Навукоўцы падлічылі, што змяненне клімату можа прывесці да павелічэння колькасці смерцяў ад спёкі ў Еўропе на 2,3 млн чалавек да 2099 года, піша Euronews.
Змяненне клімату, хутчэй за ўсё, прывядзе да рэзкага павелічэння колькасці смерцяў ад экстрэмальнай спёкі, зводзячы на нішто чаканае некаторымі навукоўцамі зніжэнне смяротнасці ад холаду.
Гэта высветлілі ўдзельнікі даследавання з Лабараторыі мадэлявання навакольнага асяроддзя і здароўя (EHM) Лонданскай школы гігіены і трапічнай медыцыны (LSHTM), якое апублікаванае ў часопісе Nature Medicine.
«Даследаванне дае пераканаўчыя доказы таго, што рэзкі рост колькасці смерцяў, звязаных са спёкай, нашмат перавысіць любое зніжэнне смяротнасці, звязанае з холадам, што прывядзе да чыстага росту смяротнасці па ўсёй Еўропе», — адзначае прафесар Антоніа Гаспарыні, старшы аўтар артыкула і кіраўнік EHM-лабараторыі ў LSHTM.
Паводле ацэнак яго каманды, змяненне клімату можа прывесці да больш чым 2,3 млн дадатковых смерцяў, звязаных з высокай тэмпературай, у 854 еўрапейскіх гарадах да 2099 года. Праўда, на думку даследчыкаў, 70% гэтых трагедый можна ўнікнуць, калі прыняць аператыўныя меры па аздараўленні планеты.
Дзе небяспечней за ўсё?
Паводле прагнозаў, да канца стагоддзя найбольшая колькасць смерцяў, звязаных з тэмпературай, будзе зарэгістраваная ў Барселоне — 246 082. За ёю ідуць Рым з прагназаванымі 147 738 смерцямі і Неапаль з 147 248.
Чацвёрты ў спісе — іспанскі Мадрыд (129 716), а на пятым месцы — Мілан (110 131).
Далей ідуць Афіны з прагназаванымі 87 523 смерцямі, Валенсія (67 519), Марсэль (51 306), Бухарэст (47 468) і Генуя (36 338).
Даследчыкі адзначаюць, што пік смерцяў прагназуецца ў самых густанаселеных міжземнаморскіх гарадах. Але пацярпець могуць і невялікія гарады на Мальце, у Іспаніі і Італіі.
Па меры аддалення ад Міжземнамор'я наступствы будуць менш сур’ёзнымі. У іншых еўрапейскіх сталіцах, да прыкладу ў Парыжы, магчымы меншы, але ўсё ж рост смяротнасці, прычым як ад холаду, так і ад спёкі.
На поўначы, на Брытанскіх астравах і ў Скандынавіі, паводле даследавання, магчымае чыстае зніжэнне колькасці смерцяў, звязаных з тэмпературай навакольнага асяроддзя. Напрыклад, прагназаваныя лічбы па Лондане паказваюць, што да канца стагоддзя колькасць смерцяў зменшыцца на 27 455.
Але, як адзначаюць даследчыкі, гэты плюс значна перакрываюць мінусы астатняй часткі Еўропы, дзе агулам магчыма звыш 2 мільёнаў дадатковых смерцяў.
А ці можна прыстасавацца?
Еўропа награваецца хутчэй, чым любы іншы кантынент на зямлі. Сучасныя кліматычныя мадэлі пацвярджаюць, што тэмпература ў гэтай частцы свету расце ў два разы хутчэй, чым у сярэднім на планеце.
Прагназаваныя лічбы ашаламляюць, але павелічэнне колькасці смерцяў — не адзіная патэнцыйная праблема, з якой можа сутыкнуцца Еўропа па меры пацяплення.
«Смяротнасць ад спёкі — толькі адзін з паказчыкаў уздзеяння росту тэмператур на чалавека. Экстрэмальная спёка не толькі забівае, але і выклікае цэлы шэраг сур’ёзных праблем са здароўем, — кажа Мадлен Томсан, кіраўніца аддзела ўздзеяння на клімат і адаптацыі да яго глабальнага дабрачыннага фонду Wellcome. — Спёка звязаная з павышанай рызыкай сардэчна-сасудзістых захворванняў, выкідкаў і дрэннага псіхічнага стану».
Томсан дадае, што грамадства ў цэлым не гатовае да гэтых выклікаў. Гарадам і вёскам неабходна хутка адаптавацца да зменлівага кантэксту, навучыцца змагацца з павышэннем тэмпературы. Культывацыя зялёных насаджэнняў, стварэнне вадаёмаў могуць дапамагчы астудзіць гарадское асяроддзе, дзе цяпло затрымліваецца будынкамі і вялікай колькасцю асфальту ці бетону.
Аднак і гэтых мераў мала. Даследаванне паказвае, што нават велізарныя намаганні па адаптацыі гарадоў да змяненняў тэмпературы не дазволяць збалансаваць узрослыя рызыкі для здароўя ад спёкі, асабліва ў найбольш уразлівых рэгіёнах, такіх як Міжземнамор'е, Цэнтральная Еўропа і Балканы.
Адзначаецца, што толькі значнае і хуткае скарачэнне выкідаў вуглякіслага газу можа знізіць колькасць смерцяў ад экстрэмальнай спёкі. «Нашыя вынікі падкрэсліваюць настойлівую неабходнасць актыўнага змякчэння наступстваў змены клімату, — адзначае доктар П’ер Масэло, вядучы аўтар даследавання ў EHM-Lab пры LSHTM. — Гэта асабліва важна для Міжземнамор'я, дзе, калі нічога не зрабіць, наступствы могуць быць жудаснымі».