Службе хуткай гуманітарнай дапамогі вядомыя 15 прозвішчаў палітвязняў, якія днямі выйшлі на волю, паведаміў сузаснавальнік ініцыятывы Андрэй Стрыжак.
Паводле звестак BYSOL, з 15 чалавек, якія выйшлі на волю, пяцярым заставалася адбыць у зняволенні ў межах месяца, тром — у межах года, пяцярым — у межах 1,5−2 гадоў, аднаму чалавеку — у межах 2−3 гадоў, аднаму — больш за шэсць гадоў.
«Траціна палітвязняў, пра вызваленне якіх вядома, выйшлі б на волю цягам месяца (зразумела, што памятаем пра магчымасць „бонуснага“ гадавога тэрміну па КК 411). Абсалютная большасць вызваленых не з’яўляецца людзьмі сталага ўзросту з цяжкімі захворваннямі. Інфармацыя пра тое, што на волю выпускаюць найбольш хворых і старых, не адпавядае рэчаіснасці і з’яўляецца часткай дзяржаўнай прапаганды», — рэзюмаваў Стрыжак, дадаўшы, што ў яго ёсць звесткі пра вызваленне яшчэ аднаго палітвязня, але гэтая інфармацыя пакуль не пацверджаная.
Раней ПЦ «Вясна» расказаў, што праваабаронцам вядомыя прозвішчы 16 вызваленых палітвязняў: трох жанчын і 13 мужчын. Сярод іх — асуджаны на 10 гадоў калоніі Рыгор Кастусёў. Частка людзей выйшла на волю па амністыі, частка — па памілаванні.
Нагадаем, 2 ліпеня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што шэраг асуджаных «праціўнікаў беларускіх уладаў» найбліжэйшым часам можа выйсці на волю.
— Мы мусім дзейнічаць па-людску. Не здзіўляйцеся, калі праз некалькі дзён на волю выйдуць вельмі цяжка хворыя, як пішуць, нашыя, якія не паспелі збегчы і знаходзяцца ў месцах не так аддаленых, якія ламалі, разбурылі краіну ў 2020 годзе. Але гэта сапраўды цяжкахворыя. У асноўным з ракавымі захворваннямі, — заявіў Лукашэнка.
На наступны дзень, 3 ліпеня, улады вызвалілі некалькі палітзняволеных.