У афтальмалагічным медцэнтры «Новое зрение» Камітэт дзяржкантролю выявіў схему выплат заробку ў канвертах. За пяць гадоў іх сума перавысіла 2,5 млн рублёў, паведамілі ў прэс-службе ведамства.
Падчас праверак высветлілася, што прынамсі за апошнія пяць гадоў кіраўніцтва і спецыялісты медцэнтра (дактары, старшыя медсёстры) — усяго больш за 50 чалавек — атрымалі «міма касы» звыш 2,5 млн рублёў.
Памер шэрых выплат залежаў ад пасады і кваліфікацыі работнікаў і штомесяц складаў ад 200 рублёў медперсаналу да 9000 рублёў дактарам-спецыялістам і кіраўніцтву медцэнтра.
«Асноўным удзельнікам супрацьпраўнай схемы быў фактычны ўласнік медцэнтра, які пастаянна пражываў у Літве», — паведамілі ў КДК.
Паводле версіі ведамства, грошы на выплату заробкаў у канвертах паступалі ў Беларусь з-за мяжы ў выглядзе наяўных у замежнай валюце — іх завозілі ў краіну розныя асобы.
«За ўхіленне ад выканання абавязкаў па пералічэнні падаткаў у дачыненні да фактычнага ўладальніка і чатырох работнікаў медцэнтра распачатая крымінальная справа. На маёмасць падазраваных накладзены арышт», — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы.
Афтальмалагічны медцэнтр «Новое зрение» з’явіўся на арэндных плошчах паліклінікі МТЗ у Мінску ў канцы 90-х. З таго часу ён разросся да цэлай сеткі, якая пусціла карані не толькі ў некалькіх гарадах Беларусі, але і ў іншых краінах — у тым ліку ў Расіі, Літве, Латвіі, Эстоніі, Нарвегіі, Вялікабрытаніі.
У Літве клініка «Новое зрение» адкрылася ў 2009 годзе. Сам заснавальнік медцэнтра Алег Каўрыгін пераехаў з Мінска ў Вільнюс у 2012-м. У 2015 годзе ён быў названы самым інавацыйным бізнесоўцам Літвы ў галіне аховы здароўя.
Раней у Беларусі бізнесовец ужо абвінавачваўся ў кантрабандзе абсталявання, якая, паводле версіі следства, нанесла дзяржаве шкоду на суму 40 млн недэнамінаваных рублёў. У пачатку 2016 года крымінальная справа ў дачыненні да Каўрыгіна была спыненая, але на радзіму ён не вярнуўся.