Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. «Его продукция была обнаружена на поле боя». Под санкции ЕС попало госпредприятие, которое недавно посещал Лукашенко
  2. В Германии завершились выборы. По данным экзитполов, ультраправые заняли второе место
  3. «Редкоземельные металлы, нефть и все, что сможем получить»: Трамп заявил, что еще хочет взамен «вложенных в Украину денег»
  4. «Они никуда не денутся, понимаете?» Третья годовщина «полномасштабки» — взгляд на «мир» с Россией и политику Трампа командира на фронте
  5. «Нам без разницы, чьи это аппараты». Беларусский полковник объяснил, почему военные молчат о сбитых над Гомельщиной беспилотниках
  6. Зеленский заявил о готовности уйти с поста президента
  7. Время дешевого доллара еще не прошло? Сколько будет падать курс: прогноз по валютам
  8. Ровно три года Россия пытается захватить Украину. Вспоминаем семь важнейших событий, повлиявших на ход этой войны
  9. Нацбанк принял решение, которое не порадует тех, кто собирается взять кредит на покупку недвижимости
  10. Власти ударят по частникам, введут новшества по мобильной связи и онлайн-торговле и требуют отчитаться по налогам. Изменения марта
  11. Не только война в Украине. В России заявили о двух «параллельных» переговорах с США — что обсуждают на вторых
  12. Беларусы жаловались, что не могут сдать старые доллары. В соседней стране признали, что банкам они не нужны
Читать по-русски


/

Памятаеце фразу «Доброго вечора, ми з України»? Гэта легендарнае вітанне Віталя Кіма, які ўжо амаль чатыры гады ўзначальвае Мікалаеўскую вобласць. У першыя месяцы вайны палітык быў вельмі актыўны ў Telegram, аднак з часам у пэўнай меры сышоў у цень. У інтэрв'ю «Люстэрку» Віталь Кім разважае пра абранне Дональда Трампа, дэталёва апісвае сітуацыю ў вобласці, жартуе пра напад Беларусі на Расію і расказвае, як кожны з нас можа дапамагчы Украіне.

Губернатор Николаевской области Виталий Ким во время встречи с главой МИД Германии Анналеной Бербок, в Николаеве, Украина, 25 февраля 2024 года. Фото: Reuters
Кіраўнік Мікалаеўскай вобласці Віталь Кім падчас сустрэчы з кіраўніком МЗС Германіі Аналенай Бербак у Мікалаеве, Украіна, 25 лютага 2024 года. Фота: Reuters

«Дамоўленасці праходзілі нават так: „Вось вам 10 тысяч даляраў, мы вам іх перакінем, толькі дазвольце наладзіць нам ваду“»

— Гэта другая нашая з вамі размова — першая была ва ўжо далёкім красавіку 2022 года. Прайшло больш за два гады. Што галоўнае з таго часу змянілася ў рэгіёне і як памяняліся асабіста вы?

— «Наш опыт — сын ошибок трудных, и гений — парадоксов друг» (радкі Аляксандра Пушкіна. — Заўв. рэд.). Усё роўна мы ўсе змяняемся, як бы гэтага ні не хацелі. Асабіста я ад зямлі не адарваўся, хаджу па ёй далей, рэагую на ўсе пытанні. Але, на жаль, досведу дадалося. Ён больш ваенны, і ўсе праблемы звязаныя з гэтым. Па-іншаму рэагую на смерці і няшчасце: як у дактароў, пэўная прафдэфармацыя ёсць.

У цэлым рэгіён стаў больш памяркоўны і жорсткі да ўсіх цяжкасцяў. Была пераацэнка жыццёвых каштоўнасцяў. Я езджу, бачу павестку ў галовах у людзей, хто і што абмяркоўвае. Мы глядзім праз прызму ваеннай рызыкі і абстрэлаў на тое, як жыць далей. Мікалаеўцаў хвалюе, напрыклад, ці бяспечна дзецям будзе вучыцца, як адкрываць бізнес: планаваць яго ў нашай вобласці ці іншай частцы Украіны. У нас усё спалучанае з ваеннымі рызыкамі і блізкасцю расійскіх акупантаў.

— Да вайны ў Мікалаеўскай вобласці жыло больш за 1 млн чалавек, колькі цяпер?

