Міністэрства абароны Беларусі вырашыла закупіць расійскія тактычныя беспілотныя авіяцыйныя комплексы. Тэндар на 3,1 мільёна рублёў знайшоў на партале дзяржзакупак Беларускі расследавальніцкі цэнтр.
Гаворка ідзе пра два комплексы Supercam S350 (або аналагі) і пра адзін комплекс Supercam S150 (або аналаг). У камплект уваходзяць сам беспілотнік, кіравальныя відэакамеры, батарэі, сродкі дыстанцыйнага кіравання, планшэт і іншыя прылады.
Беспілотнікі Supercam распрацоўвае расійская кампанія «Беспілотныя сістэмы». Мадэль S350 — адзін з флагманскіх прадуктаў. Комплекс выкарыстоўваюць для відэаманіторынгу. Максімальная працягласць палёту гэтага БПЛА — 4,5 гадзіны. Пры гэтым ён можа перадаваць інфармацыю на адлегласці да 100 кіламетраў. На сайце вытворцы гаворыцца, што комплекс можна выкарыстоўваць для «назірання і разведкі», а таксама для абароны дзяржаўных межаў.
Supercam S150 мае сціплейшыя характарыстыкі. Максімальны час палёту — 2 гадзіны, а максімальная адлегласць для перадачы інфармацыі — 25 кіламетраў.
Такія беспілотнікі Расія як мінімум двойчы — у лістападзе і ў студзені — выкарыстоўвала для разведкі на тэрыторыі Украіны.
Гэта ўжо трэцяя — і самая дарагая — такая закупка ведамства з пачатку поўнамаштабнай вайны. У траўні мінулага года Мінабароны вылучыла крыху больш за 1,8 мільёна рублёў на закупку некалькіх дзясяткаў беспілотнікаў DJI Mavic 2 Enterprise Advanсed, а ў чэрвені мінулага года — 2 млн рублёў на комплексы Supercam S350 ці аналагі. Да гэтага ваеннае ведамства закупляла беспілотныя сістэмы толькі аднойчы — у 2021 годзе.