У сярэдзіне траўня сілавікі пачалі масава арыштоўваць маёмасць беларусаў, якія з’ехалі ад рэпрэсій за мяжу. Спрабуючы выставіць гэтыя дзеянні законнымі і справядлівымі, дзяржСМІ разгарнулі цэлую кампанію. Але колькасць разнастайных прапагандысцкіх тлумачэнняў, апраўданняў і абгрунтаванняў для гэтага фармальна ўзаконенага рабаўніцтва паказвае, што нават яго арганізатары не ўпэўненыя ў справядлівасці і рэальнай законнасці такіх дзеянняў. У пошуках хоць нейкіх пацверджанняў правамернасці дзеянняў сілавікоў супрацоўнікі дзяржаўных медыя звярнуліся нават да матэрыялу «Люстэрка» — але сказілі яго сэнс. Якія наогул апраўданні прапагандысты прыдумалі для канфіскацый жылля ў «непажаданых» грамадзян і што з імі не так? Расказваем.
Ігар Тур і спроба растлумачыць усё санкцыямі
Супрацоўнік тэлеканала АНТ Ігар Тур спрабаваў абгрунтаваць справядлівасць і правамернасць канфіскацый кватэр грамадзян, якія з’ехалі з краіны, 20 траўня. Сюжэт яго праграмы «Будет дополнено», выкладзены АНТ у YouTube, дзяржаўнае СМІ забяспечыла загалоўкам з мноствам вялікіх літар: «КВАРТИРА БУДЕТ ИЗЪЯТА как компенсация потерь Беларуси из-за санкций / ПАКОСТИ БЕГЛЫХ и МЕМ КГБ».
Пачаў прапагандыст аповед пра адбіранне маёмасці з традыцыйных для беларускіх уладаў пагроз:
— Біць будзем акуратна, але моцна.
Потым супрацоўнік тэлеканала, які фінансуецца з бюджэту дзяржавы, абыграў вядомае нецэнзурнае выказванне, якім звычайна апісваюць жаданне людзей атрымаць нейкія выгады, не прыклаўшы для гэтага сур’ёзных намаганняў:
— У збеглых (так улады і прапаганда называюць грамадзян, якія з’ехалі з краіны праз палітычны пераслед. — Заўв. рэд.) склалася дурная ілюзія: яны лічаць, што яны і ўжылі ў ежу рыбку, і зрабілі… ну, тое самае, другое.
Пасля гэтага ўступлення Тур перайшоў да справы. Адзначым, што яго падыход да абгрунтавання правамернасці канфіскацый маёмасці суправаджаўся словамі, якія можна трактаваць як спробы распальвання сацыяльнай варожасці і разладу паміж дзвюма групамі беларусаў: якія з’ехалі з краіны і якія засталіся ў ёй. Нагадаем, што гэтае дзеянне (ч. 2 арт. 130 КК РБ — паколькі ў гэтым выпадку выкарыстоўваюцца службовыя паўнамоцтвы) караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў.
Так, паводле Тура, грамадзяне, якія з’ехалі з краіны і якіх прапагандыст называе «збеглымі», за мяжой занятыя тым, што заклікаюць накладаць на Беларусь санкцыі. Нібыта менавіта ў адказ на гэта ўлады завочна асуджаюць іх на шматгадовыя тэрміны і адбіраюць маёмасць — у гэтым месцы Тур спрабуе далучыць да гэтага працэсу ўсю сваю аўдыторыю, выкарыстоўваючы слова «мы.»:
— Мы за гэта выносім ім завочныя прысуды на шмат гадоў турмы.
У апісанні прапагандыста рэакцыя грамадзян, што эмігравалі, на гэтыя прысуды выглядае так:
— А яны нам адтуль фігвамы малююць, бо вяртацца ў Беларусь яны не збіраліся.
