты з тэкстам «Дорогому солдату из Белоруссии». Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал «Хрысціянская візія». Мы патэлефанавалі манашцы, якая кіруе валанцёрскім рухам, і спыталі, чаму царква падтрымлівае вайну, а не заклікае яе спыніць.
У манастыры адкрылі праект «Дапамога братам», валанцёрскай групай кіруе мясцовая манашка Аляксандра. На фота з тэлеграм-канала «Хрысціянская візія» бачныя плакаты, на якіх вернікам прапануюць падтрымаць вайскоўцаў некалькімі спосабамі: прынесці цёплыя рэчы са спісу, пералічыць грошы «ў скарбонку» або купіць тэматычную паштоўку і напісаць ліст.
Гаворыцца таксама, што групу стварылі ў жніўні 2022 года «з ініцыятывы і блаславення духоўніка манастыра протаіерэя Андрэя Лемяшонка».
«Мінскі манастыр цягам многіх гадоў займаўся гуманітарнай дапамогай Данбасу: кіраўніком кірунку быў прызначаны пісьменнік Мікалай Гаўрылаў. Аднак гэтыя зборы дэклараваліся як дапамога „мірным жыхарам“. Але са жніўня 2022 года манастыр перастаў хаваць свой удзел і ў зборы сродкаў расійскім вайскоўцам», — сцвярджае «Хрысціянская візія».
«У Беларусі людзі яшчэ нямоцна неяк адгукаюцца, у такім рэжыме сонным, хтосьці — наадварот, у супрацьдзейным рэжыме»
Журналістка «Люстэрка» патэлефанавала сястры Аляксандры і папрасіла расказаць пра праект. Жанчына адразу ўдакладніла, што ў Мінску праект працуе як дапамога маскоўскім валанцёрам з групы «Дапамога братам»:
— У Маскве ёсць матухны, якія ездзяць у прыфрантавую зону і дапамагаюць у асноўным шпіталям, ну і нейкім падраздзяленням, якія знаходзяцца ў ДНР і ЛНР. Яны з імі на сувязі, збіраюць усё, што неабходна. Усе выкладваецца ў нашым тэлеграм-канале — што мы купляем, што неабходна. Там можна ўсё пачытаць.
Па тэлефоне Аляксандра не паведаміла назвы тэлеграм-канала праекта — паабяцала скінуць спасылку ў вайберы, але яе мы так і не атрымалі. З падобнай назвай ёсць расійскі тэлеграм-канал — «Помощь братьям (спецОперация)», дзе згадваецца дапамога ад Свята-Елісавецінскага манастыра.
— Яны [спачатку] прасілі ад нас малітвы за рускіх воінаў — яны яшчэ спісы дасылаюць, за каго памаліцца: хто паранены, хто ў палоне, дзесьці нешта яшчэ. Мы адразу пачалі маліцца, а потым сталі перадаваць тое, што ў нас было ў манастыры такое лішняе, — лекі нейкія, рэчы. А далей неяк людзі пачалі адгукацца, і мы ўжо вырашылі ім перадаваць усё, што ёсць, — грошыкі, лісты ім пішам.
— Я спачатку падумала, што гэта дапамога мірнаму насельніцтву. Не чакала, што вайскоўцам.
— Ну, рэч у тым, што гэтых [маскоўскіх] сясцёр адразу блаславілі даглядаць параненых воінаў. І ведаеце, калі людзі выпісваюцца адтуль, ім таксама патрэбныя нейкія рэчы. А потым яны пазнаёміліся, таму туды вярталіся [на фронт] і сталі ім дапамагаць. Мірнаму насельніцтву [дапамагаць] - гэта трэба арганізоўваць асобную групу. Я ўжо думала пра гэта, але мы не можам гэтым займацца. Мы і па праекце «Дапамога братам» проста перадаём сёстрам у Маскву тое, што тут у Беларусі сабралі. Гэта раз на два тыдні.
Манашка Аляксандра патлумачыла, што ў манастыра няма магчымасці арганізаваць асобную групу на збор дапамогі і мірнаму насельніцтву — «трэба чалавек 10 хаця б, трэба збіраць гэтыя рэчы, перакамплектоўваць, падпісваць, знаходзіць, дзе захоўваць, патрэбныя машыны вялікія, каб гэта вазіць». І прапанавала, калі ёсць жаданне, заняцца гэтым кірункам «мірскім людзям».
