Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Власти ударят по частникам, введут новшества по мобильной связи и онлайн-торговле и требуют отчитаться по налогам. Изменения марта
  2. «Нам без разницы, чьи это аппараты». Беларусский полковник объяснил, почему военные молчат о сбитых над Гомельщиной беспилотниках
  3. Зеленский заявил о готовности уйти с поста президента
  4. «Редкоземельные металлы, нефть и все, что сможем получить»: Трамп заявил, что еще хочет взамен «вложенных в Украину денег»
  5. Не только война в Украине. В России заявили о двух «параллельных» переговорах с США — что обсуждают на вторых
  6. СМИ: США потребовали от Украины отозвать резолюцию в ООН с осуждением российского вторжения
  7. Лукашенко подписал указ, разрешающий чиновникам «активно вовлекать граждан и организации в наведение порядка в стране»
  8. Душил, насиловал и убивал, срезая с жертв нижнее белье. Рассказываем о маньяке из Гродно, которого упустили в Беларуси
Читать по-русски


Курская аперацыя доўжыцца амаль месяц — якое значэнне яна мае для Беларусі? Чаму прыхільнікаў збліжэння з Расіяй цяпер у 2,5 разу больш, чым ахвотных збліжацца з ЕС? З чым звязаны такі нізкі вынік падтрымкі Еўрапейскага саюза? Для чаго беларускім уладам аналаг YouTube і чаму ў Манголіі не сталі арыштоўваць Уладзіміра Пуціна, нягледзячы на ордар Міжнароднага крымінальнага суда? Арцём Шрайбман адказвае на пытанні чытачоў і гледачоў «Люстэрка» ў новым выпуску праекта «Шрайбман адкажа». Гэта яго тэкставая версія.

Артем Шрайбман. Фото: «Зеркало»
Арцём Шрайбман. Фота: «Люстэрка»

«Менску відавочна была патрэбная нагода, каб эскаляваць сітуацыю»

— Курская аперацыя для Беларусі — гэта добра ці дрэнна? Яна мае нейкае значэнне?

— Уплыў Курскай аперацыі на Беларусь невялікі, бо станам на пачатак верасня яна нават не асабліва ўплывае на ўвесь ход вайны.

Але мы добра бачым, як гэтая аперацыя паўплывала на Лукашэнку. Пасля таго як у пачатку ліпеня ён адвёў войскі ад украінскай мяжы, а потым пачалася Курская аперацыя УСУ, расійскія ваенныя блогеры абвінавацілі Лукашэнку, што гэта праз яго ва Украіны вызваліліся рэзервы на наступ. Яму давялося апраўдвацца, ён мусіў зноў пацвярджаць Расіі сваю лаяльнасць.

Таму беларускія ўлады вырашылі прадэманстраваць ваяўнічасць на падставе таго, што з Украіны нібыта заляцелі беспілотнікі і парушылі беларускую мяжу. Але акрамя сюжэту на дзяржТБ, дзе паказалі фрагменты нейкіх неапазнаных беспілотнікаў незразумелага паходжання, у нас няма доказаў, што гэтае парушэнне наогул мела месца. Але Мінску відавочна была патрэбная нагода, каб эскаляваць сітуацыю і не выглядаць па-дурному: у пачатку ліпеня адвялі войскі, а ў пачатку жніўня падвялі іх назад. У выніку скандал дайшоў да таго, што ўкраінскую амбасадзу ў Мінску прыстрашылі закрыццём.

А ў адказ на перакідванне беларускіх войскаў да ўкраінскай мяжы ўжо Кіеў зрабіў пагрозлівую заяву на адрас Мінска, сутнасць якой можна звесці да таго, што «нават не спрабуйце перайсці мяжу, інакш мы будзем наносіць удары па вашых вайсковых аб’ектах». То-бок яшчэ адным наступствам Курскай аперацыі стаў усплёск напружанасці ў беларуска-ўкраінскіх адносінах пасля адноснай разрадкі.

Што будзе далей, залежыць ад ходу вайны ў цэлым і ад наступу УСУ пад Курскам у прыватнасці. Калі Расія спыніць украінскае войска ў Курскай вобласці і прадоўжыць свой павольны наступ на Данбасе, то наўрад ці Маскве ў агляднай будучыні спатрэбяцца адчувальныя ваенныя паслугі ад Лукашэнкі. Калі ж поспех будзе спрыяць УСУ, гэта створыць новыя стымулы для Пуціна, каб рукамі Лукашэнкі спрабаваць адцягнуць хоць нейкія ўкраінскія рэзервы да беларускай мяжы. І тут могуць быць розныя варыянты. Ад памежных правакацый да павелічэння расійскага кантынгенту ў Беларусі ці новых дэманстрацыйных вучэнняў у нашай краіне.

