Пасля рашэння размясціць расійскую ядзерную зброю ў Беларусі афіцыйны Мінск абавязкова сутыкнецца з новымі суровымі санкцыямі з боку Еўрасаюза. Упэўненасць у гэтым выказаў прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі, перадае Reuters.
— Гэты крок Расіі… абвяшчэнне пра размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі, безумоўна, прывядзе да дадатковых санкцый, узровень санкцый будзе значна больш жорсткім для рэжыму Лукашэнкі, — заявіў Маравецкі ў аўторак, 28 сакавіка, на прэс-канферэнцыі падчас афіцыйнага візіту ў Румынію.
Польскі прэм’ер паведаміў, што вядзе з іншымі лідарамі ЕС штодзённыя абмеркаванні наступнага, 11-га, пакета санкцый супраць Расіі, і гэты пакет будзе ўключаць большую колькасць мераў, скіраваных на яе саюзніка Беларусь.
Маравецкі таксама заявіў, што Польшча разглядае ўвядзенне далейшых абмежаванняў на перасячэнне мяжы з Беларуссю.
— Мы мяжуем з Беларуссю і ў рамках нашых двухбаковых адносін разглядаем магчымасць узмацнення жорсткасці параметраў пасажырскіх і грузавых перавозак, каб паслаць сігнал, што мы не прымаем захадаў, якія служаць Расіі ў яе агрэсіўных дзеяннях ва Украіне, — сказаў кіраўнік польскага ўрада.
Нагадаем, 10 лютага гэтага года Польшча закрыла памежны пераход «Баброўнікі — Бераставіца». Цяпер легкавікі могуць заехаць з Беларусі ў Польшчу толькі праз пункт пропуску «Брэст», а грузавікі — праз «Казловічы». Мінск у адказ забараніў польскім грузавікам заязджаць праз іншыя ўчасткі мяжы, акрамя польска-беларускага. А Варшава пасля гэтага забараніла ўезд з Беларусі ўсім грузавікам, акрамя еўрапейскіх.
Эскалацыя пачалася пасля вынясення беларускім судом журналісту польскага паходжання Андрэю Пачобуту прысуду ў восем гадоў пазбаўлення волі. Адкрыццё пунктаў пропуску ў Польшчы звязваюць з вызваленнем Пачобута.