Саўмін унёс чарговыя папраўкі ў нашумелую пастанову № 713. У гэтым дакуменце прапісаная столь па надбаўках для імпарцёраў і гандлю, а таксама абмежаванні па росце цэн для вытворцаў. Цяперашнюю пастанову ўрада зарэгістравалі на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Змены запрацуюць з чацвярга, 2 лютага.
Што змянілі ў спісе тавараў, на якія рэгулююць цэны
У пастанове ў спісе тавараў, на якія дзейнічае дзяржрэгуляванне цэн, цяпер 330 пазіцый. Раней першапачаткова быў 371 пункт, але потым больш за 20 пазіцый выключылі. У абноўленым чарговым разам пераліку няма, да прыкладу, бескасцёвых ялавічыны і свініны, цукру ў дробнай фасоўцы 20 грамаў і менш.
Пад дзяржрэгуляванне трапілі газонакасілка (да цяперашніх змяненняў быў толькі трымер), тварогавы сыр, салёнае сала (было простае сала), гель для галення (раней была толькі пена), свяцільні для столі, бра, таршэры, настольныя лямпы (былі толькі электрычныя люстры), падгузнікі-майткі, усмоктвальныя майткі для дзяцей і для дарослых (гэтыя пазіцыі дадалі да падгузнікаў і пракладак).
Па паўфабрыкатах з мяса (свініны, ялавічыны, курэй, куранят, уключаючы бройлераў) прапісалі, што пад дзяржрэгуляванне цэн трапляюць у тым ліку прадукты, у якія дадалі інгрэдыенты не з мяса. Відавочна, чыноўнікі вырашылі спыніць хітрыкі вытворцаў па змяненні цэн.
Урад прапісаў, што цэны рэгулююць таксама на электрычныя лямпы напальвання, святлодыёдныя, энергазберагальныя. Да гэтага ў спісе былі толькі электрычныя лямпы. Таксама ў пералік дадалі кухонны стол (раней былі толькі абедзенны, пісьмовы, камп’ютарны). З дзіцячага адзення ў спіс уключылі зімовыя і дэмісезонныя паліто (раней гаворка ішла толькі пра паліто).
Пры гэтым некаторыя пазіцыі аб’ядналі. Да прыкладу, мужчынскія ўцепленыя курткі, няўцепленыя, мужчынскія дублёнкі і скураныя курткі цяпер пазначаныя як адна катэгорыя — курткі, а не чатыры, як было раней. Падобная сітуацыя і з жаночымі курткамі.
Чыноўнікі таксама канкрэтызавалі, якая металапрадукцыя падпадае пад дзяржрэгуляванне цэн. Гэта аконныя металічныя блокі, дзвярныя блокі, дзвярныя палотны і скрынкі да іх, вароты, ралеты, рашоткі, агароджы, трубы сталёвыя водагазаправодныя, воданапорныя чыгунныя, чыгунныя каналізацыйныя, трубы вадасцёкавыя, злучальныя дэталі да труб (муфты, вугольнікі, крыжавіны), мацавальныя матэрыялы і вырабы (бэлькі, швелеры, цвікі будаўнічыя, толевыя, дахавыя, ацынкаваныя для азбестацэментавага даху, аздобныя, абіўныя, шрубы, спружыны, ланцугі, дрот калючы для агароджаў, сетка металічная).
Таксама ўрад удакладніў, на якія канкрэтна будаўнічыя дэталі і канструкцыі з ПВХ, алюмінію, а таксама з дрэва, шпону, дробнадысперснай фракцыі рэгулююць цэны.
Такім чынам, абышлося без істотных змен па пераліку тавараў, якія падпадаюць па дзяржрэгуляванне цэн.
Столь па надбаўках на тавары для імпарцёраў і гандлю, як вынікае з пастановы ўрада, засталася ранейшай.
Якія яшчэ новаўвядзенні з’явіліся па нашумелай пастанове
Ва ўрадзе паведамляюць, што сярод іншага пашырылі спіс выпадкаў, калі не трэба ўзгадняць павышэнне адпускных цэн з чыноўнікамі. Гэта дазволіць суб’ектам гаспадарання самастойна прымаць рашэнні па адпускных цэнах у выпадках адмены зніжак (але пасля адмены зніжкі цана не мусіць перавышаць раней узгодненую) і пераліку цаны прапарцыйна вазе або аб’ёму тавару, удакладняюць ва ўрадзе.
