Літва плануе закрыць яшчэ два пункты на мяжы з Беларуссю. Пра гэта паведаміла міністр унутраных справаў краіны Агнэ Білатайтэ, піша BNS.
— МУС прапануе закрыць яшчэ два пункты. Гэта памежныя пункты «Лаварышкі» (з беларускага боку «Катлоўка». — Заўв. рэд.) і «Райгардас» («Прывалка»), — паведаміла Агнэ Білатайтэ на сустрэчы з калегамі з краін Балтыі і Польшчы ў Варшаве 28 жніўня.
Кіраўніца ведамства адзначыла, што адпаведная прапанова ўжо сфармаваная, прыняцце рашэння па гэтым пытанні «мусіць быць найбліжэйшым часам».
Паводле міністра, рашэнне закрыць яшчэ два пункты пропуску было прынятае з мэтай умацавання бяспекі краіны і для таго, каб вырашыць праблему кантрабанды.
28 жніўня прадстаўнікі Літвы, Латвіі і Польшчы абмеркавалі на сустрэчы ў Варшаве механізм поўнага закрыцця межаў з Беларуссю. Агнэ Білатайтэ раней паведаміла, што пакуль няма звестак пра пагрозы, праз якія давялося б прымаць такія меры.
Нагадаем, 18 жніўня Літва ўжо закрыла два пункты пропуску на мяжы з Беларуссю — «Шумскас» («Лоша») і «Твярачус» («Відзы») — у адказ на магчымыя пагрозы з боку наймітаў ПВК Вагнера.