У панядзелак, 14 лістапада, у эфіры тэлеканала «Беларусь 1» міністр унутраных справаў Беларусі Іван Кубракоў заявіў, што ва ўнутраных войсках і ў АМАП з’явіцца некалькі новых спецыяльных падраздзяленняў, якія будуць мабільнымі і гатовымі дзейнічаць у любой мясцовасці, на тэрыторыі ўсёй Беларусі. А да гэтага на нарадзе Лукашэнка ў той самы дзень удаклядняў, што на пашырэнне МУС лішніх грошай няма. Навошта ў такім разе спатрэбілася перафарматаванне сістэмы ўнутраных справаў? «Люстэрка» задало пытанні былым сілавікам і палітычнаму эксперту.
«Простае змяненне некалькіх ротаў»
Ігар Лобан, былы следчы па асабліва важных справах, лічыць, што гэтыя выказванні скіраваныя ў першую чаргу «для заспакаення фобій Лукашэнкі».
— Ён казаў пра падрыхтоўку дыверсійна-разведвальных групаў на тэрыторыі замежных дзяржаваў, якія нібыта зойдуць у Рэспубліку Беларусь і ў далейшым будуць зрынаць рэжым. Потым тое самае пачалі паўтараць сілавікі, якія ездзілі па прадпрыемствах. Я думаю, што гэта папросту страх Лукашэнкі перад беларускімі добраахвотніцкімі фармаваннямі на тэрыторыі Украіны. Такім чынам, Міністэрства ўнутраных справаў як бы трапляе ў струмень яго заяваў, — лічыць экс-сілавік. — Лукашэнка гэта агучыў, ён гэтага баіцца. І вось яму прыносяць гатовае рашэнне пра стварэнне нейкіх падраздзяленняў. Я думаю, што па факце гэта будзе простым змяненнем некалькіх ротаў у АМАПе, ва ўнутраных войсках. Будзе прынятае рашэнне пра прысваенне ім якой-небудзь назвы, звязанай з барацьбой з дыверсійна-разведвальнымі групамі або з тэрарызмам. Як сказаў сам Лукашэнка на апошняй нарадзе, на нейкае пашырэнне грошай няма.
Экс-пракурор Алег Талерчык у каментары «Люстэрку» заявіў, што стварэнне такіх спецпадраздзяленняў у сістэме МУС, асабліва ў АМАПе, не адпавядае задачам ні органаў унутраных справаў, ні ўнутраных войскаў, якія замацаваныя ў заканадаўстве нашай краіны:
— З высокай ступенню дакладнасці можна выказаць здагадку, што названыя спецпадраздзяленні ствараюцца для барацьбы супраць магчымых групаў сілавога супраціву беларусаў рэжыму Лукашэнкі, які неканстытуцыйна ўтрымлівае дзяржаўную ўладу ў краіне, — лічыць Талерчык. — А таксама супраць усіх актывісцкіх рухаў, якія падпадаюць пад сённяшнюю фармулёўку рэжыму «тэрарыстычная дзейнасць». Але варта адзначыць, што цяпер гэта зона адказнасці КДБ. І МУС у дадзеным выпадку выходзіць за межы сваёй кампетэнцыі. Тое, пра што сказаў Кубракоў, матывуючы рашэнне пра стварэнне новых спецпадраздзяленняў у структуры АМАП і УВ, сведчыць пра рэальны страх рэжыму перад магчымасцю беларускага народа ажыццявіць менавіта сілавы сцэнар. Такое глупства, як стварэнне дадатковага спецназа ў структуры ўжо наяўнага спецназа, (якімі па сутнасці ёсць АМАП і значная частка падраздзяленняў УВ), сведчыць пра велічыню гэтага страху.
Былы супрацоўнік унутраных справаў Сяргей, які захацеў застацца ананімным, таксама пракаментаваў нам заяву міністра.
— Пра якія канкрэтна падраздзяленні гаворыць Кубракоў у сваёй прамове, я сказаць не магу. Імаверна, гаворка пра нейкія новаўвядзенні ў штатнай структуры ў сувязі з цяперашняй аператыўнай абстаноўкай, то-бок у залежнасці ад патрабаванняў сённяшняга дня. Як прыклад можна ўспомніць пра ствараныя калісьці новыя падраздзяленні «аналітычнай разведкі» або падраздзяленні па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій, — кажа мужчына.
Ён дадае, што з боку МУС гэтае рашэнне можа быць «прэвентыўнай рэакцыяй на магчымыя пагрозы».
