У Беларусі падскочыла колькасць выяўленых у абарачэнні падробленых банкнот еўра. Прычым сёлета назіраецца рэзкі рост знойдзеных фальшывых 500-еўравых банкнот. Пра гэта паведамляе Нацбанк. Пры гэтым скарацілася колькасць падробленых беларускіх і расійскіх рублёў, а таксама даляраў.
«Асноўную колькасць выяўленых падробленых грашовых знакаў склалі даляры — 86,5%. Доля падробленых еўра склала 7,5%, расійскіх рублёў — 4,5%, беларускіх рублёў — 1,5%», — паведамляе Нацбанк.
Асноўная доля падробленых еўра ў студзені — чэрвені гэтага года прыпала на банкноты наміналамі 500 і 50 еўра — 46,7% і 36,7% адпаведна, удакладняе Нацбанк. Так, сёлета знайшлі 14 банкнот наміналам 500 еўра, а ў студзені — чэрвені 2022-га — ніводнай. Колькасць падробленых банкнот на 50 еўра вырасла ў 2,2 разу — да 11 штук.
Што да беларускіх рублёў, то ў абарачэнні таксама знайшлі шэсць падробленых банкнот. Гэта дзве банкноты наміналам 20 000 рублёў (грошы, якія былі ў абарачэнні да дэнамінацыі 2016 года) і па дзве — наміналам 50 і 20 рублёў (выпушчаныя пасля дэнамінацыі). «Падробкі вырабленыя без імітацыі элементаў абароны. У параўнанні з тым жа перыядам 2022 года не канфіскоўваліся банкноты наміналам 10 рублёў узору 2009 года, выяўленыя банкноты ўзору 2000 года наміналам 20 000 рублёў», — адзначае Нацбанк.
У студзені — чэрвені гэтага года выявілі 348 падробленых даляравых банкнот, а год таму — 346. Прычым гэта ў асноўным 100 і 50 даляраў, на іх прыпала 72,4% і 27,3%
адпаведна. Таксама знайшлі адну банкноту на 20 даляраў. Як правіла, амерыканскую валюту такога наміналу і меншага (5 і 1 даляр) падрабляюць не так часта.
Колькасць знойдзеных падробленых даляравых банкнот скарацілася з 46 да 18.
Чытайце таксама