Станіслаў Зась пакідае пасаду генеральнага сакратара Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы. У 2023 годзе яго крэсла зойме прадстаўнік Казахстана Імангалі Тасмагамбетаў. Пра гэта паведаміў 23 лістапада прэм’ер-міністр Арменіі, якая цяпер старшынюе ў АДКБ, Нікол Пашынян.
— Станіслаў Васільевіч Зась завяршае трохгадовую дзейнасць на пасадзе генеральнага сакратара АДКБ. Хачу падзякаваць яму за зробленую добрасумленную працу, — сказаў Пашынян, адкрываючы пасяджэнне Савета калектыўнай бяспекі.
У сваёй прамове Пашынян са шкадаваннем падкрэсліў, што сяброўства Арменіі ў АДКБ «не стрымала Азербайджан ад агрэсіўных дзеянняў» у дачыненні да краіны.
— Фактычна да сённяшняга дня нам не ўдалося прыйсці да рашэння з нагоды рэакцыі АДКБ на агрэсію Азербайджана супраць Арменіі. Гэтыя факты наносяць велізарную шкоду іміджу АДКБ як унутры нашай краіны, так і за яе межамі. Я расцэньваю гэта як галоўную няўдачу старшынявання Арменіі ў АДКБ. Тое самае магу сказаць пра факты эскалацыі на мяжы паміж нашымі саюзнікамі Кыргызстанам і Таджыкістанам, — сказаў Пашынян у прысутнасці кіраўнікоў краін — чальцоў АДКБ.
Нагадаем, пасля Арменіі ў АДКБ будзе старшыняваць Беларусь.