— Так было заўсёды. МУС ініцыюе перад Лукашэнкам неабходнасць увядзення новых напрамкаў работы для рашэння задач. Мэта — прадухіліць развіццё пагрозы. Часта бывае, што планы МУС не могуць ажыццявіцца цалкам праз адсутнасць фінансавання з боку рэжыму. Але для стварэння ілюзіі кантролю сітуацыі і нібыта ўжо ажыццяўлення раней планаванага праз «ручныя» СМІ падаецца інфармацыя ў выглядзе факту, які ўжо адбыўся. Маўляў, мы такое патрэбнае пытанне праціснулі, усе планы будуць рэалізаваныя, мы малайцы і рэжым будзе выратаваны дзякуючы нам.
На думку Сяргея, усё можа скончыцца нязначным пераразмеркаваннем сіл і сродкаў для рэалізацыі «якога-небудзь манеўру».
— Як варыянт, ва ўжо існыя падраздзяленні будуць уведзеныя новыя адзінкі, якія «забяруць» з іншых падраздзяленняў, дзе яны менш запатрабаваныя. Гэта будзе адбывацца як захоча начальства.
«Беларускія ўлады раздзімаюць пагрозу з боку Украіны»
Палітычны аналітык праекта «Позірк» Аляксандр Класкоўскі адзначае, што, мяркуючы па ўсім, згаданую заяву Кубракоў зрабіў пасля дакладу ў Аляксандра Лукашэнкі:
— І Кубракоў паказвае, што ён дзейнічае ў рэчышчы ўказанняў правадыра палітычнага рэжыму. А Лукашэнка цяпер, відавочна, арыентаваны на тое, каб нарошчваць гэты сілавы кулак, працягваць палітыку рэпрэсій. Таму што ён разумее: хоць пратэсты і задушаныя, значная частка беларусаў незадаволеная рэжымам. Тут яшчэ ідзе вайна ва Украіне, эканамічныя перспектывы выглядаюць не бліскуча… Лукашэнка робіць стаўку на закручванне гаек, на насаджэнне страху ў грамадстве і на хуткую лакалізацыю нейкіх магчымых праяваў незадаволенасці, магчымых пратэстаў. У гэтым кантэксце зразумела, што вось гэтыя мабільныя, добра аснашчаныя спецпадраздзяленні разглядаюцца як вельмі і вельмі патрэбны фактар стабілізацыі абстаноўкі ва ўяўленні Лукашэнкі і яго атачэння.
Ён дадае, што, калі больш канкрэтна аналізаваць выказванні Кубракова, можна адзначыць знешні і ўнутраны аспекты яго заяваў.
— У ягоных словах прагучала і згадка Украіны, і тое, што гэтыя новыя падраздзяленні будуць заточаныя супраць дыверсійна-разведвальных групаў. Цяпер беларускія ўлады ўсяляк раздзімаюць пагрозу з боку Украіны, але гэта робіцца хутчэй з прапагандысцкімі мэтамі: мы бачым, што ўкраінскі бок пакуль паводзіць сябе асцярожна. І хоць з беларускай тэрыторыі наносяцца ўдары па Украіне, дзеянняў у адказ няма. Але калі ўлады трымаюць у галаве перспектыву імавернасці глыбейшага ўцягвання ў вайну супраць Украіны, то, вядома, яны пралічваюць магчымасць нейкіх дзеянняў у адказ украінскіх вайскоўцаў. Напэўна, у гэтым кантэксце Кубракоў і згадвае дыверсійна-разведвальныя групы, — адзначае Класкоўскі.
Ён адзначае таксама, што ў дадзеным кантэксце можна ўспомніць, як часта беларускія ўлады каментуюць і дзеянні палка Каліноўскага.
— Яны, я думаю, нават гіпертрафуюць гэта гэтую пагрозу і робяць гэта не без намеру. Хоць гэтая пагроза выглядае вельмі гіпатэтычнай і прывіднай, але тым не менш беларускія ўлады напружвае тое, што ў суседніх краінах з’явіліся вось гэтыя добраахвотніцкія беларускія фармаванні. Я думаю, што яны рыхтуюцца фармаваць новыя спецпадраздзяленні ў сістэме МУС і на выпадак супрацьдзеяння такім пагрозам. Яшчэ адзін аспект, які прасочваецца ў заявах Кубракова, — гэта здушэнне ўнутраных пратэстаў. Мы бачылі, што ўсе вось гэтыя «красаўцы», як іх называе Лукашэнка, экіпіяваныя з ног да галавы, яны актыўна душылі пратэст у 2020 годзе. Лукашэнка быў моцна траўмаваны вось гэтым народным паўстаннем: я думаю, ён мадэлюе магчымасць паўтарэння такіх сітуацый. Таму ён таксама зацікаўлены, каб было як мага больш добра навучаных, экіпіяваных, з прамытымі мазгамі сілавікоў, якія будуць душыць новыя пратэсты пры іх узнікненні.