У канцы мінулага года пасля працяглага перапынку аднавіліся работы на ўчастку Старобінскага радовішча калійных соляў, паведамляе Office Life. Будаўніцтва Нежынскага горна-ўзбагачальнага камбіната пад Любанню — адзін з асноўных праектаў у Беларусі расійскага бізнесоўца Міхаіла Гуцарыева, якога называюць сябрам Аляксандра Лукашэнкі.
Паводле інфармацыі выдання, стаўка на «ўваскрослай» будоўлі пакуль зробленая на беларускія прадпрыемствы, хоць раней калійны камбінат у Любанскім раёне пачыналі будаваць замежныя падрадчыкі.
У 2016 годзе кампанія «Слаўкалій», створаная расійскім бізнесоўцам Міхаілам Гуцарыевым, прыступіла да ўзвядзення Нежынскага горна-ўзбагачальнага камбіната. Ключавымі партнёрамі называліся кітайскія ChinaState Energy Engineering і CITIC Construction, нямецкія Deilmann-Haniel і Herrenknecht.
Агульны кошт праекта ацэньваўся ў 2 млрд даляраў, з іх 1,4 млрд — крэдыт Банка развіцця Кітая. Паводле ўмоваў кантракта, будучая прадукцыя «Слаўкалія» мусіла цягам 20 гадоў адгружацца ў КНР.
Аднак у 2021 годзе, пасля трапляння Гуцарыева і калійнай сферы Беларусі пад заходнія санкцыі, фінансаванне праекта спынілася.
У 2022 годзе ў Беларусі стварылі дзержпрадпрыемства «Недра Нежин», якое стала правапераемнікам «Слаўкалія». Меркавалася, што фінансаванне будзе ажыццяўляцца часткова за кошт рэспубліканскага бюджэту, але асноўная частка сродкаў застанецца крэдытнай.
Вясной 2023 года першы віцэ-прэм'ер Мікалай Снапкоў правёў нараду і заявіў, што Нежынскі ГУК павінныя ўвесці ў эксплуатацыю да 1 чэрвеня 2025 года. На той момант агульная будаўнічая гатоўнасць аб’екта ацэньвалася ў 39%. Тады ж даручылі аднавіць дзейнасць сіламі беларускіх кампаній, якія займаліся калійнымі камбінатамі ў Беларусі, Расіі і іншых краінах.
У канцы 2023 года салігорскае прадпрыемства «Пасат» пачало будаўніцтва галоўнага корпуса галургічнай фабрыкі Нежынскага ГАК. Кампанія ўзвядзе цэхі сушкі і грануляцыі. Будуць змантаваныя 9000 тон металаканструкцый.
Акрамя таго, у студзені 2024 года на Нежынскім рудніку на гарызонце -530 м пачаў працу першы праходчы камбайн «Треста Шахтоспецстрой».
«Белгархімпрам» правёў абследаванні і распрацаваў рашэнні па доступе ў руднік і ліквідацыі аварыйнай сітуацыі ў клеццевым шахтавым ствале. Гэтая ж кампанія стварыла архітэктурны праект другой чаргі будаўніцтва ГУКа.
Нядаўна ўрад Беларусі даў «Белгархімпраму» падатковы крэдыт у памеры сумы ПДВ, якая падлягае пералічэнню ў бюджэт па тэрміне выплаты 22 студзеня 2024 года. Пагашаць абавязанні трэба з 1 лютага да 31 снежня 2024 года штомесяц роўнымі долямі.
Фінансавыя складанасці ў прадпрыемства ўзніклі пасля ўзвядзення ў Туркменістане калійнага камбіната. «Белгархімпрам» заяўляў, што яму недаплацілі за выкананыя работы $ 150 млн «Туркменхімія» не змагла эксплуатаваць камбінат і засумнявалася ў якасці работ беларусаў. У выніку спрэчка перайшла ў міжнародны арбітраж.
Чытайце таксама