— Нам у манастыр гуманітарку пастаянна ахвяруюць, але там усё трэба перабіраць, глядзець. Натуральна, [на Данбас] трэба везці рэчы па сезоне — абутак на абцасах, модныя курткі людзям у ваенных умовах не пакладзеш жа. Мужчынскага адзення ахвяруюць вельмі мала. Усё, што да нас нясуць, размяркоўваецца па людзях, інтэрнатах, дзіцячых дамах, падворках, ад якіх у нас запыты. Іх нам таксама трэба забяспечваць.
Бывае, людзі пачулі дзесьці, што мы збіраем нешта на фронт, і прыходзяць: «Мы хочам перадаць абутак ці швэдры». Але ў прынцыпе ў Беларусі людзі яшчэ нямоцна неяк адгукаюцца — у такім рэжыме сонным, а хтосьці — наадварот, у супрацьдзейным рэжыме. Мы хочам дапамагчы і дапамагаем чым можам. Пакуль падключыліся да сясцёр з Масквы, таму што мы іх ведаем. Яны ўсё камплектуюць, падпісваюць: што на адзін шпіталь, што на другі, каму на выпіску, што ў прыфрантавыя падраздзяленні нейкія. Нам паступаюць сумы, рэчы па спісе — мы перадаём туды, — кажа Аляксандра.

«Украінскі салдат, рускі салдат, беларускі салдат — гэта ўсё адно і тое ж. Хіба для вас не?»
— Царква ж павінная не падтрымліваць вайну, а, наадварот, спрабаваць яе спыніць. А вы дапамагаеце расійскім вайскоўцам.
— Ну, разумееце, царква заўсёды была… што значыць падтрымліваем ці не падтрымліваем? Мы таксама не падтрымліваем вайну — проста дапамагаем сёстрам, якія займаюцца менавіта дапамогай людзям, што жывуць у нястачы цяпер. Мы ж не падтрымліваем нейкія ваенныя дзеянні ці нешта яшчэ — мы ж пра гэта нічога не гаворым і не робім, разумееце? Царква заўсёды была за свой народ. Рускі народ цяпер знаходзіцца, напэўна, у стадыі нейкай абароны або вайны. І царква, натуральна, дапамагае тым, хто жыве ў нястачы, робіць усё, што яны просяць. Разумееце, мы дапамагаем тым, хто ў нас просіць.
— Рускі народ мог проста заставацца дома і не ісці ва Украіну. Тады не трэба было б нікому дапамагаць.
— Сястрычка, мы цяпер гэтыя пытанні абмяркоўваць не будзем (смяецца). Я нават не буду задумвацца. Гэта пытанне да рускіх людзей — яно не нашае. Мы ведаем канкрэтную групу, якая дапамагае ў шпіталях, прыфрантавых месцах на тэрыторыі Расіі. Яны робяць вялікую справу, таму што там умовы досыць жорсткія, людзям патрэбная дапамога. І мы дапамагаем менавіта сёстрам, якія дапамагаюць гэтым людзям. Яны ж не вайне там [дапамагаюць] - вы трошкі ўжо ўтрыруеце гэтую сітуацыю.
— Вы ж украінскім вайскоўцам не збіраеце дапамогу, а яны таксама там пакутуюць.
— Ну, калі б была магчымасць, мы адпраўлялі б, напэўна, любому чалавеку, які мае патрэбу. Украінскі салдат, рускі салдат, беларускі салдат — гэта ўсё адно і тое ж. Хіба для вас не? Русь, Украіна, Беларусь — хіба не адны і тыя ж людзі? Калі б, вядома, украінскі салдат меў патрэбу ў нейкім абутку, швэдры, мы б яму перадалі. Мы ж не перадаём аўтаматы або нешта яшчэ аднаму ці іншаму боку. Разумееце, вайскоўцы — яны людзі, у іх такая прафесія. Мы выконваем свой абавязак, а яны выконваюць свой абавязак. Проста калі чалавек босы, галодны ці халодны, мы ўсім, вядома, дапамагаем. Украінскі бок жа да нас не звяртаецца па дапамогу!
— Чаму б вам не заклікаць расійскіх вайскоўцаў спыніць вайну?
