Улады спрабуюць пакараць як мага больш беларусаў, якія ўдзельнічалі ў пратэстах пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020-га ці проста выказваліся супраць дзеянняў сістэмы. Над тымі, хто з’ехаў з краіны, праводзяць завочныя суды, а перад гэтым пачынаюць спецыяльную вытворчасць. Палітычным «абвінавачаным» прызначаюць дзяржаўнага адваката, які мусіць адстойваць іх інтарэсы ў зале суда. Але многія з іх не могуць звязацца са сваімі абаронцамі — тыя проста не адказваюць на званкі і паведамленні. «Люстэрка» расказвае, што пра гэта вядома.
«Напісана: уладальнік гэтага пашпарта знаходзіцца пад абаронай дзяржавы. А дзяржава адмаўляецца ад сваіх абавязкаў мяне абараняць»
У сакавіку гэтага года стала вядома, што СК пачаў працэдуру спецвытворчасці ў дачыненні да праваабаронцы і былога палітвязня Леаніда Судаленкі. Яго абвінавачваюць па чч. 1 і 2 арт. 361−4 (Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці). Судаленка даведаўся прозвішча адвакаткі, а потым паспрабаваў звязацца з ёю праз Telegram і Viber. Ён адзначае, што пісаў і тэлефанаваў у розны час сутак, ведаючы, што адвакаты могуць не браць слухаўку, бо знаходзяцца на паседжанні. Але ніякай рэакцыі не дачакаўся.
— Я скіраваў ёй такі ліст: «Калі ласка, у вас ёсць два шляхі — адмовіцца ад справы ці мяне абараняць. Калі не будзеце абараняць, заяўляйце самаадвод і выходзьце са справы». Нават даслаў копію пашпарта, каб яна магла мяне ідэнтыфікаваць. Я ведаю, па якім артыкуле мяне абвінавачваюць, але якія абставіны справы? Хацеў гэта даведацца. Даў ёй магчымасць звязацца са мной, але яна не выйшла на сувязь і самаўхілілася. Напэўна, у яе падпіска пра неразгалошванне. Але ж удакладніць маю прававую пазіцыю па справе яна абавязаная. У яе з’явіліся такія абавязкі, калі яна прыняла на сябе гэтую спецвытворчасць (я ўжо нават не кажу пра тое, мусіць яна увогуле мяне абараняць ці не). Таксама адвакатка павінная выдаць мне копію прысуда, бо паводле спецвытворчасці яна будзе выдадзеная выключна абаронцы, нават на сайтах ён не вывешваецца. А як мне яго атрымаць? Таму пасля суда я зноў напішу — прапаную, раз яна не хоча са мной размаўляць, выслаць копію заказным лістом па месцы рэгістрацыі.
Судаленка расказвае, што спрабаваў сам знайсці іншага адваката, які б узяўся працаваць з ягонай справай. Але наняць нікога не змог:
— Абзваніў адвакацкія канторы ў Гомелі. Як мінімум пяць чалавек, як толькі чулі маё прозвішча, адразу знаходзілі сем прычын адмовіцца ад удзелу. А я нават прапанаваў двайны тарыф. То-бок па гэтых справах кагосьці знайсці немагчыма.
Пакуль праваабаронца скіраваў скаргу ў Мінюст на парушэнні з боку сваёй абаронцы. Праўда, кажа, ведамства перадало яе ў Гомельскую абласную калегію адвакатаў, а там знайшлі спосаб пазбегнуць каментара наконт такіх дзеянняў.
— Яны адказалі, што ў адваката няма абавязку ідэнтыфікаваць анлайн. Маўляў, прыходзьце да яе, яна будзе працаваць на вашую карысць. То-бок фактычна адправілі ў турму. Бо калі я прыеду ў краіну, мяне зноў арыштуюць, бо я абвешчаны ў вышук. А сем гадоў у турме я не вытрымаю са сваім станам здароўя, для мяне гэта будзе фактычна смяротны прысуд. Таму ехаць, удзельнічаць у гэтым не магу праз пагрозу свайму здароўю і жыццю.
12 чэрвеня Гомельскі абласны суд пачне разглядаць крымінальную справу Леаніда, туды ж ён скіраваў заявы пра адвод адваката і суддзі, якіх яму прызначылі.
