У Бельгіі маладыя вярнуліся дадому і не маглі знайсці ўваходу, бо дом быў абкладзены скрынямі з півам. Пра гэта паведамляе Daily Star.
Выявілася, што пастараліся іх сябры. Яны «ўпрыгожылі» дом дзвюма тысячамі скрыняў піва. Так яны падтрымалі бельгійскую традыцыю, калі сябры робяць маладым сюрпрыз па вяртанні дадому.
Праўда, гэтым разам у сяброў пары быў яшчэ адзін стымул пастарацца — яны хацелі перасягнуць папярэднія барыкады. У чэрвені іншым маладым забарыкадавалі дом 480 скрынямі, але «рэкорд» пратрымаўся ўсяго некалькі тыдняў, бо яшчэ адным маладым абклалі жыллё 700 скрынямі.
«Увесь дом Джэрэмі і Майтэ быў абнесены, яны нікуды не змогуць трапіць. Калі яны вернуцца дадому, ім давядзецца нешта прыдумаць. Можа, разбіць намёт у садзе», — расказаў натхняльнік гэтага плана, адзін з сяброў маладых.
Дарэчы, такі падарунак стаў магчымы дзякуючы таму, што ў сям'і сябра ёсць свой бровар. Каб дадаць барыкадзе больш бляску, сябры пары выкарысталі частку скрыняў ружовага колеру, з якіх выклалі сэрца, астатнія — сінія.
«Адзін з нашых сяброў — архітэктар, ён намаляваў план. На „будоўлі“ працавалі каля дзесяці чалавек», — дадаў аўтар ідэі.
Дарэчы, для маладых сюрпрыз не такі сумны, як можа падацца, бо скрыні не пустыя, а напоўненыя бляшанкамі з улюбёным напоем жаніха. Як толькі яны вып’юць усё, то змогуць здаць скрыні і «зарабіць» прыстойную суму ў памеры 4200 еўра.