Уладзімір Караткевіч застаецца адным з самых папулярных і запатрабаваных беларускіх пісьменнікаў. Неўзабаве яго творы з’явяцца яшчэ на дзвюх мовах свету.
Як паведаміла на сваёй старонцы ў фэйсбуку пасольства Беларусі ў Венгрыі, на мову гэтай краіны перакладзена гістарычная аповесць Уладзіміра Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха». Кніга ўжо выйшла ў выдавецтве Aposztróf Kiadó. Пераклад і рэдактуру кнігі ажыццявілі Іван Хорват, Каталін Салантаі і Андраш Галло.
Праўда, ёсць нюанс: пераклад рабіўся не з беларускай мовы, а з рускай (гэта значыць з перакладу). Зрэшты, гэта першая і пакуль адзіная праца Караткевіча, даступная на венгерскай мове.
А ўзбекская пісьменніца Рысалат Хайдарава скончыла пераклад на сваю родную мову аповесці Караткевіча «Сівая легенда». Па ее словах, «вельмі ўразілі ідэя, форма і стыль аповеду. Караткевіч на высокай ноце апісаў бязмежную любоў і свабоду — я пераканана, что ўзбекскі чытач абавязкова павінен прачытаць гэты твор. Ён рыхтуецца да публікацыі ў часопісе „Жахон адабиёти“ („Сусветная літаратура“)».