У Рызе і Тамперэ 25 траўня прайшлі чвэрцьфінальныя матчы чэмпіянату свету па хакеі. Адзначым перамогі дзвюх паўночнаамерыканскіх зборных і нечаканы поспех немцаў. Але галоўным сюрпрызам стала вікторыя гаспадароў турніру.
Чэмпіянат свету. Чвэрцьфіналы
ЗША — Чэхія — 3:0, Швецыя — ЛАТВІЯ — 1:3, КАНАДА — Фінляндыя — 4:1, Швейцарыя — ГЕРМАНІЯ — 1:3.
Ніколі раней зборная Латвіі не трапляла ў чацвёрку наймацнейшых на чэмпіянатах свету. Найвышэйшым месцам было сёмае — у 1997 годзе, 2004-м і 2009-м. І вось аглушальны поспех.
У першую чаргу трэба адзначыць брамніка Артурса Шылаўса. Ён адбіў 40 з 41 кідка, не завагаўшыся ў вырашальныя імгненні. У другую чаргу згадаем аўтара пераможнай шайбы Мікса Індрашыса. Шведы зраўнялі лік у другім перыядзе, але на 46-й хвіліне Мікс вывеў партнёраў наперад. Калі ж Яніс Якс рэалізаваў большасць, то стала зразумела, што Латвія ўжо не аддасць свайго.
Што да іншых матчаў, то амерыканцы застаюцца адзінай камандай на турніры, якая пакуль не зазнала няўдач — восем перамог у васьмі гульнях. Канадцы ўзялі рэванш у фінаў за паразу ў фінале мінулага ЧС.
Расчаравалі сваіх прыхільнікаў швейцарцы. На групавым этапе гэтага першынства яны страцілі ачкі толькі ў заключным матчы, саступіўшы ў авертайме зборнай Латвіі. Але зноў пераключыцца на пераможную хвалю «крыжакі» не здолелі, хоць лічыліся фаварытам паядынку з немцамі.
27 траўня ў паўфіналах сустрэнуцца: ЗША — Германія, Канада — Латвія.
Нагадаем, што праз санкцыі ў сувязі з вайной ва Украіне зборныя Беларусі і Расіі адхіленыя ад чэмпіянату свету другі год запар. Бан распаўсюджваецца і на ЧС-2024.