— Суддзі — бо ён прызначыў разгляд справы з парушэннем арт. 115 Канстытуцыі, які кажа пра тое, што правасуддзе ў Беларусі ажыццяўляецца на аснове спаборніцтва і роўнасці бакоў у працэсе, — адзначае Леанід. — Фактычна гэты суддзя — суўдзельнік злачынства па вынясенні заведама неправасуднага прысуда (арт. 392 УК РБ. — Заўв. рэд.). Як і адвакатка, калі не ўзгадняе са мной абарону. Таксама я прапанаваў (спасылаючыся на арт. 343 дад.1 КПК), каб мяне апыталі праз відэаканферэнцыю як абвінавачанага.
Праваабаронца кажа, што таксама скіраваў у Вярхоўны суд прапанову, каб Канстытуцыйны суд праверыў саму працэдуру спецвытворчасці на адпаведнасць Канстытуцыі. Ён лічыць, што нормы галоўнага закона краіны могуць парушацца.
— Я перакананы, што супярэчыць, бо немагчыма ў цяперашніх умовах забяспечыць спаборніцтва і роўнасць бакоў у працэсе. У мяне такі самы пашпарт, як у Валянціна Сукалы — галоўнага суддзі краіны (старшыні Вярхоўнага суда. — Заўв. рэд.). На другой старонцы напісана: «Уладальнік гэтага пашпарта знаходзіцца пад абаронай дзяржавы». А дзяржава адмаўляецца ад сваіх абавязкаў мяне абараняць. Наадварот, спачатку праз палітычныя рэпрэсіі вымусіла з’ехаць, а цяпер працягвае пераследаваць. Таксама былі публічныя заявы найвышэйшых чыноў, што, магчыма, будуць пазбаўляць грамадзянства, атрыманага па нараджэнні.
Таксама ў мяне арыштавалі зямельны ўчастак, які знаходзіцца ў пажыццёвым спадчынным валоданні, а на ім стаіць дом, ён ва ўласнасці жонкі. Яшчэ ў беларускім заканадаўстве не ўвялі тэрмін «сям'я ворага народа». Пакуль не думаю, што прыйдуць і забяруць гэты дом. Але ці прыйдуць яны ў кватэру, дзе жонка і сын жывуць? Бо, хоць гэтая кватэра і на ёй, мы яе ў шлюбе атрымалі. Усе гэтыя аргументы я прывёў старшыні суда, але не ведаю, як будуць развівацца падзеі.
Судаленка лічыць, што спецвытворчасць, з улікам тэрмінаў і штрафаў, якія па ёй пагражаюць фігурантам, — гэта палітычная расправа над нязгоднымі, якія з’ехалі за мяжу, каб забіраць у іх маёмасць.
— Па «экстрэмісцкім» артыкуле тэрмін пазбаўлення волі — да сямі гадоў, штраф — да 50 тысяч базавых, гэта больш чым паўмільёна еўра па гэтым экстрэмісцкім артыкуле (2 млн рублёў. — Заўв. рэд.), — тлумачыць мужчына. — Такі штраф нават для еўрапейскай краіны нерэальны. А з беларускімі даходамі як можна яго даваць? Гэтыя суддзі, якія выносяць прысуды, думаюць, што ў краіну ніколі не вернецца законнасць? Я сябе лічу разумным чалавекам і ўпэўнены, что хутка гэта ўсё знікне і ўсім давядзецца адказваць. Лукашэнка, адыходзячы, незалежна ад таго, як гэта адбудзецца, разам з сабой усе прысуды забярэ. Пытанне часу, калі палітычна рэпрэсаваныя будуць рэабілітаваныя з выплатай разумных і справядлівых кампенсацый.
Праваабаронца лічыць, што так дзяржсістэма ў краіне ператварае адвакатаў у суўдзельнікаў злачынстваў, якія здзяйсняюцца ў сферы права.
— Акрамя чалавека ў мантыі на месцы суддзі ў зале будзе сядзець сакратар, пракурор і прызначаная мне адвакатка, якая будзе моўчкі ківаць галавой. Што яна будзе казаць? Судаленка невінаваты? Дык яна не мае права на гэта, бо, паўтаруся, не ведае маёй прававой пазіцыі. Ці будзе казаць: «Судаленка вінаваты»? Таксама не мае права, дык хто яна? Суўдзельніца, а не мая абаронца. Яны фактычна пазбавілі мяне права на абарону ў гэтым працэсе.
Праваабаронца кажа, што пасля вынясення прысуду будзе працягваць абараняцца: падаваць апеляцыю, а потым і касацыю.
— А пасля — выцягну справу на магчымыя международныя пляцоўкі. Зноў жа, ёсць даклад Савета ААН па правах чалавека, і там кажуць пра разумныя падставы лічыць, што ў Беларусі здзяйсняюцца крымінальныя злачынствы супраць чалавечнасці ў выглядзе гэтых пераследаў. Мой кейс таксама ў гэты партфель ляжа. Сітуацыю трэба мяняць. Мы не павінныя маўчаць — трэба нават не казаць, а крычаць пра тое, што адбываецца ў краіне, — заключае Леанід Судаленка.