Полуразрушенный жилой дом в одном из микрорайонов Курска, Россия, 19 августа 2024 года. Фото: Reuters
Паўразбураны жылы дом у адным з мікрараёнаў Курска, Расія, 19 жніўня 2024 года. Фота: Reuters

«Людзі лічаць еўрапейскую перспектыву нерэальнай для нашай краіны»

— Нядаўняе апытанне Chatham House паказала, што прыхільнікаў збліжэння з Расіяй у Беларусі цяпер амаль у 2,5 разу больш, чым прыхільнікаў збліжэння з ЕС. Чаму? З чым звязаны такі нізкі вынік падтрымкі Еўрапейскага саюза?

— Калі спрашчаць, то ёсць дзве групы прычын.

У беларускім грамадстве ёсць дастаткова ўстойлівы прарасійскі сэгмент. Гэта людзі, якія хацелі б збліжацца з Расіяй і ўспрымаюць Еўропу і еўрапейскія каштоўнасці варожа. Іх уяўленне пра Захад у асноўным супадае з тым, што транслюе беларуская і расійская прапаганда. Многія з іх лічаць, што Захад цяпер перажывае эканамічны і, што самае галоўнае, маральны заняпад. Таму лагічна, што гэтыя людзі не хочуць ніяк збліжацца з полюсам, з якога ідуць чужыя для іх каштоўнасці.

Розныя апытанні па-рознаму ацэньваюць памер гэтага сегменту. Гэта залежыць як ад фармулёўкі канкрэтнага пытання, так і ад метаду збору звестак. Апытанне Chatham House, напрыклад, праводзілася сярод гараджан, якія карыстаюцца інтэрнэтам. Гэта значыць, што яно можа трошкі недаацэньваць колькасць людзей з кансерватыўнымі антыеўрапейскімі поглядамі. Традыцыйна ў апытаннях гэтай серыі Chatham House прарасійскае ядро складае прыкладна траціна рэспандэнтаў. Мы можам іх назваць ідэйна прарасійскімі беларусамі. Такое ж ідэйнае праеўрапейскае ядро ёсць і з іншага боку, але яно істотна меншае. У гэтым апытанні — 13%. Іншыя даследаванні апошніх гадоў даюць падобны дыяпазон, да 10 да 15%.

Астатняя палова грамадства дзеліцца паміж сегментамі тых, хто не вызначыўся, і нейтральных. Або, калі ім задаюць жорсткае пытанне: «Расія ці Еўрасаюз?», адыходзяць у прарасійскі лагер. І вось чаму яны так робяць — як на мяне, самае цікавае пытанне. Бо сённяшняя перавага прарасійскіх арыентацый — гэта не нешта вечнае.

У сучаснай гісторыі Беларусі былі моманты, калі праеўрапейскія арыентацыі беларусаў былі мацнейшыя. Напрыклад, у 2009 годзе, 2013-м і ўвосень 2020-га. Чаму цяпер гэта не так? Беларусы ў цэлым не пачалі больш варожа ставіцца да Еўрасаюза, еўрапейскіх каштоўнасцяў ці ўзроўню жыцця ў краінах ЕС. Наадварот, тое ж апошняе апытанне паказвае, што 50% рэспандэнтаў хочуць збліжацца з Захадам, і толькі 14% — скарачаць сувязі з ім. У два разы больш беларусаў хацелі б жыць як у Еўропе, чым як у Расіі. Для беларусаў, якія не маюць каштоўнасных рознагалоссяў з Еўрасаюзам, але ўсё роўна не хочуць туды ўступаць, галоўная праблема — рэалістычнасць такога выбару.

Менавіта такім быў вынік леташняга даследавання Цэнтра новых ідэй на аснове глыбінных інтэрв'ю беларусаў. Людзі называюць розныя прычыны таго, чаму лічаць еўрапейскую перспектыву нерэальнай для нашай краіны. Для кагосьці гэта небяспечна: альбо Масква нас не адпусціць і зладзіць нейкае падабенства ўкраінскага сцэнара, альбо беларуская эканоміка не перажыве разрыву сувязяў з Расіяй. Для кагосьці праблемы на еўрапейскім баку: людзі лічаць, што ў Еўрасаюзе нас не чакаюць, закрываюцца ад беларусаў і ўводзяць розныя бар’еры на перамяшчэнне. Гэтыя аргументы прыводзяць розных людзей да агульнай высновы, што цяпер выбіраць інтэграцыю ў Еўрасаюз — гэта марыць пра нерэальнае.

