Памятаеце, як у дзяцінстве хацелася хутчэй стаць дарослым, а ў кожнай прафесіі, нават самай простай, бачылася нешта асаблівае і цікавае? «Люстэрка» папрасіла вядомых беларускіх музыкаў і актораў, тэлевядоўцаў, спартоўцаў і палітыкаў расказаць, кім яны марылі стаць, калі вырастуць, і ці маглі сабе ўявіць, што акажуцца там, дзе цяпер. Пачытайце добрыя і забаўныя гісторыі і ўспомніце, пра што марылі вы самі.
Дзяніс Дудзінскі, журналіст, тэлевядоўца, музыка

Класа да 2−3-га было ў мяне тры мары. Першая — стаць, вядома, касманаўтам. Другая — камандзірам падводнай лодкі. Менавіта падводнай і менавіта камандзірам! І трэцяя — быць кіроўцам асфальтаўкладачнага катка. Вельмі мне ў дзяцінстве падабаліся вось гэты размераны рух масіўных валікаў і пах свежага асфальту. Так падабалася ўяўляць, як я сяджу, кручу руль у гэтых парах асфальтавых!
Потым усё гэта неяк пацьмянела, вядома. Я пасталеў, паразумнеў, і наступная мара была — стаць кіроўцам аўтобуса. Вельмі мне падабаліся ў старых «Ікарусах» такія кнопкі адкрывання дзвярэй: не клавішы, а менавіта такія чырвоныя і зялёныя пімпачкі. Мне заўсёды падабалася стаяць ля кабіны кіроўцы і глядзець, як ён іх націскае, а потым з гукам «пшш!» адчыняюцца дзверы.
Потым пачаў чытаць, першым самастойна прачытаў Жуля Верна — і загарэўся ідэяй стаць падарожнікам, я яшчэ не ведаў, што не існуе такой прафесіі. І паступова, у старэйшых класах, пачаў думаць пра акторскую прафесію, працу на тэлебачанні, на сцэне. З часам гэта ўсё ажыццявілася, атрымалася — і ў кіно здымаўся, і ў тэатры граў, і на сцэне спяваў. Ну, а галоўнае памкненне мяне-дзіцяці — падарожнічаць, бачыць мора, акіяны, пустыні — усё гэта ў мяне таксама было і застаецца, так што я не аддаў свайго ўнутранага дзіцяці і выканаў сваю галоўную мару. Ну і ўсе прамежкавыя моманты таксама выканаў і працягваю выконваць. А камандзір падводнай лодкі, касманаўт і асфальтаўкладчык — напэўна, ужо і неактуальныя.
Святлана Ціханоўская, лідарка дэмакратычных сіл Беларусі

Я вельмі рана навучылася чытаць і ў дзяцінстве заўсёды гуляла ў школу: я настаўніца, мае цацкі — вучні. Чытала ім кніжкі, раздавала лісточкі. У школе ўжо вызначыўся профіль — у нас быў клас з паглыбленым вывучэннем англійскай. Прыродазнаўчыя і дакладныя навукі мяне не вабілі. Да таго ж у мяне былі выдатныя школьныя настаўнікі, і гэта развівала цікавасць да прафесіі.
А вось ва ўніверсітэце нас вучылі па стандартных савецкіх падручніках, па педагогіцы было шмат тэорыі, але амаль без практыкі — нам не давалі праявіць сябе, распрацаваць свае праграмы. Так што вучыць дзяцей па-ранейшаму хацелася, але не на базе звычайнай школы. І ты ўжо разумееш, што заробак і стаўленне да школьных настаўнікаў не такія, як мусяць быць. Але ў канцы 2019-га, калі акурат быў кавід, я пачала працаваць у анлайн-школе. Вось там сваю працу вельмі любіла! Сама распрацоўвала ўрокі, дзяцей вучыла, яны былі ў захапленні. І я была ўпэўненая, што з верасня 2020 года ў гэтай жа школе буду анлайн вучыць дзяцей. Але склалася так, як склалася.
Як у цэлым ўяўляла сябе ў дарослым жыцці? Хацела сям’ю, дом, класных дзяцей, нармальную працу. Вядома, на гэта ўплывалі мае бацькі, асяроддзе — пра іншае ў нас не марылі. Нічога звышнатуральнага: ты не бачыла перад сабой нейкіх іншых магчымасцяў, не думала, што яны існуюць у гэтым свеце. Жыццё ўносіць свае карэктывы: сям’я — якая любіць мяне і якую люблю я — у мяне ёсць, але, вядома, жыццё не ў тым фармаце, як я яго бачыла — спакойнае і размеранае. Паглядзім, можа, у будучыні мне яшчэ ўдасца вярнуцца да нейкай выкладчыцкай дзейнасці.
Уладзімір Пугач, лідар J: МОРС