Потым Тур прызнае, што санкцыі прыводзяць да стратаў для беларускай эканомікі — а далей выдае сваё дапушчэнне пра тое, што гэтую шкоду павінныя кампенсаваць беларусы замежжа, за аб’ектыўны факт:
— Эканамічная шкода ад іх дзеянняў ёсць, так што мусіць быць і кампенсацыя шкоды, ці не так?
Пры гэтым прапагандыст нават адхіляе афіцыйную версію ўладаў пра тое, за што менавіта ў беларусаў, якія з’ехалі, адбіраюць уласнасць. Нагадаем, першапачаткова Следчы камітэт заяўляў, што ператрусы і арышты маёмасці пачаліся пасля ўдзелу прадстаўнікоў дыяспар у святкаванні Дня Волі за мяжой — паводле сцверджанняў сілавікоў, тым самым яны «паспрабавалі рэалізаваць злачынны план збеглых лідараў, які мае намер нанясення шкоды стратэгічным нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь па забяспечанні незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту, непахіснасці канстытуцыйнага ладу».
Але вось што кажа Тур:
— Яны [прадстаўнікі дыяспар] збіваюцца ў купкі і робяць гадасці супраць нашай краіны. Тое, што яны ходзяць на нейкія акцыі і махаюць сімволікай, гэта дурасць, вядома, але не гэта галоўнае. Купкі працягваюць заклікаць краіны, у якіх цяпер жывуць — ад урадаў да прыватных кампаній, — уводзіць санкцыі супраць Беларусі ці з Беларуссю не супрацоўнічаць, ад чаго Беларусь нясе нейкія эканамічныя страты. <…> Я тройчы падкрэслю: Беларусь не пераследуе за іншадумства, не карае за цяганне на акцыях у Польшчы ці Літве і наогул не асабліва заклапочаная тым, чым займаюцца гэтыя таварышы на тэрыторыі іншых краін. Калі б не адно «але»: заклікі да санкцый з іх боку былі і ёсць, санкцыі — былі і ёсць, шкода ад іх бюджэту наносіцца, так што кампенсаваць страты ад іх злачынных дзеянняў мы будзем таксама эканамічнымі мерамі.
Для пацверджання сваіх словаў Тур расказаў гледачам пра тое, што Следчы камітэт нібыта высветліаў асобы «ўсіх гэтых нядобрых грамадзян» (яшчэ адзін дзіўны тэрмін, які выкарыстоўвае ў сваёй праграме Тур, — «беларусы замежжа дэструктыўнай скіраванасці»).
Адразу адзначым, што аргумент пра тое, што канфіскацыі кватэр — гэта кампенсацыя для дзяржавы за шкоду ад санкцый, выглядае абсалютна надуманым, прычым адразу з некалькіх прычын.
Для пачатку, каб кампенсаваць нейкую шкоду, варта ведаць хаця б яе памер. Таксама варта вызначыць ступень датычнасці нейкай асобы да нанясення гэтай шкоды, каб зразумець, якую менавіта частку мусіць кампенсаваць кожны канкрэтны чалавек.
Але з вызначэннем шкоды ад санкцый ва ўладаў ёсць праблемы. Санкцыі выкарыстоўваюцца імі як элемент прапаганды, і памер стратаў ад іх пастаянна падладжваецца пад момант. Калі гаворка заходзіць пра канфіскацыю маёмасці грамадзян, ён раптам становіцца істотным. А ў іншых сітуацыях улады сцвярджаюць, што яго практычна няма — ці нават што санкцыі не толькі не нанеслі Беларусі шкоды, але і прынеслі ёй карысць.
Так, у снежні 2021 года Аляксандр Лукашэнка сцвярджаў, што шкода ад санкцый Захаду мізэрная. Настолькі невялікая, што ён нават не даручыў яе падлічыць, бо сам падлік абышоўся б у большую суму, чым нанесеная санкцыямі шкода. А ў чэрвені 2021 года дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алег Гайдукевіч, рэагуючы на ўключэнне сябе ў санкцыйны спіс, заявіў пра сваю ўпэўненасць у тым, што санкцыі робяць нашую краіну мацнейшай.
