Беларусь гатовая абмяркоўваць з Польшчай бяспеку на мяжы. Пра гэта заявіў журналістам міністр замежных справаў Беларусі Сяргей Алейнік па выніках перамоваў з расійскім калегам Сяргеем Лаўровым, перадае БЕЛТА.
— Гэтыя заклікі (кіраўніцтва Польшчы пра закрыццё мяжы з Беларуссю. — Заўв. рэд.) вядуць да эскалацыі, дэманструюць ультыматыўны характар выбудоўвання адносін з партнёрамі, — сказаў Сяргей Алейнік. — Адзіны шлях — гэта дыялог. Калі ў Польшчы да гэтага гатовыя, то мы гатовыя гэтыя тэмы абмяркоўваць. Але на раўнапраўнай і ўзаемапаважлівай аснове.
Нагадаем, 22 чэрвеня стала вядома, што ўрад Польшчы разглядае магчымасць закрыцця апошніх пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю. Пра гэта ў інтэрв'ю ў эфіры тэлеканала TVN заявіў міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі.
— У сувязі з дзеяннямі Беларусі мы разглядаем магчымасць закрыцця ўсіх памежных пераходаў. Цяпер мы вывучаем пытанне, ці ўплывае гэта на эканоміку, — сказаў Сікорскі.
Ён растлумачыў, што гэта звязана з беспарадкамі з мігрантамі на мяжы.
— Фіны закрылі памежныя пераходы з Расіяй, і праблемы скончыліся, — дадаў міністр.
У апошнія тыдні сітуацыя з мігрантамі на польска-беларускай мяжы пагоршылася. Колькасць спробаў незаконна перасячы мяжу зноў вырасла, а ў канцы траўня адбылося некалькі інцыдэнтаў з нападам на супрацоўнікаў Памежнай службы Польшчы. Пацярпелы салдат, які патруляваў мяжу, праз некалькі дзён памёр.
Праз эскалацыю Варшава вырашыла вярнуць на мяжы з Беларуссю 200-метровую буферную зону, куды забаронена заходзіць староннім, — такая зона ўжо дзейнічала ў пачатку міграцыйнага крызісу на мяжы ў 2021−2022 гадах.
Крызіс узнік на фоне пагаршэння адносін паміж Беларуссю і Літвой, Латвіяй і Польшчай вясной 2021 года. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь больш не будзе стрымліваць нелегальных мігрантаў у краіны Еўрасаюза, бо з прычыны санкцый «у нас на гэта няма ні грошай, ні сіл». З таго часу патокі мігрантаў амаль бесперапынна атакуюць мяжу ЕС, нават платы, якія давялося ўзвесці еўрапейскім краінам, не цалкам дапамагаюць іх стрымаць. Літва, Латвія і Польшча прынялі рашэнне не пускаць мігрантаў на сваю тэрыторыю. Яны разварочваюць іх і адпраўляюць назад у Беларусь, дзе іх нярэдка зноў прымушаюць штурмаваць мяжу.
На мяжы Польшчы і Беларусі цяпер працуе толькі адзін памежны пераход для пасажырскага транспарту («Брэст — Тэрэспаль») і адзін для грузавога аўтатранспарту («Кукурыкі — Казловічы»), а таксама грузавы чыгуначны пераход. Пункт пропуску ў Баброўніках польскі бок закрыў у 2023 годзе пасля таго, як у Беларусі асудзілі на восем гадоў зняволення гродзенскага журналіста, прадстаўніка польскай меншасці Андрэя Пачобута. Пункт пропуску ў Брузгах быў закрыты восенню 2021 года ў сувязі з нападамі мігрантаў, што спрабуюць нелегальна перасекчы мяжу.
Чытайце таксама