«Люстэрка» працягвае рубрыку «Сорамна пытаць», дзе мы адказваем на пытанні, якія часта нязручна задаваць сваім партнёрам, блізкім сябрам і нават дактарам. Сёння разбяром не такі ўжо рэдкі сумнеў: некаторым падаецца, што мастурбацыя ў адзіноце, калі знаходзішся ў адносінах, недапушчальная. А хтосьці нават параўноўвае акт самазадавальнення «пры жывым партнёру» (ці партнёрцы) са здрадай. Чаму некаторыя лічаць менавіта так? Вывучылі пытанне на аснове меркаванняў экспертаў і экспертак.
Калі вы таксама думаеце пра мастурбацыю як пра нешта «бруднае», гэта нядзіўна. Яе дэманізавалі стагоддзямі
Гаворачы пра мастурбацыю, варта спачатку ўспомніць, што яна амаль заўсёды была табуяванай практыкай. «Жахі» пра згубны ўплыў мастурбацыі на цела і душу пачалі распаўсюджвацца яшчэ ў сярэднія вякі, калі царква вырашыла адвучыць людзей ад «рукаблудства». Дагэтуль у многіх рэлігіях свету такая практыка не вітаецца.
Жанчынам у гэтым сэнсе «не пашанцавала» нават больш. З канца XIX да сярэдзіны XX стагоддзя многія псіхолагі, натхнёныя працамі Зігмунда Фрэйда, лічылі, што жанчыны павінныя дасягаць аргазму толькі ад мужчынскага пеніса — праз вагінальнае пранікненне. А мастурбацыя разам са стымуляцыяй клітара называлася прыкметай «мужчынскасці» або наогул неўраўнаважанасці.
Так што нядзіўна, што ў нейкай ступені мы ўсе лічым мастурбацыю «заганнай справай». Нават калі ведаем, што ўжо навукова даказана: ніякая слепата ад яе не наступіць, ды і валасы на далонях не вырастуць — падрабязней пра гэта мы пісалі тут.
Самазадавальненне не проста не шкоднае, але нават карыснае. Напрыклад, доктар-уролаг расказваў «Люстэрку», што для мужчын, якія плануюць стаць бацькамі, рэгулярнае семявывяржэнне дапамагае «абнаўляць» сперму — а гэта станоўча адбіваецца на фертыльнасці.
— Працэс утварэння сперматазоідаў ідзе бесперапынна, таму месца, што вызваляецца падчас эякуляцыі, для сперматазоідаў, якія выспяваюць, будзе толькі на карысць, — тлумачыў медык.
Для жанчын жа разрадка мае хутчэй псіхалагічныя «бонусы» ў выглядзе зніжэння ўзроўню стрэсу і падтрымання добрага настрою. А яшчэ мастурбацыя робіцца выдатным спосабам спазнання сябе і свайго цела, каб палепшыць сэкс разам з партнёрам.
Некаторых, зрэшты, сама па сабе гэтая практыка не бянтэжыць. А вось у адносінах яна становіцца праблемай
Калі вывучыць скаргі на форумах, можна заўважыць: часцей мастурбацыяй у дадатак да інтымных практык у адносінах займаюцца мужчыны. Бываюць пары, дзе ўсё наадварот, але радзей.
— Мая партнёрка ведае, што я мастурбую на парнаграфію, і папрасіла мяне перастаць гэта рабіць, на што я адказаў: «Калі ты будзеш даступная мне 24/7 — вядома». Цяпер яна злуецца, і мы не размаўляем ужо тры дні, — апісваў сваю сітуацыю адзін з карыстальнікаў форуму Reddit. — Прычым мая мастурбацыя не выклікае ніякіх праблем у нашым сэксуальным жыцці. Я мастурбую толькі калі я адзін, і [калі можна заняцца сэксам з партнёркай] аддаю перавагу таму, каб рабіць гэта з ёю.
Просьбы ад жанчын не мастурбаваць могуць расці з таго, што многія з іх, заспеўшы партнёра за гэтай практыкай (ці нават проста даведаўшыся, што ён гэта робіць), адчуваюць сябе прыніжанымі і ўспрымаюць тое, што адбылося, як прыкмету страты сваёй прывабнасці.
— Ім здаецца, што такі спосаб самазадавальнення мужа кажа пра іх сэксуальную непрывабнасць, — упэўненая псіхатэрапеўтка Іна Хамітава.
— Праўда ў тым, што такія пачуцці могуць быць больш звязаныя з вамі і тым, як вы ставіцеся да сябе, сваёй сэксуальнасці і сваёй каштоўнасці, чым з вашым партнёрам, — згаджаецца сямейная тэрапеўтка Маргарэт Доэрці.
