Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. «Его продукция была обнаружена на поле боя». Под санкции ЕС попало госпредприятие, которое недавно посещал Лукашенко
  2. В Германии завершились выборы. По данным экзитполов, ультраправые заняли второе место
  3. «Редкоземельные металлы, нефть и все, что сможем получить»: Трамп заявил, что еще хочет взамен «вложенных в Украину денег»
  4. «Они никуда не денутся, понимаете?» Третья годовщина «полномасштабки» — взгляд на «мир» с Россией и политику Трампа командира на фронте
  5. «Нам без разницы, чьи это аппараты». Беларусский полковник объяснил, почему военные молчат о сбитых над Гомельщиной беспилотниках
  6. Зеленский заявил о готовности уйти с поста президента
  7. Время дешевого доллара еще не прошло? Сколько будет падать курс: прогноз по валютам
  8. Ровно три года Россия пытается захватить Украину. Вспоминаем семь важнейших событий, повлиявших на ход этой войны
  9. Нацбанк принял решение, которое не порадует тех, кто собирается взять кредит на покупку недвижимости
  10. Власти ударят по частникам, введут новшества по мобильной связи и онлайн-торговле и требуют отчитаться по налогам. Изменения марта
  11. Не только война в Украине. В России заявили о двух «параллельных» переговорах с США — что обсуждают на вторых
  12. Беларусы жаловались, что не могут сдать старые доллары. В соседней стране признали, что банкам они не нужны
Читать по-русски


Сёння, 8 лютага, Вярхоўны суд пачаў разглядаць справу пра генацыд у дачыненні да Уладзіміра Катрука — грамадзяніна Канады, які памёр у 2015 годзе. Гэта першы афіцыйны працэс над мёртвым па справе пра генацыд у Беларусі. Аднак калі прыгледзецца ўважліва, лёгка зразумець, што гэтая справа мае значна больш агульнага з прапагандысцкай акцыяй, чым з правасуддзем. Тлумачым чаму.

Мемориальный комплекс в Хатыни. Фото: wikipedia.org
Мемарыяльны комплекс у Хатыні. Фота: wikipedia.org

Адкуль узялася справа пра генацыд і навошта яна патрэбная ўладам

Пільная цікавасць беларускіх уладаў да нацысцкіх злачынстваў 80-гадовай даўніны пачала праяўляцца вясной 2021 года. Тады Аляксандр Лукашэнка на мемарыяльнай цырымоніі ў Хатыні вырашыў выкарыстаць страшную трагедыю ў сваіх палітычных інтарэсах. Для гэтага ён дэманізаваў гістарычную сімволіку Беларусі, якая аб’яднала ўдзельнікаў пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў і самавольства ўладаў:

— Я звяртаюся да ўсіх, хто перакананы, што фашызм нёс на нашую зямлю цывілізацыю, хто гераізуе забойцаў, хто пакланяецца БЧБ-сцягам, пад якімі праводзіўся генацыд беларускага народа.

Лукашенко в бомбере во время посещения Хатыни. Фото: пресс-служба Лукашенко
Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання Хатыні. Фота: прэс-служба Лукашэнкі

У гэтым выказванні палітыка прысутнічае адкрытая падвойная маніпуляцыя. Па-першае, у ёй Лукашэнка абвінаваціў удзельнікаў пратэсту пад гістарычнымі сцягамі Беларусі ў шанаванні фашызму і гераізацыі забойцаў (хоць насамрэч менавіта выбудаваны Лукашэнкам у краіне дыктатарскі рэжым мае шмат агульнага з нацысцкай дыктатурай Адольфа Гітлера).

А па-другое, рэтрансляваў гістарычны падман пра тое, што нібыта пад бел-чырвона-белым сцягам калісьці праводзіўся генацыд беларусаў. Не існуе ніякіх дакументаў, якія пацвярджаюць хаця б адзін акт карнай аперацыі супраць беларусаў пад бел-чырвона-белым сцягам. А пра тое, чаму крытыкі не вытрымлівае міф пра немцаў, якія зацвердзілі гэты сцяг як сімвал беларускіх калабарацыяністаў, мы расказвалі ў асобным тэксце.

Тым не менш менавіта гэтая маніпуляцыйная фраза стала адмашкай для Генеральнай пракуратуры, якая разгарнула барацьбу з генацыдам 80-гадовай даўніны. Да канца 2021 года ведамства распачало крымінальную справу «па факце генацыду насельніцтва Беларусі». А 5 студзеня 2022 года ўжо сам Лукашэнка падпісаў цэлы закон «Пра генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны».

