Зянон Пазняк расказаў пра планы стварыць Раду бяспекі сумесна з палком Каліноўскага. Пра гэта ён заявіў на прэс-канферэнцыі ў Варшаве.
— Паміж палком імя Кастуся Каліноўскага і іншымі нацыянальна-дэмакратычнымі арганізацыямі вядуцца кансультацыі пра стварэнне ваенна-палітычнай структуры — Рады бяспекі, з мэтай абароны нацыянальных інтарэсаў Беларусі ва ўмовах вайны ва Украіне і акупацыіі Беларусі Расійскай Федэрацыяй, — заявіў ён.
Акрамя таго, Пазняк дадаў, што гэты орган «у перспектыве можа сыграць велізарную ролю ў адраджэнні Беларусі і ў заваяванні свабоды Беларусі».
Вадзім Кабанчук, намеснік камандзіра палка Каліноўскага, адзначыў, што ваенна-палітычны суб’ект пакуль «будзе несці больш прадстаўнічыя функцыі».
— Бо для палка вельмі важна, што Украіна, ключавая краіна ў нашым рэгіёне, адкуль будзе вырашацца лёс Беларусі, будзе задзейнічаная ў гэтым працэсе. За 11 месяцаў не былі створаныя сталыя палітычныя кантакты з беларускай апазіцыяй. А такая неабходнасць ёсць, — пракаментаваў Кабанчук. — Як вайсковай структуры нам вельмі важна, каб былі палітычныя прадстаўнікі, якія будуць займацца лабіяваннем інтарэсаў. Перад палком стаіць вельмі шмат пытанняў, пачынаючы з забяспечання і заканчваючы рэкрутынгам.