Падаткавікі нагадалі беларусам пра змяненні, якія з’явяцца ў найбліжэйшыя месяцы для індывідуальных прадпрымальнікаў. Яны таксама расказалі пра іншыя новаўвядзенні: адно з іх з’явілася ў мінулым месяцы, а іншыя запрацуюць у 2025 годзе.
Што зменіцца ў найбліжэйшыя месяцы?
З 1 ліпеня ўсе індывідуальныя прадпрымальнікі павінныя будуць у абавязковым парадку падаваць падатковыя дэкларацыі ў электроннай форме. «Для гэтага індывідуальным прадпрымальнікам неабходна атрымаць электронны лічбавы подпіс», — папярэджваюць у інспекцыі МПЗ Віцебскай вобласці. Пра тое, як гэта зрабіць, можна прачытаць на сайце падатковай па гэтай спасылцы. Пры гэтым пісьмовыя дэкларацыі не будуць залічваць.
Падаткавікі таксама нагадалі ІП, што з 1 кастрычніка яны змогуць стварыць камерцыйную арганізацыю ў спрошчаным парадку. 22 красавіка Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон па пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці. Так, чыноўнікі зрэжуць спіс відаў дзейнасці для ІП. Тым, хто не трапіць у гэты пералік, давядзецца або закрыцца зусім, або перайсці ў юрыдычную асобу. Віды дзейнасці, якія змогуць ажыццяўляць індывідуальныя прадпрымальнікі, да 1 ліпеня мусіць акрэсліць урад. Па відах дзейнасці, якія не ўвойдуць у гэты пералік, з 1 кастрычніка спыняць рэгістрацыю новых ІП.
Цяпер жа падаткавікі папярэджваюць ІП, што яны могуць прыцягваць да трох работнікаў — фізічных асоб. Калі гэта патрабаванне будзе парушанае, то пагражае штраф — да 200 базавых велічынь (цяпер гэта 8000 рублёў). Пры гэтым таксама могуць канфіскаваць да 100% даходу, які прызнаюць незаконным.
Якое новаўвядзенне ўжо запрацавала ў мінулым месяцы?
З 25 красавіка ІП і натарыусы павінныя па-новаму весці ўлік даходаў і выдаткаў, адзначаюць віцебскія падаткавікі. Да прыкладу, адно з новаўвядзенняў датычыць уліку абаротных сродкаў — чыноўнікі прапісалі, як вызначаць кошт некаторых прадметаў, набытых за валюту.
Што зменяць у 2025-м?
З 1 ліпеня 2025 года кампаніі і ІП, якія прадаюць тавар з абавязковай маркіроўкай, павінныя будуць выкарыстоўваць спецыяльныя касавыя апараты або іх альтэрнатыву — праграмныя касы. Пра гэта нагадваюць гродзенскія падаткавікі.
З гэтай жа даты кампаніі, якія выконваюць работы ці аказваюць паслугі на выездзе ў вясковай мясцовасці, абавяжуць прымаць наяўныя праз касавае абсталяванне і аплатныя тэрміналы. Гэта ж датычыць і тых, хто прапануе бытавыя паслугі. «Цяпер такія суб’екты гаспадарання могуць прымаць грашовыя сродкі без выкарыстання касавага абсталявання», — удакладняюць падаткавікі.
Чытайце таксама