З 1 лютага ў Беларусі паднялі мінімальныя працоўныя і сацыяльныя пенсіі. Прыбаўка складае менш за два рублі. Новыя памеры будуць дзейнічаць да канца красавіка. Пры гэтым працоўныя пенсіі па ўзросце, а таксама некаторыя іншыя ў гэтым месяцы павышаць не будуць. Тлумачым, чаму так адбываецца.
Памер мінімальных працоўных і сацыяльных пенсій залежыць ад бюджэту пражытачнага мінімуму, яго павысілі з 1 лютага. Гэты паказчык пераглядаюць адзін раз на квартал. Да прыкладу, мінімальная пенсія па ўзросце з гэтага месяца вырасла на 41 капейку — да 85,37 рубля (сума без уліку даплаты ў 20% ад сярэдняй зарплаты).
Сацыяльныя пенсіі паднялі з 169,92 да 170,74 рубля. Іх атрымліваюць беларусы, якія не выпрацавалі мінімальны страхавы стаж і трапілі праз гэта ў пенсійную пастку. Яны не могуць прэтэндаваць на працоўную пенсію, ім могуць прызначыць толькі сацыяльную: мужчынам — з 65 гадоў, жанчынам — з 60 гадоў.
З 1 лютага таксама паднялі надбаўкі, павышэнні да пенсій і даплаты беларусам 75 гадоў і старэйшым, якія атрымліваюць пенсіі ў органах па працы, занятасці і сацабароне, а таксама дапамогі па доглядзе інваліда I групы альбо асобы, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту.
Пры гэтым з 1 лютага не павышаюць працоўныя пенсіі па ўзросце, за выслугу гадоў, па інваліднасці, з нагоды страты карміцеля. Апошні раз іх падымалі з 1 снежня 2022 года.