«Важна не заахвочваць нармалізацыю новай рэальнасці, якую прапануе нам рэжым, і не прывыкаць да яе самім»
З падобнай «камунікацыяй» беларусы, якія з’ехалі, сутыкаліся і раней. У сакавіку суд Заводскага раёна Мінска вынес прысуд па справе пра «зрыў рэспубліканскага рэферэндуму» 2022-га. Адной з фігурантак была кіраўніца ініцыятывы «Сумленныя людзі» Алена Жываглод. Суддзя Дзмітрый Лукашэвіч асудзіў яе на чатыры гады калоніі. Але ніякіх дэталяў самога працэсу Алена так і не даведалася, як і прозвішча чалавека, які мусіў выступаць яе адвакатам.
— Я пісала заяву ў Рэспубліканскую калегію адвакатаў, загадчыкам юрыдычных кансультацый двух раёнаў Мінска, у якой прасіла паведаміць, хто мой адвакат у спецвытворчасці. Хацела рэалізаваць сваё права на абарону — папрасіла выслаць мне інфармацыю праз электронную пошту, — тлумачыць Алена. — Я звярталася ў студзені 2024 года, нагадвала ім, што адказу няма, але не атрымала яго дагэтуль. У сваім звароце я спасылалася на п. 3. арт. 18 Закона «Пра адвакатуру і адвакацкую дзейнасць». Ён кажа пра тое, што адвакат не мае права дзейнічаць насуперак інтарэсам кліента, то-бок маім, не мае права займаць прававую пазіцыю, не ўзгодненую з кліентам, за выключэннем такога права ў выпадку прызнання віны.
Актывістка шчыра прызнаецца, што не чакала адказу ад калегій, якія цяпер дзейнічаюць у адпаведнасці з інтарэсамі ўладаў. Але лічыць, што самім фігурантам такіх палітычна матываваных справаў не варта закрываць вочы на парушэнне правоў і нормаў.
— Мне было цікава, наколькі яны педантычна і карпатліва адпрацоўваюць па ўсіх гэтых спецыяльных вытворчасцях, — кажа беларуска. — Мне здавалася важным абазначыць сваё стаўленне да дзеянняў рэжыму, не прамаўчаць у адказ. Праз тое, што яны не адказалі, я не засмуцілася. Але бачу рэакцыю некаторых маіх калег, каляжанак з дэмакратычнай супольнасці на гэтыя справаводствы, так званыя суды. І мяне насцярожвае, калі да гэтага падыходзяць з гумарам і жартамі. Мне здаецца важным для нас, для грамадства не заахвочваць нармалізацыю такой новай рэальнасці. І там, дзе дарэчна і магчыма, абазначаць сваю грамадзянскую пазіцыю, паказваць на анархію, у тым ліку прававую. Тут мала смешнага. Трэба абазначаць, што гэта надуманыя крымінальныя справы і нічога агульнага з законам яны не маюць.
Што адказваюць у Рэспубліканскай калегіі?
Журналістка «Люстэрка» патэлефанавала ў Беларускую рэспубліканскую калегію адвакатаў ад імя сваячкі аднаго з беларусаў, якія з’ехалі, што праходзіць фігурантам па адной з такіх справаў. Пачуўшы пытанне пра тое, чаму прызначаныя дзяржавай адвакаты ігнаруюць сваіх кліентаў і тым самым не выконваюць свае абавязкі, па тэлефоне адказваць адмовіліся.
— Я не магу вас пракансультаваць. Калі вы хочаце атрымаць кансультацыю, пішыце пісьмовы зварот — вам адкажуць. Нічога не магу вам патлумачыць. Я не ўпаўнаважаная гэта рабіць, — адказала супрацоўніца калегіі і дадала, што ёй нічога не вядома пра тое, ці ёсць даручэнне або сакрэтная рэкамендацыя для спецыялістаў не даваць ніякай інфармацыі сваім падабаронным па спецвытворчасці.
«За што наогул караць адвакатаў — за тое, што яны выконваюць сваю працу і перадаюць матэрыялы суда?»

Многія сябры Беларускай асацыяцыі адвакатаў па правах чалавека працавалі з такімі справамі. Прэзідэнтка асацыяцыі Марыя Колесава-Гудзіліна расказвае, што не ўсе беларусы спрабуюць звязацца са сваімі абаронцамі ўнутры краіны ці хаця б даведацца пра іх прозвішчы. Аднак, паводле яе падлікаў, больш чым 20 чалавек звярталіся з такімі пытаннямі. Усё безвынікова.