Марш протеста 16 августа 2020 года, в котором участвовали сотни тысяч человек. Фото из архива TUT.BY
Марш пратэсту 16 жніўня 2020 года, у якім удзельнічалі сотні тысяч чалавек. Фота з архіва TUT.BY

Можна было б дапусціць, што Аляксандр Лукашэнка сапраўды шчыра заклапочаны масавым знішчэннем беларусаў, якое здарылася 80 гадоў таму. Але ў такім выпадку ўзнікае заканамернае пытанне: чаму толькі на 26-м годзе свайго кіравання ён ініцыяваў бурлівую дзейнасць па расследаванні яго абставінаў і прыцягненню да адказнасці ўжо мёртвых удзельнікаў і арганізатараў? Бо чвэрць стагоддзя таму былі жывыя і многія відавочцы трагедыі, і вінаватыя ў ёй, якіх можна было б сапраўды пакараць. Сёння жывых людзей, якія падазраюцца ў здзяйсненні генацыду, амаль не засталося — пра што красамоўна сведчыць факт суда над памерлым дзевяць гадоў таму Катруком.

Насамрэч вельмі падобна, што прамова Лукашэнкі ў Хатыні ў сакавіку 2021 года — гэта класічны прыклад выкарыстання дэмагагічнага прыёму Tu quoque (у перакладзе з лаціны — «Ты таксама», або «Паглядзі на сябе!»). Яго сутнасць заключаецца ў тым, каб замяніць абмеркаванне аднаго аб’екта абмеркаваннем іншага, звярнуўшы ўвагу на падобныя грахі (сапраўдныя ці ўяўныя) апанента.

Ужо з самага пачатку здушэння пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў у Беларусі бесчалавечныя дзеянні сілавікоў часта параўноўвалі з генацыдам. Жорсткія забойствы, катаванні і збіццё мірных людзей шакавалі значную частку беларускага грамадства, якое не сутыкалася з адкрытым гвалтам у такім маштабе з часоў Другой сусветнай вайны.

Падабенства сітуацыі з сапраўдным генацыдам, хай і іншасказальна, у жніўні 2020 года прызнавала і сама ўлада. Напрыклад, міністр абароны Віктар Хрэнін 22 жніўня заявіў, што генацыдападобныя дзеянні сілавікоў нясуць небяспеку для саміх уладаў: «У гэтай сітуацыі дзеянні сілавога блока Рэспублікі Беларусь па стабілізацыі становішча могуць быць прадстаўленыя як генацыд уласнага народа і выкарыстаныя ў якасці падставы для змены палітычнага курсу Рэспублікі Беларусь сілавым шляхам».

Избиение демонстрантов сотрудниками силовых структур Беларуси, Минск, 9 августа 2020 года. Фото: TUT.BY
Збіццё дэманстрантаў супрацоўнікамі сілавых структур Беларусі, Мінск, 9 жніўня 2020 года. Фота: TUT.BY

Такім чынам, вясной 2021 года Аляксандр Лукашэнка з дапамогай падзей Другой сусветнай вайны паспрабаваў ссунуць акцэнт са злачынстваў уласнага рэжыму на злачынствы 80-гадовай даўніны. Ды яшчэ і абвінаваціў у нейкай абсалютна нелагічнай датычнасці да іх сваіх сучасных палітычных праціўнікаў.

Гэты прыём спатрэбіўся беларускім уладам яшчэ раз у 2022 годзе. 24 лютага Расія, у тым ліку і з тэрыторыі Беларусі, напала на Украіну і падчас імклівага наступу акупавала частку яе тэрыторыі (у дадатак да той, што была акупаваная з 2014-га). А 1 красавіка 2022 года УСУ вызвалілі з-пад расійскай акупацыі горад Бучу ў Кіеўскай вобласці. Там былі выяўленыя сведчанні шматлікіх забойстваў мірных грамадзян, учыненых расійскімі войскамі. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ахарактарызаваў гэта як акт генацыду, з ім пагадзіліся і многія іншыя эксперты.

