Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ пра павышэнне пенсій. Пра гэта 15 жніўня паведаміла яго прэс-служба.
Указ прадугледжвае пераразлік працоўных пенсій і іх павышэнне з 1 верасня 2023 года ў сярэднім на 5%.
«У верасні на выплату пенсій накіруюць 1,7 млрд рублёў, з якіх 72 млн рублёў — дадатковыя выдаткі ў сувязі з павышэннем згодна з указам», — гаворыцца ў паведамленні.
Паводле папярэдняй ацэнкі, сярэдні памер пенсіі па ўзросце непрацоўнага пенсіянера ў верасні складзе 737 рублёў. То-бок павялічыцца на 15% у дачыненні да верасня 2022 года, адзначылі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.
«Памер павелічэння пенсіі ў кожнага пенсіянера будзе свой у залежнасці ад працягласці стажу і велічыні заробку, улічаных падчас вылічэння яму пенсіі, а таксама ўстаноўленых даплат да асноўнай пенсіі», — дадалі ў ведамстве.
Нагадаем, папярэдні раз працоўныя пенсіі павялічваліся 1 траўня, прыбаўка склала ў сярэднім 5%. Да гэтага іх пераглядалі ў снежні 2022 года.
Чытайце таксама