Вядома, словы Лукашэнкі і Гайдукевіча — не больш чым бравада, і значная шкода для эканомікі Беларусі ад санкцый ёсць. Але Тур і іншыя прапагандысты хлусяць, калі называюць вінаватымі ва ўвядзенні абмежаванняў супраць беларускай эканомікі беларусаў, якія з’ехалі за мяжу. Заходнія дзяржавы накладаюць санкцыі на нашую краіну не пасля чыіх-кольвек патрабаванняў ці заклікаў, а за канкрэтныя дзеянні беларускіх уладаў.
Так, у 2021 годзе Беларусь трапіла пад чарговую хвалю санкцый з боку ЕС, ЗША і Вялікабрытаніі ў сувязі з прымусовай пасадкай у Мінску самалёта ірландскай авіякампаніі Ryanair з Раманам Пратасевічам і Соф’яй Сапегай на борце. На Захадзе такія дзеянні беларускіх уладаў назвалі «прамой абразай міжнародных нормаў» і «актам паветранага пірацтва». Таксама ЕС назваў у ліку прычын накладання новага пакета санкцый сур’ёзныя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, жорсткія рэпрэсіі грамадзянскай супольнасці, дэмакратычнай апазіцыі і журналістаў. Але арганізатары ўсяго гэтага таксама не эмігранты.
Таксама заходнія дзяржавы і Украіна наклалі шмат санкцый на беларускіх фізічных і юрыдычных асоб пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну. Прычынай тут таксама сталі не нейкія заклікі з боку беларускіх эмігрантаў, а суўдзел уладаў Беларусі ў агрэсіі супраць Украіны. Немагчыма нават супаставіць віну ў накладанні санкцый на прадстаўнікоў улады, якія ўхвалілі пропуск расійскіх танкаў на Кіеў па тэрыторыі нашай краіны, і якіх-небудзь актывістаў, якія лічаць гэтыя санкцыі справядлівымі і час ад часу нагадваюць уладам заходніх дзяржаваў пра неабходнасць прытрымлівацца прынятых імі самімі абмежаванняў.
Безумоўна, было б справядліва, калі б людзі, вінаватыя ў шкодзе, якую беларуская эканоміка несла і працягвае несці ад санкцый, адказалі за гэта. Справядлівай выглядае і ідэя спагнаць з іх законную кампенсацыю за нанесеную краіне шкоду. Іншая рэч, што шукаць іх трэба зусім не за межамі Беларусі — а ўнутры краіны, прычым на самых высокіх пасадах.
У першай палове свайго роліка Тур старанна пераконвае гледачоў у тым, што адбіранне кватэр у іх уладальнікаў — гэта выключна кампенсацыя за нанесеную санкцыямі шкоду з боку тых, хто заклікае да гэтых абмежаванняў. Але ў канцы ён губляе гэтую галоўную нітку аповеду і пачынае пералічваць дадатковыя ці нават зусім іншыя прычыны канфіскацыі жылля ў канкрэтных людзей.
Так, прапагандыст расказаў, што кватэры адбіраюць у эмігрантаў, якія атрымлівалі даход ад здачы свайго жылля ў арэнду:
— То-бок людзі, якія заклікаюць да санкцый супраць Беларусі, з Беларусі атрымліваюць даход, што несправядліва.
Расказваючы пра канкрэтных грамадзян, чыё жыллё ўжо паспелі канфіскаваць або арыштаваць улады, прапагандыст наогул не згадвае, што яны нанеслі нейкую матэрыяльную шкоду краіне. Сярод прычын, якія заахвоцілі ўлады адабраць у іх уласнасць, Тур называў у прыватнасці:
- «актыўны ўдзел у чатах дыяспар»;
- «не вельмі разумныя ўцёкі ад правасуддзя ў Літву»;
- стварэнне прытулку для часовага пражывання бежанцаў у Польшчы;
- заклікі «душыць рэжым»;
- сцверджанні, што «беларусы прачнуліся і гатовыя да рэвалюцый»,
- працу журналістам-фрылансерам;
- спробы арганізаваць страйк;
- наяўнасць аднаго з бацькоў — апазіцыйнага палітыка і свой удзел у палітычнай дзейнасці.