— У самым раннім дзяцінстве, напэўна, хацеў быць кімсьці з персанажаў улюбёных мульцікаў. Потым — манахам Шааліня, касманаўтам. Калі ў 14 гадоў больш-менш засвоіў гітару і пачаў спяваць песні, захацелася стаць музыкам, рок-музыкам. Але пасля ўніверсітэта стаў прафесійным юрыстам. А потым, калі гадоў дзесяць быў у прафесіі, мары ўсё ж перамаглі. З таго часу асноўная мая сфера дзейнасці — менавіта музыка, шоу-бізнес, стварэнне песень. То-бок менавіта цяпер я займаюся тым, пра што марыў, і лічу сябе вельмі шчаслівым чалавекам.
І з аднаго боку, так, я чакаў, што буду там, дзе цяпер, бо працягваў рабіць тое, што ўмею, у што веру. Наш гурт працуе, мы ствараем новыя песні, альбомы. А з іншага — ніколі не чакаў, што буду рабіць гэта ў іншай краіне, у даволі абмежаваных абставінах. Але складанасці, наадварот, падштурхоўваюць жыць далей і працаваць яшчэ больш.
Зоя Белахвосцік, акторка тэатра, народная артыстка Беларусі

Колькі сябе памятаю (з трох гадоў), заўсёды марыла стаць артысткай! Ніхто з родных не ўхваляў мой выбар, асабліва тата. Ён вельмі баяўся за мой жаночы акторскі лёс! Тым больш што я вучылася ў мастацкай школе і ўжо спрабавала афармляць дзіцячыя кнігі. Але марыла пра тэатральны. Мяне не прынялі з першага разу. І я спачатку вучылася ў Інстытуце культуры, але пасля трэцяга курса перавялася ў тэатральна-мастацкі інстытут. Я атрымлівала акторскую прафесію шэсць гадоў!
Быць прадстаўніцай чацвёртага пакалення тэатральнай дынастыі складана і адказна. Мяне прынялі ў Купалаўскі, ён стаў маім домам на ўсё жыццё. Я ў ім расла, сталела і ніколі не сумнявалася ў сваім выбары. Нават цяпер, у вымушанай эміграцыі, купалаўцы працуюць для беларусаў! Калі любіш сваю справу і верыш у сваё прызначэнне — усё атрымаецца!
Арцём Шрайбман, палітычны аналітык

— У малодшай школе я хацеў стаць астраномам, бо любіў зоркі. А потым захапіўся дзіцячымі дэтэктывамі і хацеў быць то адвакатам, то следчым. Пра тое, што мая праца будзе звязаная з тэкстамі, не мог і ўявіць гадоў да 20 — па рускай і беларускай адзнакі заўсёды былі крыху горшыя, чым па астатніх прадметах, і зусім не цягнула ў гэты бок.
Дзмітрый Нарышкін, комік, стваральнік Stand Up Comedy Hall

— У садку я марыў, што стану інкасатарам. Лічыў, раз яны забіраюць грошы ўсюды, то гэта самыя багатыя людзі. А стаў сцэнарыстам і стэндап-комікам і цяпер магу ў сваіх фантазіях праз гумар зрабіць каго заўгодна багатым і паспяховым, толькі з самім сабой пакуль так не атрымліваецца.
Кацярына Сныціна, баскетбалістка

