У Беларусі наспявае перагрэў на рынку працы, што пагражае разгонам інфляцыі да канца года, прагназуюць эксперты Еўразійскага банка развіцця.
У нашай краіне працягвае расці сярэдняя зарплата. Так, у чэрвені яна павялічылася да 1927,1 рубля да выплаты падаткаў. Пры гэтым рэальны заробак, які разлічваецца з папраўкай на інфляцыю, у мінулым месяцы вырас на 15,2% гадавых (за месяц да гэтага паказчык быў на ўзроўні 14,2%). «Павелічэнне рэальных заробкаў фіксуецца па ўсіх відах эканамічнай дзейнасці, акрамя інфармацыі і сувязі, дзе скарачэнне склала 1% гадавых», — адзначаюць эксперты Еўразійскага банка развіцця (ЕАБР).
Нагадаем, у статыстыку па заробках у такой сферы дзейнасці, як інфармацыя і сувязь, уключаюць у тым ліку звесткі пра айцішнікаў. Аднак чыноўнікі раней пачалі хаваць, які канкрэтна заробак у IT-спецыялістаў. Гэта зрабілі на фоне рэлакацыі гэтых работнікаў у іншыя краіны.
Аналітыкі ЕАБР лічаць, што рост заробкаў звязаны ў тым ліку з ростам дэфіцыту работнікаў.
— Высокія тэмпы павелічэння заробкаў звязаныя з павышэннем попыту на працоўную сілу, прапанова якой не паспявае падладжвацца пад попыт праз скарачэнне занятасці (у чэрвені скарачэнне склала 1,5% гадавых), — тлумачаць эксперты.
На іх думку, сітуацыя на рынку працы пагражае перагрэвам, што нясе дадатковую рызыку для эканомікі.
— Планаванае павышэнне заработнай платы ў бюджэтнай сферы пры захаванні дэфіцыту працоўнай сілы фармуе ўмовы для перагрэву на рынку працы, што стварае дадатковыя стымулы для паскарэння росту цэн да канца года, — лічаць аналітыкі.
Нагадаем, раней у Мінэканомікі папярэдзілі беларусаў, каб рыхтаваліся да росту цэн.
Чытайце таксама