Мастурбацыя мужчыны сапраўды наўрад ці звязаная з яго ўзроўнем задаволенасці адносінамі, сэксам ці «майстэрствам» партнёркі ў ложку. Проста мужчыны (асабліва маладыя) у прынцыпе мастурбуюць значна больш за жанчын, незалежна ад сітуацыі ў асабістым жыцці.
Чаму тады такая ж практыка ў выкананні партнёркі можа выклікаць у мужчын хутчэй ўзбуджэнне, чым рэўнасць ці няўпэўненасць у сабе? Псіхолагі і медыкі тлумачаць гэта тым, што жаночая мастурбацыя «не перашкаджае коітусу», сканцэнтраваная на клітары і тэхнічна можа ажыццяўляцца нават падчас пранікальнага полавага акту — як дадатак да яго. А вось мужчынская па сваёй сутнасці цалкам замяняе полавы акт, што і прыводзіць да параўнання яе з здрадай.
— У многіх жанчын гіпертрафаванае пачуццё віны. У дадзеным выпадку за гэтым стаіць ілюзія, што «свайго» мужчыну трэба і можна мець цалкам, калі гэта не атрымліваецца, значыць, ты вінаватая, — расказваў сэксолаг Ігар Кон.
На практыцы ж у мужчын могуць быць свае прычыны для таго, каб аддаць перавагу мастурбацыі перад сэксам нават у адносінах. Да іх адносіцца ў тым ліку клопат пра сваю партнёрку. Напрыклад, калі тая стамілася на працы ці выматалася праз дзіця, то можна не «мучыць» яе яшчэ і сэксам, а задаволіць свае патрэбы самастойна.
— Калі жонка набегалася за дзень так, што наўрад ці ўначы зможа паўнавартасна аддацца сэксу, будзіць не буду, — тлумачыў 29-гадовы Марат часопісу The Voice.
Мастурбацыя таксама можа выратаваць пары, у якіх у партнёра і партнёркі першапачаткова розная ступень сэксуальнага жадання ці такая сітуацыя склалася з цягам часу.
Вядоўца беларускага падкасту пра сэкс «Полчаса кардио» Максім Паршута наогул заўважыў за сабой, што ў адносінах яго цягне задавальняць самога сябе нават часцей, чым калі ў яго партнёркі няма наогул. Сабе ён патлумачыў гэта тым, што, магчыма, калі побач знаходзіцца прывабная для яго жанчына, эратычных думак і, адпаведна, жадання «разрадзіцца» становіцца больш (гэта лягчэй і хутчэй, чым ствараць прыдатную для дваіх атмасферу для сэксу).
— Не варта драматызаваць, — заклікае Хамітава. — Не трэба навязваць ці забараняць сабе якія-кольвек пяшчоты. Чаму б проста не пагуляць — калі гэта застаецца гульнёй. Важна, каб мастурбацыя прыносіла задавальненне. Нагода задумацца з’яўляецца, калі яна робіцца адзіным відам сэксуальнага жыцця [у адносінах].
З такой пазіцыяй згодныя і іншыя псіхатэрапеўты і псіхолагі, хоць падкрэсліваюць: размова ў пары на гэтую тэму сапраўды можа быць няпростай.
Частка людзей сапраўды любіць мастурбацыю больш, чым сэкс. Гэта не экстрэмальна рэдкі выпадак
Для такіх людзей нават існуе асобны тэрмін: іх называюць аўтасэксуаламі. Гэта значыць, што іншыя вабяць іх трохі менш, чым яны самі сябе. Калі гаворка ідзе пра такога чалавека, то нядзіўна, што мастурбацыя здаецца ім нашмат больш прыемным заняткам, чым сэкс з партнёрам або партнёркай.
Пакуль гэтая асаблівасць даволі мала вывучаная. Але псіхатэрапеўтка Кейсі Танэр лічыць, што любоў да сябе, якая выяўляецца так, не абавязкова выключае адносіны з іншымі людзьмі ці сэкс з імі. Проста гэта асобны спосаб атрымліваць задавальненне — ад свайго цела і часу, прабаўленага сам-насам з сабой.
На форумах можна сустрэць нямала падобных назіранняў і ад жанчын, і ад мужчын — і, мяркуючы з усяго, гэта сапраўды не такі ўжо рэдкі выпадак. Але, імаверна, частка такіх гісторый наогул звязаная з тым, што іх апавядальнікі і апавядальніцы проста не сустрэлі прыдатнага партнёра. Часам жанчыны апісваюць сваю праблему і так: «Мне падабаецца займацца сэксам, але, з майго досведу, ні адзін мужчына, з якім у мяне ён быў, не змог прымусіць мяне атрымаць такую ж асалоду, якой я дасягаю падчас мастурбацыі».
Чытайце таксама