— У пятым класе я трапіла ў сваю дзіцячую баскетбольную каманду (потым аказалася, што буду гуляць у ёй да заканчэння школы) і зразумела, што буду прафесійнай баскетбалісткай.
1996 год. Інтэрнэту няма, максімум, як можна было даведацца пра баскетбол, — гэта глядзець у тры гадзіны ночы матчы НБА ў каго-небудзь з сяброў у кватэры. Адкуль тады ўва мне зарадзілася бачанне сябе як прафесійнай баскетбалісткі, я не ведаю, і гэта не нешта, чаго я горача жадала кожную секунду ці пра што думала пастаянна. Гэта было вельмі спакойнае пачуццё, што менавіта так і будзе. У 11-м класе ўсё роўна не было разумення, як менавіта з’ехаць гуляць у іншую краіну, як наогул адбываецца адбор камандамі гульцоў і гэтак далей, пакуль у адзін летні вечар у кватэры бацькоў не раздаўся званок. Па хатнім тэлефоне званіў агент з прапановай паехаць гуляць у Францыю.
Цяпер я разумею, што з дня ў дзень я трэніравалася, гуляла; без выходных, без адпачынку ў звыклым для людзей разуменні, нават без хобі ці нейкіх захапленняў. Я проста жыла баскетболам, і ў выніку так яно і выйшла. Баскетбол цяпер нават не праца — гэта мой стыль жыцця.
Аляксандр Мілінкевіч, палітык, кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2006 года

— Мне было, можа, гадоў пяць, калі я першы раз кансультаваўся з матуляй, кім стаць, як буду дарослым. Спытаў у яе, ці можна адначасова быць мастаком, доктарам і мараком. Я вельмі любіў маляваць і ляпіць з пластыліну («творы» мае і сёння захоўваюцца ў дзядоўска-бацькоўскай хаце ў Гродне). Мама сказала: «Вядома, важней за ўсё рабіць тое, пра што марыш. Будзеш доктарам на караблі, а ў вольны час малюй сабе пейзажы».
У канцы школы я вырашыў ісці ў настаўнікі, бо сям’я — суцэльныя педагогі. Марыў быць выхавальнікам у дзіцычым садку: надта дзетак малых любіў.
Але фізіка перамагла педагогіку, яе ў мяне выкладаў мой старэйшы брат Дзіма, настаўнік ад бога. Пасля фізфака я так захапіўся навукай, што не мог спыніцца і паступіў у аспірантуру, стаў кандыдатам фізіка-матэматычных навук і вярнуўся выкладаць у родны горад, у родную вучэльню. У мяне са студэнтамі была шчырая ўзаемная любоў.
Але ў перабудову пачаў весці аўтарскую перадачу пра сапраўдную гісторыю роднага горада, стаў папулярным — і мяне выбралі на сапраўдных выбарах віцэ-мэрам Гродна. Вось ужо ніколі не збіраўся ісці «ў палітыку», але ні пра што не шкадую. Свабоды ў маёй краіне было няшмат, а мне пашчасціла рабіць у асноўным тое, што было цікавым і важным.
Міхаіл Зуй, актор

— На тое, кім я хацеў быць, уплывалі кнігі. Успамінаю «Неверагодныя прыгоды Карыка і Валі» — там дзеці зменшыліся і вандравалі сярод казурак, травінак, моху. Усе гэтыя расліны сталі вышэйшыя за чалавека. Мне вельмі спадабалася тады кніжка, фільм, і я хацеў стаць энтамолагам — вывучаць інсектаў розных. Астраномам таксама марыў быць у пэўны час. За зорамі назіраць. Магія зорнага неба мяне вельмі вабіла. А потым, напэўна, як кіно глядзіш, адразу хочаш трапіць туды, стаць адным з герояў. Розныя прафесіі былі ў дзіцячым уяўленні. Вось, напрыклад, глядзеў «Гостью из будущего» — дык хацелася проста трапіць у гэтую будучыню! Памятаю, як плакаў пад словы песні «А сегодня что для завтра сделал я?», бо разумеў, што нічога не зрабіў для заўтра (смяецца), і гэта мяне неяк так узрушвала.
З нейкага часу я марыў, вядома, пра кіно. Чамусьці згадваецца «Бураціна» ў гэтым кантэксце — хацелася быць акторам, які грае ў такім кіно, і ў нейкім сэнсе гэтая мара спраўдзілася. Вось цяпер здымаем праект «Чын-Чыны ў мундзірах», і там ёсць адчуванне, што я раблюся героем фільмаў, якія глядзеў з дзяцінства.
Міхаіл Цыганкоў (блогер Gypsynkov)

