Аляксандр Лукашэнка 4 лістапада прыняў кадравыя рашэнні, паведаміла яго прэс-служба.
Палітык даў згоду на прызначэнне Андрэя Рыбакова генеральным дырэктарам ААТ «Беларуськалій». Да гэтага Андрэй Рыбакоў займаў пасаду старшыні Беларускага дзяржаўнага канцэрна па нафце і хіміі.
На яго месца Аляксандр Лукашэнка ўзгадніў прызначэнне Іллі Ікана, які кіраваў ААТ «Полацк-Шкловалакно».
Андрэй Рыбакоў расказаў БЕЛТА, што яго галоўная задача — самым эфектыўным спосабам рэалізоўваць калійныя ўгнаенні на замежным рынку. Ён таксама запэўніў, што прадпрыемства працягне развіваць усе тыя напрамкі, якімі займалася і раней, уключаючы разведку новых радовішчаў і пашырэнне магутнасцяў.
— Я не з’яўляюся прафесіяналам у той галіне, куды іду, але разлічваю, што, зыходзячы са свайго досведу працы ў санкцыях, на замежных рынках і іншых момантах, якія я набыў за час працы ў канцэрне («Белнафтахім». — Заўв. рэд.), я таксама змагу прыўнесці ў калектыў новаўвядзенні, якія будуць спрыяць вырашэнню задач, якія паставіў кіраўнік дзяржавы, — сказаў Рыбакоў.
Раней «Беларуськалій» узначальваў Іван Галаваты. Амаль чатыры з паловай гады — з лістапада 2019 года да красавіка 2024-га — ён быў чальцом Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы ў Савеце Рэспублікі. У новы склад верхняй палаты парламента ён не ўвайшоў.
У верасні 2024 года суд Еўрапейскага саюза адхіліў пазовы пра зняцце санкцый, пададзеныя вытворцам угнаенняў ААТ «Беларуськалій», Іванам Галаватым і Беларускай калійнай кампаніяй (БКК).
Чытайце таксама