Азаронак і Пятроўскі, якія адкрыта прызналі, што прычына прасцейшая
Свой варыянт легітымізацыі практыкі па адбіранні жылля і маёмасці ў эмігрантаў прадставілі таксама прапагандысты Рыгор Азаронак і Пётр Пятроўскі.
Ігар Тур у сваёй праграме спрабаваў надаць канфіскацыям кватэр беларусаў, якія з’ехалі, хоць нейкую ілюзію законнасці. Спачатку ён выводзіў яе з імкнення дзяржавы атрымаць кампенсацыю за шкоду ад санкцый — праўда, ні памеру гэтай шкоды, ні сапраўдных вінаватых у тым, што Беларусь трапіла пад санкцыі, прапагандыст не назваў. І толькі ў канцы зваліў у кучу ўсе прычыны, што прыйшлі яму ў галаву, з якіх у грамадзян Беларусі можна забіраць маёмасць.
Рыгор Азаронак жа наогул не напружваўся, каб надаць хоць нейкую правамернасць рашэнню ўладаў пазбаўляць людзей іх уласнага жылля. Ён з ходу вызначыў, што забіраць у беларусаў маёмасць і свабоду варта за сам факт удзелу ў палітычным жыцці на баку праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі.
Адначасова Азаронак прызнаў факт пераследу сваякоў тых, хто выступае супраць Лукашэнкі, і пагадзіўся, што гэта справядліва (Тур у сваёй праграме ўсяляк адхрышчваўся ад таго, што ў Беларусі сваякі асуджаных трапляюць пад удар з боку ўладаў):
— Они хотят тут одной рукой бороться с режимом, проводить там на свои гранты какие-то псевдосучьи свадьбы (так прапагандыст назваў выбары ў Каардынацыйную раду. — Заўв. ред.), <…> при этом «майно» нам здесь оставьте! А в тюрьмы нас не сажайте! Ой, а какие-то вопросы к родственникам. Конечно, вопросы к родственникам, потому что яблоко от яблони.
Нагадаем, што ў арт. 33 Канстытуцыі краіны наўпрост гаворыцца, што ў Беларусі кожнаму гарантуецца свабода меркаванняў, перакананняў і іх свабоднае выказванне. Чаму ў такім выпадку пераследуюць праціўнікаў Лукашэнкі, прапагандысты традыцыйна не растлумачылі.
Цікавае абгрунтаванне для адбірання жылля ў яго законных уладальнікаў прыдумаў Пётр Пятроўскі:
— А я ім так скажу. Калі ў нас сацыяльна арыентаваная дзяржава і людзі маюць патрэбу ў жыллі, чаму б не забраць жыллё ў тых, хто нашкодзіў гэтай сацыяльна арыентаванай дзяржаве, і перадаць яго тым, хто рэальна на яе працуе. Настаўнікі, дактары…
Ідэю Пятроўскага падтрымаў і Азаронак, які дадаў у разрад людзей, што «рэальна працуюць», амапаўцаў і сілавікоў.
Таксама Азаронак здзівіўся, чаму дагэтуль не было паведамленняў пра канфіскацыю «этой многомиллионной хаты» ў пісьменніцы, нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч, якая выступае з крытыкай Лукашэнкі, і чаму кватэру не аддалі шматдзетнай сям'і амапаўцаў.
