Як нядаўнія цэнавыя змены адбіліся на будаўнічай сферы, высветліў партал Realt.
Удзень 27 кастрычніка ў «Мацерыку» ў інфакіёску кажуць, што нічога незвычайнага з цэнамі не адбываецца, ні пра якія масавыя змены цэн не чулі. Але кансультанты ў гандлёвай зале прызнаюцца, што цэны цяпер зніжаюцца.
— Не скажу наконт таго, як будзе далей, але найбліжэйшым часам павышэння дакладна не будзе, — кажа супрацоўніца крамы. — Так што калі вам нешта трэба, то цяпер нядрэнны час для пакупак.
— Нешта не бачу асаблівай розніцы, — кажа незадаволены мужчына ва ўзросце, які разглядае будматэрыялы.
Realt параўнаў некалькі пазіцый: з таго, што дакладна патаннела — шпалеры і плітка. Так, напрыклад, упакоўка пліткі Bosco Verticale з 6 штук у ліпені прадавалася за 69 рублёў 33 капейкі, а 27 кастрычніка яе цана — 62 рублі 22 капейкі. Плітка пад дрэва Wood Love патаннела амаль на 20 рублёў: улетку ўпакоўка з 4 штук каштавала 103 рублі 68 капеек, цяпер прадаецца крыху даражэй за 85 рублёў. Яшчэ адна пазіцыя — керамаграніт Winston. Упакоўка з 2 штук прадаецца за 85 рублёў 68 капеек замест 110 рублёў (такая цана была ў канцы чэрвеня).
Рулон шпалер з малюнкам, які сёння можна купіць за 41 рубель, некалькі месяцаў таму каштаваў больш за 49 рублёў.
На паліцах ёсць тавары, якія прадаюцца са зніжкамі. Але дысконтная праграма ў краме з 27 кастрычніка не дзейнічае.
— Сумы пакупак, назапашаныя да моманту прыпынення дзеяння дысконтных праграм, захоўваюцца на рахунку дысконтных карт для далейшага выкарыстання пры аднаўленні дзеяння дысконтных праграм, — напісана на сайце.
«Цэны знізілі на частку асартыменту на 5−15%»
Realt пацікавіўся меркаваннем пра змены ў прадпрымальніка, які прадае матэрыялы для вонкавага аздаблення на опт і розніцу.
— Цяпер якраз канец сезона і ажыятажу ўжо няма, вялікіх змяненняў цэн таксама няма, але ў нас ад пачатку не было ніколі нацэнак у 300%, частка матэрыялаў (цеплаізаляцыя, драўняна-стружкавыя матэрыялы) і так праз багатую канкурэнцыю і дэмпінг прадавалася ў 0,5−5% прыбытку ад цаны завода-вытворцы. Больш маржынальныя прадукты, за кошт якіх выжывалі, як прадаваць, не вельмі зразумела, давялося падзяліць продаж дылерам па безнаяўным разліку і за гатоўку (другім даражэй). Цэны знізілі на частку асартыменту на 5−15%, але затое адмянілі зніжкі, таму ў цэлым тое на тое і выходзіць, сутаргава дапрацоўваецца 1с пад кожнае змяненне, каб самім не сесці і кліентаў не пасадзілі. Большую частку прадавалі тавараў у опт праз дылерскую сетку — вельмі шмат кліентаў адвалілася, чакаюць зразумелых умоваў. Цяпер рабіць зніжкі дылерам не можам і не можам прапанаваць таму, хто бярэ 3 фуры ў месяц, лепшыя ўмовы, чым рыначнік, які закупляецца на 100 рублёў. Незразумела, як уводзіць новы асартымент, адправілі запыты ў МАРГ.
Як беларускія ўлады спрабавалі ўтаймаваць цэны
6 кастрычніка на нарадзе па эканамічных пытаннях Аляксандр Лукашэнка заявіў пра забарону на павышэнне любых цэн у краіне. У той жа дзень ён даручыў ураду да 20 кастрычніка зацвердзіць новы парадак іх рэгулявання. Адказнай прызначыў старшыню Савета Рэспублікі Наталлю Качанаву.
Пасля забароны на рост цэн Дзяржкантроль анансаваў маштабныя рэйды па крамах і жорсткую рэакцыю аж да крымінальных справаў. Да рэйдаў падключыліся не толькі прадстаўнікі КДК, але таксама прафсаюзы і дэпутаты.
Пасля гэтага за павышэнне цэн распачалі дзясяткі крымінальных справаў. У Баранавічах пад «крыміналку» трапіў намеснік дырэктара гандлёвага аб’екта, які павысіў на 13% цану на адзін з харчовых тавараў. У Гомелі крымінальную справу завялі на прыватную кампанію, якая перапрадавала гародніну і садавіну бюджэтным арганізацыям з аптовымі надбаўкамі да 300 працэнтаў.
14 верасня стала вядома, што КДК Брэсцкай вобласці разам з фінансавай міліцыяй палічылі неабгрунтаванымі зніжкі, якія «Бярозаўскі мясакансервавы камбінат» падаваў гандлёвым сеткам. Шкода, якую зніжкі нанеслі мясакансерваваму камбінату, склала 500 тысяч рублёў.
Акрамя таго, Камітэт дзяржкантролю распачаў крымінальную справу за павышэнне цэн у сетцы крамаў «Суседзі». Дырэктар кіраўнічай кампаніі затрыманы.
19 кастрычніка ўрад нарэшце прыняў новую пастанову аб рэгуляванні цэн. У ёй пералічаныя 370 відаў тавараў: ад харчавання і адзення да аўтамабіляў і разнастайнага абсталявання. Уводзяцца гранічныя надбаўкі для імпарцёраў і ўнутранага гандлю. Яны вагаюцца ад 15% да 60%. Павышэнне адпускных цэн, згодна з пастановай, неабходна ўзгадняць з дзяржорганамі. Ёсць і абмежаванні па бартары. З 1 студзеня 2023 года такія ўгоды без дазволу можна заключаць толькі ўнутры холдынгаў або на экспарт. Усё астатняе — толькі з дазволу ўладаў.
Пры гэтым на прэс-канферэнцыі, якая адбылася пасля прыняцця новага дакумента, чыноўнікі ў цэлым пераказалі яго змест, а калі бізнес, які таксама прыйшоў на прэс-канферэнцыю, пачаў задаваць канкрэтныя пытанні, то ўзніклі цяжкасці. На некаторыя пытанні ўлады не змаглі даць выразных і адназначных адказаў. А асобныя тлумачэнні выклікалі новыя пытанні.