— Да поўнамаштабнай было каля 1,15 млн чалавек, цяпер недзе 1,1 млн, з іх прыблізна 100 тысяч перасяленцаў. У 2022 годзе шмат людзей выехала, але за два гады амаль усе вярнуліся.

— Зіма блізка. Не чакаеце, што праз цяжкую сітуацыю з ацяпленнем і падачай электраэнергіі вобласць і краіну ў цэлым пачнуць масава пакідаць людзі?

— Гэта ніяк не звязана з энергетыкай. Людзі з’язджаюць праз страх быць забітымі, ці адсутнасць працы, ці, дапусцім, мабілізацыю. Яшчэ некалькі гадоў таму мы пачалі паўнавартасна працаваць па абароне крытычнай інфраструктуры і нарошчванні рэзерваў. Па вобласці мы аднавілі 99% разбуранай крытычнай інфраструктуры, акрамя аэрапорта, бо лётаць пакуль няма куды.

Расіяне могуць абстрэльваць, напрыклад, ТЭЦы, гэта можа быць праблемай. Але людзі з’язджалі, калі баявыя дзеянні былі вось проста тут і рызыкі былі вельмі высокія. І цяпер, калі расіяне стабільна знаходзяцца на адлегласці і перспектываў вяртання праз Днепр у іх няма зусім, нашыя [людзі] гэта разумеюць. З пункту гледжання бізнесу цяжка, бо парты не працуюць, а з пункту гледжання пагрозаў людзі не бяруць гэта [сітуацыю з ацяпленнем і электраэнергіяй] як параметр для таго, каб вяртацца сюды ці з’язджаць адсюль.

— Колькі чалавек загінула?

— У 2022-м — 483, у 2023-м — 25, у 2024-м — 23. Атрымліваецца, што ў апошнія два гады ў 20 разоў менш.

— 29 сакавіка 2022 года Мікалаеўская абласная адміністрацыя была знішчаная расійскай крылатай ракетай. Вас, на шчасце, унутры не было. Што цяпер з гэтым будынкам?

— Мы яго не аднаўлялі, стаіць у аварыйным стане, яго трэба будзе зносіць і нешта будаваць. Але я падумаў, што буду гэта рабіць у апошнюю чаргу. Калі яго аднавіць, то ў яго зноў прыляціць. Сэнс? Калі скончыцца вайна нашай перамогай, можна будзе ў людзей спытаць: «Што вы хочаце, каб тут было?»

Я не думаю, што проста ў цэнтры горада мусіць быць такі стары саўдэпаўскі будынак. Нам для кіравання [вобласцю] будзе дастаткова меншага будынка, а тут можна пабудаваць гатэль, ці, магчыма, людзі захочуць стварыць тут зону для грамадскага баўлення часу. Не ведаю. Мы спытаем у людзей, як яны гэта бачаць.

Фото: t.me/dsns_telegram
Адміністрацыя Мікалаева пасля ракетнага ўдару, 2022 год. Фота: t.me/dsns_telegram

— Пад акупацыяй дагэтуль застаюцца тры вёскі Мікалаеўскай вобласці, якія размешчаныя на паўвостраве. Што там цяпер адбываецца?

— Сядзяць расійскія акупанты ў абас**ных штанах і чакаюць кожны дзень, што мы пачнём іх адбіваць. Яны ў поўнай баявой гатоўнасці, рабіць ім цяпер няма чаго, абстрэльваюць нас адтуль — б’юць па цывільных машынах, што праязджаюць па дарогах. Трывожны агонь.

Там велізарная тэрыторыя, гэта была запаведная зона — хвоі, пясок, мора, прыгажосць. Жыхароў там практычна ўжо няма, можа, адзінкі засталіся. З гэтым паўвостравам у нас няма наземных зносін, каб туды трапіць, трэба было ехаць праз Херсонскую вобласць, і праз гэта ён, у прынцыпе, і застаўся пад акупацыяй.

У 2022 годзе яшчэ працаваў калідор, і мы лодкамі адпраўлялі «гуманітарку», але расіяне гэта спынілі. Цяпер няма магчымасці прыехаць адтуль у асноўную частку вобласці.

— Мікалаеў застаўся без цэнтралізаванага водазабяспечання ў красавіку 2022-га, калі расійскія акупанты ўзарвалі вадаправод, якім у горад пастаўлялі ваду з Дняпра. У адным з інтэрв'ю вы расказвалі: «Мы дамаўляліся з нягоднікамі там, каб пусціць машыну з Херсона і абнавіць трубу». Як гэта выглядала тэхнічна? Хто каму пісаў ці тэлефанаваў?

