Саўмін апублікаваў спіс відаў дзейнасці, у якіх змогуць далей працаваць індывідуальныя прадпрымальнікі і самазанятыя.
Так, улады прыбралі з пераліку відаў дзейнасці, якімі і далей змогуць займацца ІП, гуртавы гандаль. Раздробны ў гэтым спісе застаўся.
Таксама прарэдзілі віды дзейнасці ў будаўніцтве. Пакінулі ў тым ліку электрамантажныя, санітарна-тэхнічныя, ізаляцыйныя, тынкавыя, сталярныя, цяслярскія, малярныя і шкляныя працы. А яшчэ — мантаж і ўсталяванне іншага інжынернага абсталявання, уладкаванне пакрыццяў падлогі і абліцоўванне сцен. Ёсць таксама пункты «іншыя аздобныя працы» і «іншыя спецыяльныя будаўнічыя работы».
Чаму з’явіўся спіс дазволеных відаў дзейнасці?
22 красавіка гэтага года Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон па пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці. Як і планавалася, чыноўнікі зрэзалі спіс відаў дзейнасці для ІП. Тым, хто не трапіў у гэты пералік, давядзецца або закрыцца зусім, або перайсці ў юрыдычную асобу. Віды дзейнасці, якія змогуць ажыццяўляць індывідуальныя прадпрымальнікі, да 1 ліпеня мусіў акрэсліць урад. Да пачатку гэтага месяца гэта зрабіць не ўдалося.
Па відах дзейнасці, якія не ўвайшлі ў гэты пералік, з 1 кастрычніка спыняць рэгістрацыю новых ІП.
Нагадаем, гэта не першая спроба чыноўнікаў урэгуляваць працу прадпрымальнікаў. Раней Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што ў перспектыве пацісне руку апошняму ІП.