З 1 чэрвеня ў Беларусі згодна з указам Аляксандра Лукашэнкі мусілі падняць тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі. Прычым рост на некаторыя з іх быў запланаваны на ўзроўні 25%. Пра павышэнне тарыфаў на ЖКП паведамлялі і камунальнікі, і партал камунальнай пісьменнасці насельніцтва, і дзяржСМІ, і нават буйныя заводы папярэдзілі пра гэта сваіх работнікаў. Увогуле, пра гэта расказалі ўсе, хто мог. Аднак у МАРГ і Міністэрстве ЖКГ цяпер сцвярджаюць, што гарачая вада і ацяпленне ў гэтым месяцы не даражэлі.
У апошнія гады ў Беларусі падымаюць тарыфы на ЖКП у два этапы — з 1 студзеня і 1 чэрвеня. Улетку звычайна даражэюць гарачая вада, ацяпленне, электрычнасць пад абаграванне жылля. Паводле такой самай схемы былі вызначаныя тарыфы і на 2024-ы. Адзінае адрозненне, што ўказ Аляксандра Лукашэнкі з’явіўся толькі ў пачатку лютага, то-бок ЖКП падаражэлі задняй датай — з 1 студзеня. Наступнае павышэнне было запланаванае на 1 чэрвеня, рост па асобных паслугах чакаўся адразу на 25%.
Перад надыходам чэрвеня пра падаражэнне ЖКП паведамілі ў тым ліку дзяржвыданні (тут, тут і тут).
Аднак цягам трох дзён профільныя ведамствы афіцыйна пра гэта нічога не паведамлялі. Нашая журналістка як спажывец звярнулася ў МАРГ і Міністэрства ЖКГ, каб удакладніць наконт росту тарыфаў — выявілася, што такое рашэнне яшчэ не прынятае.
— Аднак дзяржСМІ (у прыватнасці БЕЛТА) пішуць, што з 1 чэрвеня на 9,65 рубля падаражэлі ацяпленне і падагрэў вады, — удакладнілі мы ў спецыялісткі аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі МАРГ і папрасілі растлумачыць, дзе знайсці падрабязнейшую інфармацыю.
— Яны пішуць недакладную інфармацыю. Тарыфы з 1 чэрвеня для насельніцтва на цеплавую энергію для ацяплення і падагрэву вады не мяняюцца, — адказала спецыялістка МАРГ. — Яны застаюцца нязменнымі на дадзены момант.
— То-бок правільна я разумею, што за чэрвень цана на гарачую ваду не павысіцца?
— Так. Без зменаў.
Гэтую інфармацыю нашай журналістцы як спажыўцу пацвердзілі таксама на гарачай лініі Міністэрства ЖКГ. Туды мы звярнуліся з пытаннем, дзе паглядзець тарыфы на ЖКП, якія паднялі з 1 чэрвеня (на сайце міністэрства цяпер пазначаныя леташнія расцэнкі). Прадстаўніца ведамства ўдакладніла са спасылкай на ўпраўленне эканомікі:
— На сённяшні дзень пастанова што да павелічэння тарыфаў не прынятая ўрадам. То-бок гэта пакуль у рэжыме абмеркавання. З нагоды тарыфаў — указ [Аляксандра Лукашэнкі] ад 2 лютага 2024 года № 41. Вы можаце знайсці яго на pravo.by і там пачытаць па тарыфах. А наконт павышэння па ацяпленні пытанне пакуль не вырашанае — урад вырашае, пакідаць так або [павышаць].
У гэтым указе ў тым ліку прапісаныя «памежна дапушчальныя тарыфы» на некаторыя камунальныя паслугі з 1 чэрвеня. Звычайна дакладна на столькі яны і даражэюць. Аднак, мяркуючы з тлумачэнняў прадстаўнікоў двух ведамстваў, пакуль урад не прыняў канчатковага рашэння, ці падымаць кошт ЖКП, як прапісана ва ўказе Аляксандра Лукашэнкі.
Падобная сітуацыя была ў 2022 годзе, калі аналагічным дакументам быў прадугледжаны рост цэн на камунальныя паслугі, аднак урад постфактум адкруціў гэтае рашэнне.
Чытайце таксама