Нагадаю, мы гаворым тут пра максімальна прагматычны, не ідэалагізаваны сегмент грамадства. Пра людзей, якія выбіраюць, да якога сазюза далучацца, не паводле сваіх каштоўнасных арыентацый, а паводле таго, што рэальна ляжыць на стале. І пакуль усе гэтыя палітычныя, эканамічныя, візавыя і іншыя бар’еры на шляху ў Еўрасаюз актуальныя ў галовах людзей, складана чакаць, што колькасць тых, хто выбірае далучэнне да гэтага саюза, значна вырасце за межы ўжо знаёмага нам ядра ў 10−15%. То-бок тых людзей, якія выбіраюць ЕС з каштоўнасных меркаванняў.

Для таго, каб прагматыкі пачалі зноў выбіраць гэты вектар, яны павінныя перастаць разглядаць яго як небяспечны ці фантастычны. Гэта магчыма пры рэальным збліжэнні Мінска і Захаду, большай адкрытасці ЕС да беларусаў і зніжэнні залежнасці беларускай эканомікі ад Расіі.

Изображение носит иллюстративный характер. Фото: shutterstock.com
Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: shutterstock.com

«„Белдзяржютуб“ прайграе ўсім альтэрнатывам»

— Навошта ўлады гавораць пра стварэнне беларускага аналага YouTube? Зразумела ж, што людзі не будуць ім масава карыстацца.

— Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі Уладзімір Пярцоў назваў запуск дзяржаўнага відэахостынгу «дастаткова слабым аналагам» і першым крокам да ўласнага Youtube.

Гэта ўнікальная з’ява па мерках афіцыйнай рыторыкі. Звычайна чыноўнікі, наадварот, імкнуцца шмат абяцаць, маляваць свае праекты прарыўнымі. А тут кіруюць чаканні ў адваротны бок, імкнуцца знізіць планку. То-бок, здаецца, нават улады разумеюць, што яны не могуць раскруціць свой беларускі дзяржаўны Youtube да прыкметнай папулярнасці ў грамадстве. І гэта цвярозы прагноз. Нават калі заблакаваць Youtube у Беларусі ці запаволіць яго, як гэта робяць у Расіі, беларусы, хутчэй за ўсё, аддадуць перавагу іншым опцыям. Напрыклад таму, каб цалкам перайсці ў TikTok, і так ужо вельмі папулярны ў нашай краіне. Працягваць карыстацца Youtube праз VPN ці перайсці на расійскія відэапляцоўкі, на якіх ужо шмат забаўляльнага кантэнту, накшталт VК.

«Белдзяржютуб» (давайце называць яго так) прайграе ўсім гэтым альтэрнатывам хаця б з прычыны свайго беднага выбару кантэнту. Таму сапраўды ўзнікае пытанне: навошта ўладам патрэбны гэты праект?

У мяне ёсць дзве версіі. Першая — гэта проста тэхнічная падрыхтоўка да магчымага выдалення прадукцыі беларускай прапаганды з YouTube адміністрацыяй гэтай платформы. Такія прэцэдэнты ёсць з многімі каналамі расійскіх прапагандыстаў, якія выдалілі пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну. Беларускія каляўладныя каналы таксама сутыкаліся з блакаваннем. Напрыклад, у Telegram, калі яны публікавалі так званыя пакаяльныя відэа.

Цалкам магчыма, у Адміністрацыі Лукашэнкі падумалі, што будзе шкада без папярэджання страціць платформу і лепш мець свой хоць нейкі аналаг. Нават калі не ў якасці папулярнай альтэрнатывы, то хаця б як склад, месца для захоўвання архіва сваёй прадукцыі.

Другая версія, якая, дарэчы, не супярэчыць першай. Мы назіраем простае выбіванне і засвойванне грошай на моднай тэме. Моднай таму, што асноўны саюзнік — Расія — ужо некалькі гадоў выбудоўвае сваю альтэрнатыўную суверэнную інтэрнэт-інфраструктуру, у тым ліку і ў відэахостынгу, каб не падпасці пад розныя забаронныя меры заходніх урадаў ці карпарацый. Раз гэта робіць «старэйшы брат», то кемлівыя ідэолагі і кіраўнікі прапаганды ў Беларусі маглі падумаць, што гэтую ідэю будзе нескладана прадаць Лукашэнку. Калі «белдзяржютуб» у выніку запусцяць, то атрымаецца, што яны мелі рацыю.

Президент России Владимир Путин с президентом Монголии Ухнагийном Хурэлсухом, саммит Шанхайской организации сотрудничества, 3 июля 2024 года, Астана, Казахстан. Фото: пресс-служба Кремля
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін з прэзідэнтам Манголіі Ухнагійнам Хурэлсухам, саміт Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, 3 ліпеня 2024 года, Астана, Казахстан. Фота: прэс-служба Крамля

«Арышт Пуціна быў бы рашэннем, параўнальным з абвяшчэннем Расіі вайны»

— Чаму ў Манголіі не сталі арыштоўваць Уладзіміра Пуціна, які прыбыў туды з афіцыйным візітам, хоць краіна падпісала Рымскі статут і абавязаная выконваць ордар Міжнароднага крымінальнага суда? Улан-Батар панясе нейкую адказнасць? Калі ордар выдадуць на Аляксандра Лукашэнку, то ён таксама зможа наведваць краіны, якія ратыфікавалі Рымскі статут, ці гэта ўсё ж залежыць ад асобы дыктатара?