— Па-добраму адвакат, атрымаўшы ўсе матэрыялы справы, мусіць пазнаёміць свайго кліента з імі. У прынцыпе, я думала, што так і будзе. Адвакаты будуць даваць пастановы, і мы будзем бачыць, што там адбываецца, — кажа яна. — Але тыповая сітуацыя, калі мы наогул не ведаем, што за адвакат вядзе справу. Спрабуем даведацца на стадыі следства. Але гэта практычна немагчыма. Даведваемся падчас суда, калі пішам хадайніцтва і атрымліваем на яго адказ ужо ад суда. Далей у людзей былі спробы звязацца з адвакатамі ў мэсэнджарах. Там камусьці не адказваюць, камусьці адмаўляюць, кагосьці нават блакавалі. Спрабавалі звязвацца праз пошту юрыдычнай кансультацыі, праз скаргі ў Міністэрства юстыцыі. Адказу няма. Хоць кліент мае права патрабаваць матэрыялы сваёй справы — раптам ён хоча адмовіцца ад паслуг, наняць іншага чалавека? І тут такі дзіўны факт: за нейкі каментар у СМІ ці нейкую дробязь адвакатаў пазбаўляюць ліцэнзіі, а калі яны адмаўляюцца кантактаваць са сваім кліентам, міністэрства не рэагуе ніяк. Атрымліваюцца нейкія падвойныя стандарты.
Паводле Колесавай-Гудзілінай, ёй і яе калегам не вядома ніводнага выпадку, калі беларусу за мяжой удалося б дамагчыся нейкай інфармацыі па справе ці рэакцыі адваката.
— З аднаго боку, я разумею гэтых адвакатаў, бо ў іх бяруць падпіску пра неразгалошванне, ім пагражаюць, што прыцягнуць да адказнасці. Разумею, што ім страшна, не хочацца садзіцца ў турму, напрыклад, за тое, што яны дадуць інфармацыю. То-бок гэтая гісторыя нібы зразумелая з чалавечага боку, але ў той жа час ёсць спосабы адмовіцца ад вядзення такіх працэсаў, — лічыць Колесава-Гудзіліна.
Юрыстка звяртае ўвагу на тое, што ў выпадку адмовы адваката ад зносін парушаюцца правілы судовага працэсу. У такой сітуацыі ён не выконвае свой абавязак дзейнічаць у інтарэсах кліента. У такім выпадку ён дзейнічае ў інтарэсах іншага боку або дзяржавы, як у выпадку з апошнімі беларускімі рэаліямі.
— Паводле Закона «Пра адвакатуру і адвакацкую дзейнасць» адвакаты павінныя дзейнічаць у інтарэсах кліента. Але ніхто з іх нават не высвятляе гэтыя інтарэсы. Можа, іх падабаронныя віну прызнаюць? Гэта парушэнне ўсіх правілаў, уключаючы этычныя стандарты. Чаму раптам не працуе адвакацкая таямніца? Чаму чалавек не можа пагаварыць са сваім адвакатам, якога яму прызначыла дзяржава? — задаецца пытаннямі Гудзіліна. — Сама па сабе спецвытворчасць не забароненая Міжнародным пактам пра грамадзянскія і палітычныя правы. Але мусяць быць выкананыя нормы! Кожны чалавек мусіць ведаць, у чым яго абвінавачваюць. Калі мы бачым закрытае судовае паседжанне, то можам толькі здагадацца або даведацца з дзяржСМІ, нейкага прэс-рэлізу СК ці Вярхоўнага суда пра прысуд. Як гэта суадносіцца са справядлівым судом?
За што наогул караць адвакатаў? За тое, што яны выконваюць сваю працу і перадаюць матэрыялы суда? Не разумею. Калі ідзе ўмяшанне ў адносіны адваката і кліента, тут у любым выпадку парушаецца права на абарону, адвакацкая таямніца і наогул у прынцыпе вядзенне крымінальнага працэсу. Таму што ён — абаронца. І незалежна ад таго, аплачаны ён дзяржавай або самім кліентам, правы і гарантыі не мяняюцца.
Пры гэтым юрыстка не выключае, што нават у такіх умовах прызначаныя дзяржавай спецыялісты могуць спрабаваць адстойваць інтарэсы сваіх падабаронных, нават калі адмовіліся кантактаваць з імі ці праігнаравалі іх звароты.
