Мінпрацы ўвяло змены па разліку наймальнікамі сярэдняй зарплаты работнікаў. Прычына — вырасла колькасць святочных непрацоўных дзён. Гэты паказчык улічваюць, да прыкладу, падчас разліку адпускных. Новаўвядзенне пачне дзейнічаць з 1 студзеня. Расказваем, што змянілі ў дачыненні да сярэдняй зарплаты і як гэта адаб’ецца на работніках.
Цяпер для разліку сярэдняй зарплаты, якую атрымлівае работнік за адпачынкі — працоўны ці сацыяльны (апошні — на час вучобы), наймальнікі бяруць сярэднямесячную колькасць каляндарных дзён на ўзроўні 29,7. Гэты паказчык вылічваюць па спецыяльнай формуле, адна з уводных у якой — колькасць святочных непрацоўных дзён. Цяпер у разлік бяруць 9 святочных дзён, а з 2023 года — 10 дзён. Праз гэта сярэднямесячная колькасць каляндарных дзён скароціцца да 29,6.
Работнікам гэтая змена пойдзе на карысць. За кошт новаўвядзення сярэдняя зарплата, якая ўлічваецца падчас разліку адпускных, а таксама кампенсацыі за адпачынак будзе крыху вышэйшая, чым цяпер.