— Спецыяльна для ФСБ і СБУ паведамляю: дамаўляліся ці то праз мэра Херсона, ці то праз яго намесніка. Акупацыя ж свежая яшчэ тады была, хтосьці выехаў, а хтосьці не. І праз іх дамаўляліся, каб херсонская машына з водаканала з трубой выехала на стык фронту. Скажу так — даходзіла да такога, што мы казалі: «Вось вам 10 тысяч даляраў, мы вам іх перакінем, толькі дазвольце наладзіць нам ваду». Нават так дамоўленасці праходзілі.

— Што цяпер з цэнтралізаваным водазабяспечаннем у Мікалаеве?

— Яно ёсць, але вада кепская, тэхнічная, брудная, забівае тэхніку, яе піць нельга, як і гатаваць ежу на ёй. Цяпер у нас падпісаныя дамовы на аднаўленне водазабяспечання, задача да канца лета 2025 года зрабіць гэта.

Па горадзе цяпер ёсць вельмі шмат пунктаў бясплатнай выдачы вады. На жаль, людзі ўжо прызвычаіліся цягаць яе, але мы гэтае пытанне вырашым. Хтосьці прабіў свідравіну, хтосьці карыстаецца дастаўкай вады, хтосьці бярэ бясплатную. На жаль, пакуль так.

Мужчины набирают чистую воду на распределительной станции в Николаеве, Украина, 5 июля 2024 года. Фото: Reuters
Мужчыны набіраюць чыстую ваду на размеркавальнай станцыі ў Мікалаеве, Украіна, 5 ліпеня 2024 года. Фота: Reuters

— Два з паловай гады таму, калі мы з вамі рабілі інтэрв'ю, я напісаў: «У сябе ў тэлеграм-канале ён з пазітывам расказвае пра тое, што цяпер адбываецца ў рэгіёне, а ягоная фраза: „Доброго вечора, ми з України“ стала ўжо многімі любімым мемам». Цяпер у канале больш перапостаў відэа з прэзідэнтам Зяленскім, чым вашых уласных. Чаму вас стала менш у публічнай прасторы?

— Усё вельмі проста: тады я гэта рабіў не для таго, каб быць вядомым, а таму, што была неабходнасць інфармаваць людзей пра тэрміновыя рэчы. Прамая сувязь. Хвіліны мелі значэнне. Трэба было падтрымліваць [маральны] дух, тлумачыць, што мы робім, ацэньваць рызыкі, прымаць рашэнні. Але праз пэўны час стварылася інфармацыйнае поле ва Украіне на базе тэлеграм-каналаў, якія падзялілі, хто што робіць і хто на чым спецыялізуецца. Мне няма неабходнасці там прысутнічаць. У мяне дадалася куча іншай працы.

У 2022 годзе было з нейкага боку рамантычна: ваюеш, займаешся тэрміновымі справамі, ад якіх залежыць усё на свеце. Цяпер вярнулася крыху бюракратыі, мы аднавілі каля шасці тысяч аб’ектаў. Задача на наступны год — аднаўленне эканомікі. З закрытымі партамі вельмі цяжка, але мы будзем гэта рабіць. Ужо запусцілі шэраг вялікіх прадпрыемстваў, нават разбомбленых. У мяне цяпер іншыя задачы і мэты, таму няма патрэбы прысутнічаць у медыйным полі так моцна.

«Гарачая стадыя вайны сёлета не скончыцца»

— Вы расказвалі, што часта бываеце ў Кіеве: недзе раз на два тыдні. Вы былі там пасля абрання Дональда Трампа новым прэзідэнтам ЗША? Які настрой у Офісе прэзідэнта Украіны?

— Не быў. А які ў іх можа быць настрой? Звычайнае дыпламатычнае стаўленне. Я на вынік выбараў гляджу з добрага пункту гледжання — рэзкі хлопец збіраецца скончыць вайну. Кепска ці добра будзе для Украіны — паглядзім.

— Як думаеце, што зменіцца для вашай краіны?

