Аляксандр Лукашэнка пасля паседжання Найвышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы ў Мінску папрасіў прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна даць Беларусі новыя сістэмы ўзбраення, уключаючы комплекс «Арэшнік», піша дзяржагенцтва БЕЛТА. Расійскі лідар адказаў, што гэта магчыма.
«Я хачу публічна папрасіць вас, каб новыя сістэмы ўзбраення, і перш за ўсё „Арэшнік“, былі размешчаныя на тэрыторыі Беларусі. Гэта супакоіла б некаторыя розумы», — сказаў Лукашэнка.
Пуцін паабяцаў, што гэтыя запыты будуць задаволеныя. «Размяшчэнне такіх комплексаў магчымае, — заявіў ён. — Гэта стане магчымым у другой палове наступнага года».
На сустрэчы ў Мінску Лукашэнка і Пуцін падпісалі дамову пра гарантыі бяспекі ў рамках Саюзнай дзяржавы. Як адзначыў Пуцін, дакумент акрэслівае ўзаемныя саюзніцкія абавязаніі што да забяспечанне абароны, абароны суверэнітэту, незалежнасці і канстытуцыйнага ладу Расіі і Беларусі, цэласнасці і недатыкальнасці тэрыторый і знешняй мяжы Саюзнай дзяржавы. Прычым з задзейнічаннем усіх наяўных сіл і сродкаў.
«Гаворка ў тым ліку ідзе і пра расійскую тактычную ядзерную зброю, размешчаную на прапанову прэзідэнта Беларусі на тэрыторыі беларускай рэспублікі», — падкрэсліў расійскі лідар.
Пасля паседжання Лукашэнка і Пуцін з’ехалі з Палаца незалежнасці на адной машыне — «Аўрусе» расійскай вытворчасці.
Нагадаем, паводле заявы камандавання Паветраных сіл Украіны, Расія раніцай 21 лістапада нанесла ўдар балістычнай ракетай па горадзе Дняпры. У гэтым горадзе знаходзіцца завод «Южмаш» — буйное ўкраінскае прадпрыемства па вытворчасці ракетна-касмічнай тэхнікі і іншай навукаёмістай прадукцыі.
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін заявіў, што войска РФ ударыла па Украіне адной з найноўшых ракетных сістэм сярэдняй далёкасці — балістычнай ракетай у бяз’ядзерным абсталяванні пад назвай «Арэшнік». Пры гэтым ён назваў выпрабаванні гэтай ракетнай сістэмы ў баявых умовах «адказам на агрэсіўныя дзеянні краін NATO».
Незадоўга да гэтага, 19 лістапада, УСУ атакавалі Бранскую вобласць шасцю амерыканскімі ракетамі ATACMS — гэта быў першы выпадак выкарыстання Украінай ракет заходняй вытворчасці за межамі акупаваных рэгіёнаў і анексаванага Крыма. 21 лістапада былі выкарыстаныя брытанскія Storm Shadow на тэрыторыі Курскай вобласці.
Чытайце таксама