— Манголія сама патлумачыла свой выбар. Арышт Пуціна быў бы рашэннем, параўнальным з абвяшчэннем Расіі вайны. А Манголія залежыць ад Расіі ў першую чаргу з пункту гледжання пастаўкі энергарэсурсаў.

Цікавая і іншая прычына, пра якую згадаў прадстаўнік Манголіі. Яго краіна заўсёды прытрымлівалася палітыкі нейтралітэту. Гэта сімптом таго, што Манголія ўспрымае ордар Міжнароднага крымінальнага суда на арышт Пуціна не як святую міжнародную прававую норму, а як інструмент барацьбы Захаду з Расіяй. А раз гэта інструмент барацьбы двух лагераў паміж сабой, то нейтралітэт дыктуе самаўхіленне ад гэтай барацьбы.

Гэта не ўнікальная мангольская пазіцыя. Такія ж ацэнкі распаўсюджаныя і ў іншых краінах Глабальнага Поўдня. Ці, іншымі словамі, не заходняга свету. Калі перад гэтымі краінамі таксама паўстане пытанне, прымаць Пуціна на сваёй тэрыторыі ці не, яны будуць глядзець на яго праз такую ж прызму. Што для іх важнейшае: пасварыцца з Расіяй ці сапсаваць сваю рэпутацыю ў вачах нейкай часткі заходніх дзяржаваў?

Пакараць Манголію праз механізмы міжнароднага права не атрымаецца. У выпадку адмовы дзяржавы супрацоўнічаць з МКС ён можа перадаць гэтае пытанне на разгляд Асамблеі ўдзельнікаў Рымскага статута ці ў Савет бяспекі ААН. У першым выпадку незразумела, што Асамблея можа зрабіць з Манголіяй, канкрэтных санкцый Статут не прадугледжвае. А Савет бяспекі ААН прадказальна не прыме ніякага рашэння на гэтую тэму, бо там у Расіі ёсць права вета. Ужо быў досвед, калі МКС расшукваў лідараў краін. Напрыклад, прэзідэнта Судана Амара Аль-Башыра. А ён падарожнічаў па іншых дзяржавах, і тыя, хто яго не выдаў, не адчулі на сабе асаблівых наступстваў.

Калі ж такі ордар некалі выдадуць на Лукашэнку, то ён, як і Пуцін, будзе вымушаны перад сваімі паездкамі ў краіны, якія ратыфікавалі статут МКС, атрымліваць гарантыі, што яго там не арыштуюць. Вядома, яго магчымасці змушаць іншыя дзяржавы ігнараваць свае міжнародныя абавязанні будуць меншыя, чым у Пуціна. Калі б на Лукашэнку быў ордар МКС, тая ж Манголія, якая прыняла Лукашэнку ў чэрвені, магла б проста аддаць перавагу таму, каб не звязвацца, і ветліва прапанаваць яму не прыязджаць. У выпадку з Лукашэнкам так магло б быць менш галаўнога болю і рэпутацыйнай шкоды.

Але і сама гэтая шкода — таксама гнуткая матэрыя. Калі мангольскі досвед з Пуціным будзе паўтораны яшчэ некалькі разоў у іншых краінах, то гэта дэвальвуе вагу ордараў Міжнароднага крымінальнага суда ў заходнім свеце. У нейкі момант страты ад парушэння такіх ордараў могуць стаць настолькі нязначнымі, што і для прыезду Лукашэнкі гэта больш не будзе перашкодай. Досвед як Пуціна, так і некалькіх афрыканскіх прэзідэнтаў, якія атрымалі на сябе такія ордары, паказвае, што палітычны эфект гэтага дзеяння часта пераацэньваюць.

Гэта важны ўрок для тых, хто спадзяецца, што варта толькі дамагчыся ордара на Лукашэнку ў Гаазе, як яго рэжым адразу ж саслабне. Быць злачынцам у міжнародным росшуку малапрыемна, але гэта рэпутацыйная праблема мае значэнне толькі ў вачах тых, хто ўсё яшчэ паважае Міжнародны крымінальны суд як аўтарытэтную інстанцыю. Як мы бачым на прыкладах Кітая ці ЗША, якія не далучыліся да Рымскага статута, так і на прыкладзе Манголіі, якая яго ратыфікавала, гэтая павага ў нашым свеце далёка не ўніверсальная.

Чытайце таксама