— Я нарадзіўся ў самай звычайнай, стандартнай сям'і. Тата працаваў на заводзе, мама — прадаўцом у краме. Хадзіў у звычайную школу, ездзіў на вакацыі да бабулі ў вёску. Глыбокіх думак і мараў пра тое, кім я хачу быць, калі вырасту, не меў і, шчыра прызнацца, не маю дагэтуль. Але гэта будзе крыху хлуснёй, у дзяцінстве я досыць шчыра хацеў быць калісьці джэдаем, калісьці — піратам, калісьці — гісторыкам-археолагам. І ўсё гэта змянялася ў залежнасці ад таго, які менавіта фільм ці мульцік мне падабаўся больш за ўсё ў пэўны момант. Але час ішоў, і ў школе з’яўляліся нейкія мерапрыемствы па прафесійнай арыентацыі, нейкія тэсты-апытанні. Непазбежнага было не пазбегнуць, нешта пісаць у гэтыя лісцікі трэба было, таму думкі хадзілі вакол дастаткова зразумелага канструкту: адвучыцца ў школе, пайсці ў тэхнікум ці ўніверсітэт, атрымаць інжынерную спецыяльнасць і працаваць потым дзесьці нейкім, напрыклад, электрыкам або, можа, будаўніком.
Дзякуй богу, у тэхнікум на электраманцёра мяне не ўзялі праз зрок (у мяне пэўная ступень дальтанізму, не бачу некаторых адценняў), а вось ва ўніверсітэт на інжынера-электрыка ўжо ўзялі. Паводле базавага плана я атрымаў гэтую спецыяльнасць. І нават адпрацаваў па ёй у суме 4 гады. А потым стаў інтэрнэт-інжынерам на бязмежных прасторах франтэнд-распрацоўкі. То-бок калі падвесці вынік, то фактычна я нікім быць асасабліва не хацеў і нікім у выніку і не стаў. Што лішні раз кажа пра тое, што ўсе мае жаданні спраўджваюцца.
Аляксандр Ждановіч (Маляваныч), актор

— Кім я толькі не марыў быць! Ад спартыўнага каментатара да (увага, зараз будзе смешна!) міліцыянера. І, хутчэй за ўсё, не думаў, што стану тым, кім стаў у выніку. У тэатральныя гурткі я амаль не хадзіў, хаця акторства — гэта, можна сказаць, асноўная мая дзейнасць. Шмат за што я браўся і шмат што мне цікавае, але што будучыня мая будзе звязаная з тэмай дзяцінства, з дзецьмі, дакладна не думаў.
А так атрымалася, і я ні пра што не шкадую. І нават цяпер, ужо ў сталым узросце, спрабую ўсё новае і новае. Напрыклад, акрамя таго, што шмат дзесяцігоддзяў расказваю дзецям чужыя казкі, яшчэ і сам стаў спрабаваць пісаць.
Кацярына Пытлева, тэле- і радыёвядоўца

— Я ў дзяцінстве марыла стаць настаўніцай — у мяне мама была настаўніцай хіміі, і я, можна сказаць, усё дзяцінства прабавіла ў кабінеце хіміі, расстаўляючы ўсякія колбачкі, дапамагаючы ў лабараторыі. Потым, ужо працуючы на тэлебачанні, я пайшла на біялагічны факультэт — вельмі хацела займацца геннай інжынерыяй, каб знайсці лекі ад раку ці іншых генетычных захворванняў. Біяфак я і скончыла, але жыццё склалася так, што навукоўцам так і не стала, на жаль. А потым я, дарэчы, выкладала (у мяне ёсць дыплом выкладчыка біялогіі): шэсць гадоў вучыла тэлерадыёвядоўцаў. Таму вучыць я люблю і ўмею, але, на жаль, жыццё склалася інакш.
Яўген Смарыгін, тэлевядоўца, актор

