Аўстрыйская група Raiffeisen Bank International (RBI) разважае, што рабіць са сваімі беларускай і расійскай «дочкамі». Гаворка пра «Прыёрбанк» і «Райфайзен Банк». Сярод магчымых варыянтаў — выхад з гэтых даччыных кампаній. Пра гэта гаворыцца ў гадавой справаздачы RBI.
У справаздачы гаворыцца, што RBI шукае стратэгічныя варыянты таго, што зрабіць са сваім бізнесам у Беларусі і Расіі. Сярод іх ацэньваюць у тым ліку імавернасць выхаду са складу беларускага «Прыёрбанка» і расійскага «Райфайзен Банка».
Сярод прычын — вайна ва Украіне, уведзеныя санкцыі супраць Беларусі і Расіі, а таксама няпэўныя перспектывы на рынку дзвюх краін.
Нагадаем, у красавіку гэтага года паведамлялася пра тое, што «Прыёрбанк», які ўваходзіць у склад RBI, можа перайсці пад крыло расійскага «Сбербанка». Як сцвярджалі СМІ, RBI абмяркоўвала магчымы абмен сваёй даччынай крэдытнай арганізацыі «Райфайзенбанка» ў РФ на еўрапейскія актывы расійскай фінустановы. Пазней у RBI заявілі, што інфармацыя пра продаж актываў групе «СБЕР» — гэта «тэарэтычныя развагі».