Увосень у Лідзе ўпершыню пасля трохгадовага перапынку пройдзе open-air фестываль LIDBEER, які праводзіць «Лідскае піва». Ён увойдзе ў праграму святкавання 700-годдзя горада, паведамляе прэс-служба Лідскага райвыканкама.
У пачатку верасня 2023 года Ліда адзначыць 700-гадовы юбілей. У праграме свята ёсць і музычны фестываль LIDBEER, які пройдзе ўпершыню пасля трохгадовага перапынку: кампанія-арганізатар «Лідскае піва» адмяніла яго ў 2020 годзе праз каранавірус і больш не аднаўляла.
У райвыканкаме паабяцалі, што фармат «open air» з фудкортамі застанецца, але саму канцэпцыю фестывалю «Лідскае піва» памяняе.
— Замест аднаго гала-канцэрта — некалькі тэматычных лакацый, дзе ў якасці падарунка гораду выступленні артыстаў, хутчэй за ўсё, будуць бясплатнымі, — расказалі ў прэс-службе, дадаўшы, што задуманыя і іншыя сюрпрызы, якія арганізатары пакуль не раскрываюць.
Юбілей Ліды адзначаць 1−3 верасня. Акрамя піўнога фестывалю сярод мерапрыемстваў запланаваны астрафэст, прамысловая выстава-кірмаш, дыскатэка, рыцарскі турнір і забег здароўя.
Фестываль музыкі і піва LIDBEER праходзіць у Лідзе з 2015 года. Гэта адзін з найбуйнейшых фестываляў такога фармату ў Беларусі. Хэдлайнерамі ў розныя гады станавіліся «Бі-2», «Чайф», «Океан Ельзи», «Ленинград». Колькасць гасцей свята дасягала 130 тысяч чалавек.