Новаўвядзенне беларускай прававой сістэмы — завочныя суды для тых, хто з’ехаў за мяжу, — чакаюць не толькі палітычных апанентаў дзейнай улады. Яны пагражаюць і фігурантам іншых крымінальных справаў — цяпер эканамічных. Новую катэгорыю асобаў для спецыяльнай вытворчасці 29 лістапада старшыня Следчага камітэта Дзмітрый Гара абмеркаваў на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.
— Узгодненая пазіцыя з кіраўніком дзяржавы адносна накіравання ў суд у парадку спецыяльнай вытворчасці і крымінальных справаў не экстрэмісцкай скіраванасці, а ў дачыненні да людзей, якія здзейснілі эканамічныя злачынствы, нанёсшы велізарную шкоду і грамадзянам, і дзяржарганізацыям. І ў якіх засталіся тут даволі вялікія актывы, якія дазволяць кампенсаваць гэтую шкоду. У гэтым напрамку таксама будзем працаваць, — заявіў кіраўнік СК.
Раней Следчы камітэт распачаў цэлы шэраг спецыяльных вытворчасцяў супраць апазіцыйных палітыкаў і актывістаў, якія знаходзяцца за мяжой. Іх фігурантамі сталі Святлана Ціханоўская і сябры Каардынацыйнай рады, чальцы Аб’яднанага пераходнага кабінета, дзеячы спорту Аляксандра Герасіменя і Аляксандр Апейкін, сузаснавальнік Sports.ru і Tribuna.by Дзмітрый Навоша, адміністратары «Чорнай кнігі Беларусі», прадстаўнікі BYPOL і NEXTA. Таксама паведамлялася, што такую справу завядуць супраць Валерыя Цапкалы.
Частка справаў ужо перададзеная ў пракуратуру для накіравання ў суд. Пасля сустрэчы з Лукашэнкам кіраўнік СК расказаў, на якім этапе знаходзіцца працэс па справе Ціханоўскай.
— У цяперашні час адвакаты, прызначаныя па крымінальных справах, знаёмяцца з матэрыяламі справы ў дачыненні да Ціханоўскай, Латушкі і іншых членаў… не буду нават называць гэтую арганізацыю… якія ўявілі сябе кіраўніцтвам нашай краіны. Гэтая справа таксама ў найбліжэйшы час будзе накіраваная, — паведаміў Дзмітрый Гара.
Што такое спецыяльная вытворчасць
Як тлумачаць на сайце СК, «спецыяльная вытворчасць — вытворчасць па крымінальнай справе ў дачыненні да абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі Рэспублікі Беларусь і ўхіляецца ад яўкі ў орган, які вядзе крымінальны працэс». То-бок спецвытворчасць — гэта фактычна першы крок да нядаўна ўзаконеных у Беларусі завочных судоў над тымі, хто знаходзіцца за мяжой.
Разам з абвяшчэннем пра адкрыццё спецыяльнай вытворчасці СК выклікае фігурантаў у Беларусь для правядзення следчых дзеянняў — публікацыя гэтай інфармацыі на сайце ведамства паводле цяперашняга закона лічыцца належным паведамленнем. Усіх іх чакаюць у Мінску ў Цэнтральным апараце СК на вуліцы Фрунзе, 19.
Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка ў ліпені падпісаў закон пра змены ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс, якія дазваляюць судзіць беларусаў, што знаходзяцца за мяжой, завочна і нават асуджаць іх на расстрэл.