Згодна з нормамі міжнароднага права, перадача сваёй тэрыторыі для ўварвання ва Украіну і ракетных абстрэлаў яе тэрыторыі зрабіла беларускую дзяржаву суўдзельніцай агрэсіі. Расійскія салдаты, якія захапілі Бучу і ўчынілі ў ёй разню, трапілі на тэрыторыю Украіны менавіта з Беларусі — а значыць, беларускія ўлады воляй-няволяй спрычыніліся і да гэтага злачынства (а таксама шэрагу іншых падобных трагедый).

Паводле дзіўнага супадзення, у той час як увесь свет уздрыгваў ад вестак пра злачынствы расійскай арміі ў Бучы, беларуская Генпракуратура зноў пачала адцягваць увагу беларусаў і (па меры магчымасці) замежнікаў ад сучасных жахлівых злачынстваў злачынствамі з мінулага. Да жніўня 2022 года яна падрыхтавала і разаслала ў 18 краін свету просьбы аказаць «прававую дапамогу па справе пра генацыд беларускага народа».

Яшчэ адным дзіўным супадзеннем стала тое, што для першага суда над «датычнымі да генацыду беларускага народа» генпракурор Андрэй Швед выбраў менавіта этнічнага ўкраінца Уладзіміра Катрука.

У выпадковасць гэтых супадзенняў, напэўна, можна было б паверыць. Калі забыць пра тое, што Катрука ўжо адзін раз выкарыстоўвалі дакладна такім жа спосабам. У лютым — сакавіку 2014 года Расія з ужываннем вайсковай сілы анексавала ўкраінскі Крым і паспрабавала адарваць ад Украіны некалькі ўсходніх абласцей, падтрымаўшы выступленні сепаратыстаў. Спрабуючы апраўдаць гэтыя акты агрэсіі, Расія ўсімі сіламі імкнулася выставіць Украіну «нацысцкай дзяржавай».

У межах гэтай прапагандысцкай кампаніі ў траўні 2015 года Следчы камітэт Расіі распачаў крымінальную справу супраць украінца Уладзіміра Катрука, назваўшы яго падазраваным у генацыдзе. Масква заклікала Канаду дэпартаваць яго ў РФ, але канадскі ўрад праігнараваў гэтую просьбу. Потым Катрук памёр, і ў 2016 годзе крымінальную справу ў дачыненні да яго ў Расіі закрылі.

Як пад выглядам суда над Катруком у Беларусі «судзяць» Украіну

Відавочна, што самому Уладзіміру Катруку, памерламу дзевяць гадоў таму, новы суд глыбока абыякавы. Працэс над ім — гэта цалкам прапагандысцкая акцыя, закліканая хоць неяк абяліць уласнае злачынства беларускіх уладаў (суўдзел у вайне супраць Украіны) і адцягнуць ад яго ўвагу.

Пра тое, што суд над Катруком скіраваны ў першую чаргу супраць Украіны, сведчаць шматлікія гістарычныя падробкі і фальсіфікацыі, якія выкарыстоўваюць у каментарах пра гэты працэс улады і прапаганда. Вось так, напрыклад, генпракурор Швед тлумачыў неабходнасць гэтага працэсу 19 студзеня, перад пачаткам круглага стала «Генацыд беларускага народа» ў Следчым камітэце:

— Таму праз прызму рашэння суда, канкрэтныя аргументы будзем расказваць, паказваць, што ў Катрука і падобных да яго катаў са 118-га ўкраінскага карнага батальёна, іншых нацыяналістычных фармаванняў рукі па локаць у крыві. Людзі павінныя ведаць праўду — гэта вельмі важна, гэта частка нашай працы.

Андрей Швед. Фото: пресс-служба Генпрокуратуры
Андрэй Швед. Фота: прэс-служба Генпракуратуры

Пад выглядам праўды Швед у гэтым выказванні паведаміў адкрытую хлусню пра тое, што 118-ы батальён шуцманшафта, які ўдзельнічаў у расправе над жыхарамі Хатыні, нібыта быў «украінскім» і «нацыяналістычным» фарміраваннем. Насамрэч ён не меў ніякага дачынення да ўкраінскіх узброеных фарміраванняў — ні да паўстанцкіх нацыяналістычных, якія змагаліся супраць вермахта і РККА, ні да ўкраінскіх частак у складзе СС або вермахта. Гэтае сумнавядомае падраздзяленне ўваходзіла ў склад нямецкай ахоўнай паліцыі. Такія батальёны на акупаванай савецкай тэрыторыі сапраўды камплектаваліся савецкімі грамадзянамі — але далёка не толькі этнічнымі ўкраінцамі, а ў тым ліку і беларусамі, эстонцамі, латышамі, літоўцамі, татарамі.