— Складана даваць ацэнку такім рэчам. Гэта як прагназаваць біткоін — бессэнсоўна. Можна даць сваю ацэнку, а толку ад гэтага? Толькі заблытаеш людзей. З пункту гледжання дыпламатыі, каб вайна скончылася не поўным разгромам кагосьці, трэба спыніцца, і лідары будуць размаўляць. Магчыма, праз пасярэднікаў. Гэты працэс будзе доўгім. Чаго нам чакаць? Не ведаю. Мы чакаем падтрымкі, каб вярнуць свае тэрыторыі і нашых людзей, якіх у нас забралі. Што будзе з замежнай дапамогай? Гэта пытанне не майго ўзроўню.

— Па-вашаму, гарачая стадыя вайны скончыцца сёлета?

— Не.

— Чаму?

— Гэта ж не ад нас залежыць, мы абараняемся. Калі ў нас перастануць ляцець ракеты і снарады, тады трэба будзе пытаць у народа Украіны і прэзідэнта, якім будзе рашэнне. Ёсць яшчэ варыянт, што ў нас не будзе чым страляць, але гэта наўрад, мы сваю [вытворчасць узбраення] таксама нарошчваем. Будзем думаць.

Украинский БПЛА "Лютый" в небе над Россией, март 2024 года. Фото: Militarnyi
Украінскі БПЛА «Люты» ў небе над Расіяй, сакавік 2024 года. Фота: Militarnyi

— Магчымы план Дональда Трампа, які прадугледжвае замарозку вайны, адмову ад сілавога вызвалення акупаваных Расіяй 20% Украіны, неўступленне вашай краіны ў NATO цягам як мінімум 20 гадоў і забяспечанне яе амерыканскай зброяй, рэальны?

— Я з афіцыйных крыніц такога плана не чуў, таму каментаваць гэта не буду. Я дакладна ведаю, што наступныя рашэнні будуць звязаныя з фінансавымі інтарэсамі ЗША. І, хутчэй за ўсё, у першую чаргу з узаемаадносінамі ЗША і Кітая, а ў другую — з РФ. На жаль, мы тут закладнікі сітуацыі, бо не настолькі магутныя, каб самім доўга супрацьстаяць расійскай машыне. Боепрыпасы і дапамога нам патрэбныя, каб эфектыўна абараняцца. Мы залежым ад пастаўкі замежнага ўзбраення, але пры гэтым свайго дабра ў нас таксама вельмі шмат.

— А як людзі ставяцца да магчымага плана Трампа, пра які я казаў?

— Я не магу сказаць. Недзе мне траплялася аналітыка, я дакладна не памятаю, але сутнасць была прыкладна такая: 20% за тое, што трэба стаяць і ўсё сваё вярнуць, 20% казалі, што хопіць, давайце як-небудзь заканчваць, а 60% думалі, што нам рабіць. 20%, якія казалі, што трэба ваяваць да канца, — гэта заходнія вобласці.

Паводле вераснёўскага апытання Цэнтра Разумкова, доля ўкраінцаў, якія лічаць, што перамовы з Расіяй — «гэта дзейсны спосаб дасягнення міру, якім варта скарыстацца ўжо цяпер», склала 35%. 48% грамадзян краіны з гэтым не згодныя. Астатнія 17% выбралі пункт «цяжка адказаць».

Мы стамляемся, у нас менш людзей, мы страчваем найлепшых. Калі Расія адпраўляе, прабачце мяне, біясмецце, то ў нас ваююць найлепшыя хлопцы і дзяўчаты. Усе стамляюцца. Тры гады — гэта цяжка, таму мне складана адказваць на гэтае пытанне. Патрэбны баявы дух. Калі Трамп скажа: «Наце ракеты, улупіце па Крамлі», — о, мы б зараз што-небудзь ды зрабілі б.

Размова адбывалася да таго, як прэзідэнт ЗША Джо Байдэн зняў забарону для Украіны на ўдары балістычнымі тактычнымі ракетамі ATACMS па тэрыторыі Расіі.

— Ці ёсць цяпер запыт ва ўкраінскага грамадства на правядзенне прэзідэнцкіх выбараў?

— Выбараў хочуць толькі тыя, хто хоча балатавацца. Людзям на іх з вялікай горкі — патрэбныя мір і стабільнасць у жыцці. Хто гэта зробіць? Не абяцае, а зробіць! Пакуль, акрамя цяперашняга прэзідэнта, ніхто нічога талковага прапанаваць не можа. І на характары, груба кажучы, на спіне Уладзімір Зяленскі вязе ўсю замежна-эканамічную палітыку. Я думаю, што для людзей выбары вельмі другарадныя — патрэбныя мір і перамога.

