У Беларусі абмежавалі перадачу трэцім асобам персанальных звестак пра ўладальнікаў нерухомасці. У Генпракуратуры гэта матывавалі абаронай правоў і інтарэсаў грамадзян «ад незаконнага ўмяшання ў прыватнае жыццё».
У наглядным ведамстве падкрэслілі, што падставай для прыняцця мераў паслужылі вынікі праведзенага аналізу практыкі прымянення заканадаўства аб дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці ў кантэксце абароны персанальных звестак праваўладальнікаў.
Раней інфармацыю пра ўладальніка аб’екта нерухомасці можна было свабодна атрымаць з Адзінага дзяржаўнага рэгістра.
«Нагляднае ведамства выявіла, што ў парушэнне патрабаванняў заканадаўства арганізацыі па дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і ўгодаў з ёй перадаюць на падставе заяваў неабмежаванага кола асобаў выпіскі з поўным аб’ёмам інфармацыі, якія змяшчаюць нароўні з актуальнымі звесткамі аб правах і абмежаваннях правоў на аб’ект нерухомай маёмасці, таксама ідэнтыфікацыйныя звесткі аб уладальніках нерухомасці (прозвішча, імя, імя па бацьку, дата, месяц, год нараджэння, ідэнтыфікацыйны нумар, месца жыхарства праваўладальніка)», — паведамілі ў Генпракуратуры.
Паводле звестак ведамства, з пачатку года асобам, якія не з’яўляюцца праваўладальнікамі або кандыдатамі ў праваўладальнікі, было выдадзена больш за 60 тысяч выпісак, якія змяшчаюць ідэнтыфікацыйныя звесткі пра ўладальнікаў нерухомай маёмасці.
«З мэтай выканання патрабаванняў нагляднага ведамства арганізацыям па дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і ўгодаў з ёй забаронена ўказваць персанальныя звесткі грамадзян у інфармацыі, якая выдаецца з Адзінага дзяржаўнага рэгістра нерухомай маёмасці, правоў на яе і ўгодаў з ёй у аб’ёме выпіскі з рэгістрацыйнай кнігі асобам, якія не з’яўляюцца ўласнікамі адпаведнага аб’екта, або іх прадстаўнікамі», — адзначылі ў Генпракуратуры.