У аўторак, 4 чэрвеня, завяршыўся візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Манголію. У гэтай краіне палітык прабыў чатыры дні, за якія паспеў пакрыўдзіцца на мясцовых журналістаў, пастраляць з лука, пасадзіць дрэвы і атрымаць у падарунак двух коней. Навошта Лукашэнка паехаў у краіну, дзе не быў ні разу за больш чым 30 гадоў дыпламатычных адносін? Якія мэты ён пераследаваў? «Люстэрка» спытала ў экспертаў.
«Турыстычная кампанента візіту пераважала»
Палітычны аналітык Аляксандр Фрыдман лічыць, што паездку Лукашэнкі ў Манголію можна назваць палітычным турызмам, які прапаганда выдае за вялікі поспех на дыпламатычным полі.
— Мы бачылі Лукашэнку ў музеі Чынгісхана, на нейкім свяце, ён страляў з лука, — заўважае Фрыдман. — Турыстычная кампанента візіту пераважала нават па аб’ёме таго, што нам паказвае афіцыйная прапаганда. Вядома, гэта карпатлівая праца Сяргея Алейніка, узначаленага ім Міністэрства замежных справаў і іншых ведамстваў, якія працавалі над гэтым візітам. З аднаго боку, Лукашэнку хочацца ездзіць, яму цікава паглядзець на новыя краіны, у якіх ён раней не быў. Але насамрэч гэта выглядае вельмі сціпла, як і паездкі ў Зімбабвэ або Экватарыяльную Гвінею. Вядома, прапаганда распісвае, якія ёсць магчымасці ад супрацоўніцтва з Манголіяй, але я думаю, што вялікіх праектаў у выніку не будзе.
Палітычны аглядальнік інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандр Класкоўскі таксама ўпэўнены, што паездка ў Манголію пераследавала хутчэй прапагандысцкія, чым практычныя мэты. Эксперт заўважае, што пра гэта прагаварыўся і сам палітык.
— Ён зрабіў гэта, калі спрачаўся з тамтэйшай апазіцыяй, сказаўшы, што ў Беларусі і Манголіі мізэрны аб’ём тавараабароту, усяго 30 мільёнаў даляраў, таму ён не для выгады прыехаў, — кажа Аляксандр Класкоўскі. — Вядома, гэта вельмі мала. І хоць разам з Лукашэнкам прыбыла цэлая дэлегацыя з бізнесоўцаў, дырэктараў і міністраў, я думаю, што ў сілу аб’ектыўных прычын ніякага скачка ў двухбаковым гандлі не здарыцца. Таму што і краіна далёкая, і рынак у ёй не вельмі ёмісты — там усяго трохі больш за 3,4 мільёна насельніцтва.
«Мангольская апазіцыя „пашчыпала“ госця даволі сур’ёзна»
На думку Аляксандра Фрыдмана, наўрад ці Лукашэнку ўдалося моцна палепшыць свой імідж гэтай паездкай. Палітолаг заўважае, што супраць палітыка граюць нават кадры афіцыйнай прапаганды.
— Асабліва звяртае на сябе ўвагу фотаздымак Лукашэнкі з прэзідэнтам Манголіі Ухнаагійнам Хурэлсухам, — адзначае Фрыдман. — Прыкметная розніца ва ўзросце — прэзідэнт Манголіі нарадзіўся ў 1968 годзе, а Лукашэнка — у 1954-м. Усё тое, што яго прэс-служба звычайна хоча схаваць (фізічная форма, стан здароўя і ўзрост), на фоне прэзідэнта Манголіі, які выглядае сапраўды лепш, становіцца вельмі прыкметным.
Пра піяр-правалы Лукашэнкі падчас візіту ў Манголію кажа і Аляксандр Класкоўскі. Палітычны аналітык «Позірку» адзначае, што гэтаму спрыяла наяўнасць у азіяцкай краіне дэмакратычнай палітычнай сістэмы і свабодных СМІ.
— Спачатку былы прэзідэнт Манголіі Элбэгдорж Цахіагійн нагадаў Лукашэнку, што над ім вісіць пагроза ордара Міжнароднага крымінальнага суда, — кажа Класкоўскі. — Вядома, мангольскі палітык паставіў калёсы наперадзе каня, бо фармальна ордар яшчэ не выпісаны, але гэта стварыла непрыемны фон для візіту. Але яшчэ Лукашэнка, здаецца, быў ашаломлены тым, што ў Манголіі ёсць апазіцыйная прэса і палітычная апазіцыя. Яны ніякія не «збеглыя», а спакойна жывуць у сваёй краіне. І яны «пашчыпалі» гэтага госця даволі сур’ёзна. Ён нават не вытрымаў і ўступіў у публічную палеміку з мангольскай апазіцыяй.
Чытайце таксама