Президент Украины Владимир Зеленский на заседании Контактной группы по вопросам обороны Украины в формате "Рамштайн". Германия, 6 сентября 2024 года. Фото: пресс-служба президента Украины
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на паседжанні Кантактнай групы па пытаннях абароны Украіны ў фармаце «Рамштайн». Германія, 6 верасня 2024 года. Фота: прэс-служба прэзідэнта Украіны

«Не ваяваць з намі — гэта ўжо падтрымка ўкраінцам ад беларусаў»

— Прыкладна за 75 км ад мяжы Мікалаеўскай вобласці знаходзіцца Малдова. Нядаўна там прайшлі прэзідэнцкія выбары — і калі б лічылі галасы толькі ўнутры краіны, то праеўрапейская Мая Санду прайграла б у нейкай меры прарасійскаму Аляксандру Стаяногла. Як думаеце, чаму людзі так галасавалі, хоць прыклад дзеянняў Расіі так блізка?

— Ёсць рускае тэлебачанне за мяжой. Гэта нават не тое, што яны транслююць на ўнутраны рынак Расіі. Немагчыма слухаць. Там капец што запіхваюць рознымі спосабамі ў галовы людзей. Расія ўкладае велізарныя грошы ў прапаганду ў іншых краінах, каб ствараць сабе зоны ўплыву. Яны і ва Украіне гэта рабілі, каб нарошчваць сабе падтрымку. Гэта вынік іх планамернай працы.

— Я разумею, пра што вы кажаце, але прыклад дзеянняў Расіі так блізка.

— Вы кіруецеся дыстанцыйнай логікай, але тэлевізар яшчэ бліжэй, чым 75 кіламетраў.

Светлана Тихановская и президент Молдовы Майя Санду, 21 октября 2023 года, Кишинев, Молдова. Фото: пресс-служба Светланы Тихановской
Святлана Ціханоўская і прэзідэнтка Малдовы Мая Санду, 21 кастрычніка 2023 года, Кішынёў, Малдова. Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

— Вашая цытата з нашага інтэрв'ю 2022 года: «Беларусам я б сказаў, што трэба змагацца. Трэба адстойваць тое, што ў вас ёсць, каб не дапусціць таго, што адбываецца ў Расіі. Трэба змагацца і развівацца. Я вельмі заўзеў за вас у 2020 годзе. Думаю: „Блін, клас. Беларусы таксама пойдуць у Еўропу, будуць цалкам свабоднымі“. Трэба змагацца». Праз 2,5 года гэта яшчэ актуальна?

— Так. Я шчыра спадзяюся, што ў вас атрымаецца. Пераходзіць з аўтарытарнага кіравання на дэмакратычнае трэба, бо так жыве [добра] 1% насельніцтва, а ўсе астатнія яго абслугоўваюць.

— Чым беларусы цяпер могуць дапамагчы ўкраінцам?

— Ды нічым. Зброі вы даць нам не можаце. Як я разумею, беларусы не настроеныя ваяваць з украінцамі. Не ваяваць з намі — гэта ўжо падтрымка. Я ж не магу вас прасіць напасці на Расію: давайце разам у той бок рухацца, замкнем кальцо вакол Суджы (захоплены Украінай горад у Курскай вобласці. — Заўв. рэд.) ці нешта ў такім духу (смяецца).

— Калі і як скончыцца вайна?

— Нашай перамогай. На жаль, будзе паміж самым аптымістычным і самым кепскім сцэнарам. Але, у прынцыпе, сітуацыя для мяне выглядае такім чынам, што немагчыма стварыць прэцэдэнт, калі захопяць Украіну і знішчаць цэлую нацыю. Пытанне ў стратах і як гэта скончыцца, але ў любым выпадку гэта будзе так ці інакш перамога Украіны.

Расія, вядома, усім будзе казаць: «Гэта мы выйгралі». Яны будуць трактаваць усё па-свойму, а ўвесь астатні свет — па-свойму. Уласна, як і было з Другой сусветнай вайной. Увесь свет ведаў, што краіны аб’ядналіся супраць фашызму і сумеснымі намаганнямі перамаглі, а ў Савецкім Саюзе расказвалі, што гэта СССР выйграў вайну, а ўсе астатнія патроны падавалі і наогул не пры справах.

Чытайце таксама