— З трэцяга класа да заканчэння школы я вучыўся ў музычным ліцэі пры кансерваторыі. Ён знаходзіцца ў самым цэнтры Мінска, і кожны дзень мне даводзілася ездзіць раніцай у самую гадзіну пік у тралейбусе ад Уручча да метро «Усход». Гэта жудасная цісканіна чалавечых целаў. Я любіў ездзіць ля кабіны кіроўцы і назіраць, як ён націскае кнопачкі адкрывання і закрывання дзвярэй. Я зайздросціў яму, бо ён быў уладаром тралейбуса! Ён свабодна сядзеў у цёплай кабіне, яго ніхто не заціскаў — і ён кіраваў гэтай вялікай электрычнай кансервавай бляшанкай! Я марыў стаць кіроўцам тралейбуса! Лепшай прафесіі для мяне тады не было!
Потым у нас быў праект «Великолепная Пятёрка», дзе мы з Дзмітрыем Танковічам былі вядоўцамі. Нам давялося пабываць на розных буйных прадпрыемствах, там мы нярэдка кіравалі аўтобусамі, трактарамі, пажарнымі машынамі і нават лакаматывам цягніка. Так што, можна сказаць, мая мара спраўдзілася.
Дзмітрый Танковіч, тэлевядоўца, актор

— У школьныя гады ў мяне было два захапленні: інфарматыка і сцэна. Прычым атрымлівалася і там, і там. Па інфарматыцы нават удзельнічаў у рэспубліканскіх алімпіядах, марыў стаць праграмістам, потым быў няпросты выбар, але ўсё ж такі «КВН», сцэна перамаглі. Напэўна, яшчэ і таму, што настаўніца рускай мовы і літаратуры, якая вяла ў нас тэатральны гурток, дазволіла мне не чытаць Талстога і Дастаеўскага (ужо тады яны мне здаваліся шалёна нуднымі).
Далей маё жыццё ўжо было звязанае са сцэнай. Наколькі ўсё атрымалася? Ну, мне сапраўды ёсць чым ганарыцца — пашанцавала і ў Беларусі быць вядоўцам у свой час, і ва Украіне весці вельмі крутыя праекты. Адзіная рэч, на якую дакладна не разлічваў, — што давядзецца жыць ва ўмовах вайны. Успамінаю да гэтага часу 9 Мая, калі яшчэ мае бабуля і дзядуля былі жывыя, — ім ніколі не падабалася гэтае свята. Памятаю, што яны заўсёды ў гэты дзень былі шалёна сумныя і першы тост быў — каб не было вайны. Тады я не разумеў гэтага, а цяпер навучыўся і, думаю, сваёй дачцэ, магчымым будучым дзецям буду жадаць, каб яны ніколі не адчулі і не ўбачылі гэтага.
Павел Латушка, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення

— Памятаю, у падлеткавым узросце хацеў быць юрыстам, але таксама мяне цікавіла гісторыя. Паступіў на першы курс гістарычнага факультэта, але на другім перавёўся менавіта на юрыдычны. Чаму юрыст? Таму што быў перакананы (і перакананы ў пэўнай ступені да цяперашняга дня), што менавіта юрысты і эканамісты мусяць складаць аснову дэпутацкага корпуса ў дэмакратычных краінах, дзе парламент абіраецца дэмакратычным шляхам.
Жыццё паказала, што выбар дапамог мне і ў працы дыпламатам, і ва ўрадзе. Тое, што я атрымаў юрыдычную адукацыю ў адной з на той момант найлепшых ВНУ краіны, БДУ, безумоўна, уплывае і на маю працу як палітыка сёння.
Чытайце таксама