Вайсковыя зборы асабліва моцна пачалі трывожыць беларусаў апошнім часам — на фоне мабілізацыі ў Расіі і заяваў пра разгортванне сумеснай групоўкі войскаў. Здаецца, нагодай для перажыванняў становяцца любыя навіны, звязаныя са зборамі — нават калі іх раптам вырашылі адмяніць.
Пра такую сітуацыю ў рэдакцыю напісала жонка аднаго з ваеннаабавязаных Анастасія (імя змененае). Малады чалавек мусіў паехаць на зборы праз тыдзень, але ў ваенкамаце, здаецца, перадумалі. Сказалі, што больш ехаць нікуды не трэба, але прычыны не патлумачылі.
— Патэлефанавалі і сказалі, што цяпер зборы з нейкай прычыны адмяняюцца. Удакладнілі, што іх пераносяць на наступны год і да лютага можна адпачываць. Ваенны білет пры гэтым не вяртаюць, ён застаецца ў ваенкамаце, — расказвае дзяўчына. — Магчыма, ім сапраўды цяпер не патрэбны мой муж, а можа, наадварот, будуць не зборы, а мабілізацыя ўжо для ўсіх…
Каб даведацца, чаму зборы вырашылі адмяніць, мы патэлефанавалі ў ваенкамат, да якога прыпісаны муж нашай суразмоўніцы, і прадставіліся сваячкай прызванага мужчыны.
— Зборы адмянілі — ну, магчыма, іншыя задачы стаяць. Мы працуем у адпаведнасці з распараджэннем зверху, разумееце? Гэта ж не нашае жаданне. Мала што дзе [вырашылі].
— То-бок гэта звычайная сітуацыя і не варта перажываць, што потым раптам пачнуць мабілізацыю?
— Так, нічога такога няма [у гэтым рашэнні]. Не перажывайце вы, усё добра! Якая мабілізацыя, вы што? Ніякай мабілізацыі ў Беларусі няма. А пра люты сказалі, таму што на наступны год [перанеслі]. Мала што потым будзе. Як толькі стане нешта вядома, будзе позва. І наогул, вас прызываюць на зборы? Не. Ну вось хай ён сам і тэлефануе. А то ўсе мамы, жонкі, сёстры — а чаму сам ваеннаабавязаны не можа патэлефанаваць і вырашыць усе пытанні?