— Царква заўсёды заклікала і заклікае вырашаць усё мірным шляхам. Мы да гэтага заўсёды заклікаем, разумееце? Я ж кажу: калі ў вас ёсць знаёмыя з боку Украіны і вы можаце перадаць туды нейкія цёплыя рэчы, лекі — калі ласка, прыязджайце, мы ўсё дамо, што ў нас будзе. Для нас няма розніцы: рускі, украінскі ці беларускі салдат. Усе — нашы родныя людзі. Што там паміж імі адбываецца — цяпер гэта вельмі складана, мы ў гэта не [лезем], няхай самі разбіраюцца. Мы молімся, каб гэтыя ваенныя дзеянні спыніліся, і хочам усім дапамагчы.
— Вы на лістах пішаце «дарагому салдату». Калі б не падтрымлівалі вайну, вы, напэўна, не пісалі б так. Яны ж там забіваюць людзей.
— (Паўза) Людзей забіваюць з аднаго, і з другога боку. Разумееце, вы прыедзьце, можа, у манастыр, мы з вамі тут пагаворым. Па тэлефоне вельмі складана гэта казаць — вельмі доўгая размова. Трэба час нейкі на гэта, у вас вельмі шмат пытанняў.
— У мяне вельмі простае пытанне. Я здзіўленая, што царква падтрымлівае вайну.
— Мы не падтрымліваем вайну — гэта ваша версія. Мы дапамагаем людзям, якія жывуць у нястачы. Мы не збіраем на нейкую зброю, не хочам, каб яны ваявалі. З аднаго і з другога боку — гэта нашы браты. І ўкраінцы, і рускія. Там ёсць беларусы. Мы не падтрымліваем вайну — дзе пра гэта гаворыцца?
У тэлеграм-канале «Помощь братьям (спецОперация)» карыстальнік, падпісаны як манашка Яўгенія, у пачатку кастрычніка выклаў фота сабраных грошай і падзякаваў за ахвяраванне сёстрам Свята-Елісавецінскага манастыра: «Цяпер у нас у планах пакупка некалькіх цеплавізараў (без прыцэлу). Ніяк без іх не абысціся хлопцам. Вайна тэхналогій ідзе».
Таксама ў групе выклалі відэа (яго можна паглядзець ніжэй), дзе мужчына ў вайсковай форме дзякуе за перададзеныя рэчы, лекі, ахвяраванні на «сродкі бронеаховы» і каску. У гэтым пасце таксама згаданы мінскі Свята-Елісавецінскі манастыр — яму дзякуюць за аказаную дапамогу (як і Салавецкаму мужчынскаму манастыру).
— Накіроўваючы грошы расійскім салдатам, вы падтрымліваеце тое, каб яны і далей забівалі ўкраінцаў, якія на гэтай вайне абараняюць сваю зямлю.
— Я яшчэ раз кажу: мы не збіраем на зброю — мы збіраем на голых, босых людзей, якія маюць патрэбу ў леках, разумееце? І тое, што цяпер на прыфрантавой тэрыторыі мірскія людзі таксама маюць патрэбу, гэтая дапамога ў тым ліку ідзе і ім. Таму што любы рускі салдат, няважна, украінец ён па нацыянальнасці, беларус, расіянін, — ён усё роўна, калі нешта ў яго будзе ляжаць у аптэчцы, [аддасць мірным]. Вось уявіце: прыходзіць да нас чалавек, просіць паесці ці даць вопратку. Можа, ён у вас нешта скраў ці кагосьці забіў — мы ж пра гэта не пытаем у яго. Чалавек босы і галодны — мы што, не павінныя яго карміць ці не павінныя апранаць?
— Вы казалі, што маліліся за вайскоўцаў. Толькі за расійскіх?
— Вядома, мы молімся за ўсіх. Усе імёны, якія дасылаюць, — мы не высвятляем, хто гэта, і молімся за ўсіх. Молімся за тое, каб людзі перасталі забіваць адно аднаго, каб скончылася вайна. Калі ласка — пішыце спісы, — прапанавала Аляксандра. — Калі вам патрэбная дапамога ці салдатам, якія знаходзяцца з украінскага боку, — прыязджайце, пішыце. Для нас няма розніцы. Мы не дапамагаем нічым ваенным, зброяй, а апрануць, абуць, накарміць — гэта калі ласка.