Праўда, пазней Азаронак усё ж пайшоў дарогай Тура і таксама ўспомніў пра санкцыі:
— Всё надо, конечно, забирать. Всю эту надо ликвидировать дрянь и нечисть. Они ж какие хитрые: «майно», «майно», «майно», вот только мое, «до сэбэ» (тут Азаронак чамусьці паспрабаваў выкарыстаць украінскую лексіку: магчыма, ён лічыць, што перадражнівае беларускую мову — такім спосабам часта карыстаюцца ўлады і прапаганда. — Заўв. рэд.), хочу жрать. И какие ж козлы. Они там живут, клянчат у европейских козлов санкции против нас, чтобы меньше получал рабочий, чтобы меньше получал ребенок социальных выплат, чтобы меньше получали люди. А тут свои «кватэрки», которые они получили зачастую от «рэжыма» по льготам, сдавать — и получать бабло за это. Они охренели?
Згаджаючыся з Азаронкам, Пятроўскі назваў тых, у каго адбіраюць кватэры, «сацыяльнымі паразітамі». І абвінаваціў іх у тым, што яны хочуць «разбурыць нашую мадэль развіцця, што яны ворагі гэтай мадэлі» (ні ў якіх беларускіх законах няма забароны на крытыку палітычнай мадэлі, выбудаванай Лукашэнкам, — як і забароны на яе дэмантаж).
— Таму тут адно можна сказаць: адбіраць, адбіраць і адбіраць. Правяраць максімальна, бо хто там у гэтых кватэрах жыве. Можа, там нейкія памочнічкі, — сказаў Пятроўскі.
— Натуральна, — пагадзіўся з калегам Азаронак. — Таму і правяраюць.
Пошук адказаў у незалежных СМІ
У спробах надаць ілюзію законнасці прапагандысты нават прызналіся, што ўважліва чытаюць матэрыялы «экстрэмісцкага фарміравання», якім улады ў чэрвені мінулага года прызналі «Люстэрка». Так, усё той жа прапагандыст Ігар Тур 21 траўня для абгрунтавання свайго пункту гледжання пра законнасць і справядлівасць канфіскацый спаслаўся на наш матэрыял з каментарамі юрыста.
Але прапагандыст цалкам перакруціў сэнс часткова цытаванага ім артыкула, вырваўшы з кантэксту два яго абзацы, — і заявіў, што «нават збеглыя юрысты, што не палаюць вялікай любоўю да ўлады ў Беларусі, у каментарах экстрэмістам» прызнаюць законнасць гэтых дзеянняў. Насамрэч жа юрыст у сваім каментары для «Люстэрка» не называў такія дзеянні ўладаў законнымі, а толькі адзначыў, што яны фармальна (то-бок намінальна) не парушаюць закона. Больш за тое, поўная версія тэксту называе канфіскацыі жылля ў беларусаў, якія з’ехалі, несправядлівымі. І нагадвае, што ў гісторыі ўжо неаднаразова людзям вярталі іх незаконна і несправядліва адабраную ўласнасць.
Падводзячы вынік, адзначым, што ні ў праграме Тура, ні ў жывой трансляцыі Азаронка і Пятроўскага аргументы пра прычыны адбірання маёмасці ў тых, хто з’ехаў, не супалі з тымі, што агучыў Следчы камітэт. Гэта яшчэ раз пацвярджае, што рэальная прычына — зусім іншая: каб страціць законна набытую кватэру ці машыну ў Беларусі, сёння дастаткова проста быць не згодным з палітыкай Аляксандра Лукашэнкі.
Прапагандысты прыводзяць абсалютна вар’яцкія аргументы, тлумачачы незаконныя дзеянні ўладаў. Гэтаму важна супрацьстаяць. Нашая мэта — даць вам поўную і заснаваную на фактах інфармацыю, каб не дазволіць прапагандысцкай машыне навязаць вам перакручаную карціну рэальнасці.
Дапамажыце «Люстэрку» працаваць далей
Калі вы знаходзіцеся не ў Беларусі, станьце патронам «Люстэрка» — журналісцкага праекта, якому вы дапамагаеце заставацца прафесійным і незалежным. Ахвяраваць любую суму можна хутка і бяспечна праз сэрвіс Donorbox.
Усё пра бяспеку і адказы на іншыя пытанні вы можаце даведацца па спасылцы.
Чытайце таксама


