Сакратарка ЦВК Алена Балдоўская патлумачыла, чаму камісія адмовілася рэгістраваць ініцыятыўныя групы па зборы подпісаў за Аляксандра Драздова і Юрася Губарэвіча. З яе словаў, прычына ў «несур'ёзнасці намераў» абодвух прэтэндэнтаў, перадае БЕЛТА.
«Можна казаць пра несур’ёзнасць намераў гэтых грамадзян», — заявіла Балдоўская.
Паводле яе, усе рашэнні ЦВК прымаюцца выключна на падставе патрабаванняў заканадаўства.
«Падаючы заяву [на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы] праз электронную пошту, сама асоба мусіла разумець, што ў выніку будзе прынятае адпаведнае рашэнне. І грамадзянін, які прыносіў выключна адну заяву, не прыклаўшы спісу сябраў ініцыятыўнай групы, таксама мусіць гэта разумець. Наяўнасць адной заявы не дазваляе зарэгістраваць ініцыятыўную групу. Мусіць быць пералік людзей, якія будуць збіраць подпісы», — патлумачыла сакратарка ЦВК.
Нагадаем, напярэдадні, 29 кастрычніка, ЦВК зарэгістраваў першую і пакуль адзіную ініцыятыўную групу па падтрымцы вылучэння Аляксандра Лукашэнкі кандыдатам у прэзідэнты, рашэнне прынялі аднагалосна.
Яшчэ два прэтэндэнты атрымалі адмову — гэта Аляксандр Драздоў і старшыня руху «За Свабоду», эксперт па рэгіянальным развіцці Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Юрась Губарэвіч.
Як паведамілі ў камісіі, ініцыятыўная група па падтрымцы Аляксандра Драздова не зарэгістраваная ў сувязі з тым, што не былі пададзеныя дакументы пра яе склад. Прадстаўнікі ж Юрася Губарэвіча парушылі парадак падачы дакументаў у ЦВК, даслаўшы іх праз электронную пошту, чаго не прадугледжвае выбарчае заканадаўства.
Прэзідэнцкія выбары прызначаныя ў Беларусі на 26 студзеня 2025 года. Раней намер вылучыць сваю кандыдатуру агучыў кіраўнік ЛДПБ Алег Гайдукевіч, але дакументаў у ЦВК пакуль не падаваў.
Акрамя таго, у тэлеграм-канале Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, якую ўлады ліквідавалі ў 2023 годзе, з’явілася інфармацыя пра магчымы ўдзел у выбарчай кампаніі Ганны Канапацкай. Адзначалася, што былая дэпутатка і кандыдатка ў прэзідэнты на выбарах 2020 года хоча сабраць ініцыятыўную групу.
Дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў па зборы подпісаў для вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты неабходна падаць не пазней за 1 лістапада.
Для вылучэння кандыдатам трэба сабраць не менш за 100 000 подпісаў. Улады традыцыйна выкарыстоўваюць для гэтага адміністрацыйны рэсурс. Збор подпісаў за вылучэнне ў кандыдаты ў прэзідэнты пачнецца 7 лістапада.
Чытайце таксама