Саўмін таксама дазволіў уключаць выдаткі на дастаўку ў цану тавару. Да прыкладу, вытворцы і імпарцёры могуць фармаваць адпускныя цэны як з улікам выдаткаў на дастаўку, так і без.
Таксама чыноўнікі ўдакладнілі, як прымяняць курс валют падчас фарміравання адпускных цэн імпарцёрам у залежнасці ад умоваў аплаты тавару.
«Дэталізаваны пералік вышэйзгаданай інфармацыі ў таварасуправаджальных дакументах канкрэтна для кожнага звяна руху тавараў: вытворцы, імпарцёра, аптовага і рознічнага гандлю», — паведамляе Саўмін.
Таксама чыноўнікі адкарэктавалі выпадкі дзяржрэгулявання цэн на тавары для ўласнай вытворчасці або спажывання кампаніямі, а таксама па продажы гарачых напояў праз гандлёвыя аўтаматы. Новаўвядзенні таксама з’явіліся для нехарчовых тавараў па індывідуальных заказах фізічных асобаў і па іх продажы ў фірмовых крамах айчыннага вытворцы. Падрабязнасцяў у Саўміне не раскрываюць.
«Улічваючы асаблівую сацыяльную значнасць забяспечання насельніцтва шырокім асартыментам тавараў, даступных для грамадзян з розным узроўнем даходаў, стан спажывецкага рынку знаходзіцца на асаблівым кантролі. У мэтах захавання цэнавай стабільнасці ўрад працягне прымаць меры як цэнавага, так і эканамічнага характару», — заяўляюць у Саўміне.
Каротка пра тое, як дзяржрэгуляванне цэн дзейнічае амаль чатыры месяцы
6 кастрычніка 2022 года Аляксандр Лукашэнка заявіў пра забарону на павышэнне любых цэн у краіне, для гэтага выпусцілі спецыяльную дырэктыву. Да 20 кастрычніка ён даручыў ураду зацвердзіць новы парадак іх рэгулявання. Адказнай прызначыў старшыню Савета Рэспублікі Наталлю Качанаву.
Пасля гэтага Дзяржкантроль анансаваў маштабныя рэйды па крамах, да праверак падключыліся таксама прафсаюзы і дэпутаты. На бізнес заводзілі крымінальныя справы. Да прыкладу, дырэктара магілёўскага крамы ў выніку судзілі за падаражэлы на 26 капеек сыр, ён атрымаў два гады з адтэрміноўкай, потым падобныя прысуды былі ў Лідзе, Баранавічах і Смалявіцкім раёне.
19 кастрычніка ўрад прыняў новую пастанову пра рэгуляванне цэн, у ёй сярод іншага прапісалі тавары, цэны якіх кантралюе дзяржава. Гэтым дакументам таксама ўвялі гранічныя надбаўкі для імпарцёраў і гандлю.
Потым чыноўнікі карэктавалі нашумелую пастанову па цэнах (да прыкладу, выключалі з яе ювелірныя ўпрыгожанні, кветкі, некаторыя іншыя тавары), уносілі змены па асартыментным пераліку (а потым — яшчэ раз і яшчэ раз). Таксама ўлады пашырылі пералік дакументаў, якія трэба падаваць для ўзгаднення павышэння цэн.
У гэтай сітуацыі скараціўся асартымент некаторых тавараў, а па асобных пазіцыях наогул паўстаў недахоп. Пры гэтым у кастрычніку і лістападзе мінулага года ў цэлым па краіне зафіксавалі дэфляцыю — зніжэнне цэн, а ў снежні яны зноў пачалі расці.
Пастанову адмяняць не будуць, але могуць яе адкарэктаваць, у лістападзе 2022 года заяўляў прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка. «Вядома, прыняцце 713-й пастановы выклікала пэўныя складанасці ў гандлю, такога ніколі не было рэгулявання. Нейкія моманты не былі ўлічаныя тэхнічныя, таму была выдадзеная новая рэдакцыя пастановы ўрада, дзе былі ўлічаныя асноўныя моманты», — адзначаў прэм’ер.