Сярод салдат батальёна сапраўды былі ўкраінцы, якія ўваходзілі да службы ў ім у АУН (Арганізацыю ўкраінскіх нацыяналістаў). Але называць на гэтай падставе 118-ы батальён «фарміраваннем украінскіх нацыяналістаў» — усё роўна што называць яго «фарміраваннем Чырвонай арміі», бо касцяк батальёна складалі менавіта былыя вайскоўцы РСЧА, узятыя немцамі ў 1941 годзе ў палон пад Кіевам. Нават у этнічным плане 118-ы батальён шуцманшафта нельга назваць «украінскім». На момант прыбыцця пад Плешчаніцы ў лістападзе 1942 года ён быў шматнацыянальным: акрамя ўкраінцаў у ім служыла мноства рускіх і беларусаў — і нават армянін Хачатуран з асецінам Іскандэравым.

Паралельна са спробамі выставіць Уладзіміра Катрука вайскоўцам украінскага ўзброенага фарміравання лаяльныя ўладзе СМІ спрабуюць максімальна моцна звязаць яго з Украінай. Напрыклад, беларускае прадстаўніцтва расійскага навінавага агенцтва Sputnik чамусьці называе Катрука «ўраджэнцам Украінскай ССР». Хоць насамрэч мужчына нарадзіўся ў 1921 годзе ў вёсцы Лужаны ў Паўночнай Букавіне, якая ў той час належала Румыніі (гэтыя землі СССР адабраў у суседкі і ўключыў у склад Украінскай ССР толькі ў 1940 годзе).

Российские военные около мемориала в Хатыни. Фото: Sputnik.Беларусь
Расейскія вайскоўцы каля мемарыяла ў Хатыні. Фота: Sputnik. Беларусь

Выпінанне «ўкраінскага следу» ў хатынскай трагедыі і ў знішчэнні беларусаў у гады Другой сусветнай вайны ў цэлым лёгка тлумачыцца знешнепалітычнай сітуацыяй. Беларускія ўлады дзейнічаюць, кіруючыся логікай ваеннага часу: дэманізуюць Украіну, якая падверглася агрэсіі, і расчалавечваюць украінцаў. Але такі падыход не мае нічога агульнага з рэальнай гісторыяй.

Як заўважыў яшчэ ў 2003 годзе беларускі журналіст Яўген Гарэлік, сапраўдны фашызм (як і тэрарызм) не мае нацыянальнасці. Напрыклад, гета ў Мінску знішчалася рукамі 13-га паліцэйскага батальёна СД, укамплектаванага пераважна беларусамі з Шаркаўшчынскага, Глыбоцкага і іншых раёнаў. Таксама яны ўдзельнічалі ў карных акцыях супраць мірных жыхароў Мінскай і Віцебскай абласцей — а потым душылі Варшаўскае паўстанне супраць нацыстаў у Польшчы. А карная дзейнасць брыгады Рускай вызваленчай народнай арміі генерала Браніслава Камінскага (дарэчы, былога агента НКУС) забрала жыцці не менш чым 10 тысяч савецкіх і 15 тысяч польскіх грамадзян. Адасабленне з шэрагу гэтых страшных злачынстваў хатынскай трагедыі і абвінавачанне ў ёй выключна ўкраінцаў — відавочная прапагандысцкая маніпуляцыя, скіраваная на распальванне міжнацыянальнай варожасці.

Нябожчык Уладзімір Катрук, хутчэй за ўсё, сапраўды быў ваенным злачынцам. Яго ўдзел у расправах над мірнымі жыхарамі добра вядомы і задакументаваны. Ужо таму працэс над ім ніяк не вяжацца з гучнымі пазамінулагоднімі заявамі Генпракуратуры пра нібыта выяўленых ёю 400 жывых нацысцкіх злачынцаў — нічога прынцыпова новага пра злачынствы Катрука на судзе напэўна не паведамяць. Пры адсутнасці лепшых кандыдатураў (жывых і сапраўды выяўленых сучаснымі следчымі або пракурорскімі работнікамі) яго проста прызначылі на ролю героя першага «антыгенацыднага» працэсу. Працэсу, які насамрэч — антыўкраінскі.

Чытайце таксама