— Я дапускаю, што адвакат можа нават вельмі нядрэнна працаваць у гэтым працэсе, намагацца з усіх сіл абараніць і гэтак далей. Але як наогул пабудаваць абарону без самога чалавека, які скажа, што ён думае з нагоды абвінавачання? — дзівіцца яна.
Колесава-Гудзіліна таксама адзначае, што беларусы, якія праходзяць фігурантамі спецвытворчасці, спрабуюць самастойна наняць іншага абаронцу. Але нічога не выходзіць — спецыялісты не згаджаюцца працаваць са справамі такога тыпу. Чым такі стан справаў выгадны ўладам?
— Тут усё вельмі проста. Любы адвакат, які трапляе ў працэс, — гэта магчымасць атрымаць нейкія матэрыялы з жывымі подпісамі. Гэта дакументаванне ўсяго, што адбываецца,-лічыць Колесава-Гудзіліна. — Калі ў нас ёсць дакументальнае пацверджанне ўдзелу таго ці іншага суддзі, народнага засядальніка, пракурораў, следчых і гэтак далей, рана ці позна, хоць і не проста цяпер, адказнасць за іх учынкі іх дагоніць. Хай і праз 80 гадоў. Яны ўсе юрысты і разумеюць гэта самі. Для гэтага і існуюць платформы, якія дакументуюць злачынствы супраць чалавечнасці. А ў дадзеным выпадку ўсё, што яны робяць, — сапраўдныя злачынствы. Таму навошта ўладам апублічваць доказы?
Экспертка лічыць, што ў Беларусі спецыялістаў гэтай сферы «нібыта ставяць у бязвыхадную сітуацыю» і могуць штурхаць на такія працэсы, не пакідаючы магчымасці адмовіцца ад працы з імі:
— Мне вельмі шкада, бо цяпер у краіне адвакатуры не існуе, але існуюць адвакаты. Сітуацыя вельмі дзіўная — як ацэньваць іх дзеянні ці бяздзейнасць? Некаторыя ж трапляюць у такія працэсы вымушана. Напрыклад, многія былі вымушаныя сысці ў юрыдычныя кансультацыі. У некаторых такіх кансультацыях ёсць дзяжурствы на следстве, на судах. Калі чалавек у гэты дзень трапляе на выклік па спецвытворчасці, адмовіцца ён не можа. Не выключана, што ён тысячу разоў выдатны адвакат, у яго ўсё нармальна з сумленнем, каштоўнасцямі, але ён вымушана аказваецца ў такіх умовах працы. А калі спрабуе дзейнічаць паводле цяперашніх нормаў унутры краіны, да яго могуць ужыць нейкія меры ўздзеяння. Думаю, часам могуць спецыяльна рабіць так, каб такая справа на дзяжурстве трапіла камусьці пэўнаму. Мне шчыра шкада такіх людзей. Тым больш калі суддзі самі ўсё гэта робяць, то ў адвакатаў сітуацыя іншая. Але паўтаруся, нягледзячы ні на што, якая б ні была дзяржава, трэба дзейнічаць у інтарэсах кліента. Можа, гэта складана камусьці тлумачыць у сітуацыі, калі чалавек у канцлагеры і на коне яго жыццё.
Што застаецца беларусам, якія становяцца фігурантамі такіх справаў і судоў, на якіх яны не могуць прысутнічаць і пра якія не могуць нічога ведаць? Юрыстка раіць не ставіцца да гэтага несур’ёзна і сачыць за сітуацыяй з дапамогай беларускіх спецыялістаў, якія знаходзяцца за мяжой. Вось чаму гэта, на яе думку, важна:
— Многія скажуць: «Навошта вы легітымізуеце гэты суд тым, што да яго звяртаецеся?» Але мы перш за ўсё юрысты і дзейнічаем у прававым полі, спрабуем выкарыстоўваць тыя нормы, якія ёсць. Лічу, што трэба прымаць актыўную пазіцыю. Адзін з маіх падабаронных, Франак Вячорка, напісаў зварот у суд, каб яго падключылі да відэаканферэнцыі і далі магчымасць пазнаёміцца з матэрыяламі справы, далі інфармацыю пра абаронцу. Адказу мы пакуль не атрымалі, але будзем з гэтай сістэмай узмоцнена змагацца. Іншыя людзі могуць таксама звяртацца ў нашую асацыяцыю. Бо, калі чалавек хоча потым скарыстацца нейкімі міжнароднымі механізмамі (хоць іх і вельмі мала цяпер для Беларусі), то паўстане пытанне, чаму ён не абскардзіў рашэнне гэтага суда, — заключае Колесава-Гудзіліна.
Чытайце таксама


