У нядзелю, 16 кастрычніка, над Мінскам былі заўважаныя баявыя самалёты — гэта знішчальнікі-перахопнікі МіГ-31, якія прыляцелі з Расіі і частка якіх можа несці гіпергукавыя ракеты «Кінжал». Расказваем, што гэта за машына, у чым яе асаблівасці і навошта Расіі «МіГі» ў беларускім небе.
Як і навошта з’явіліся перахопнікі
Нягледзячы на тое, што спалучэнне «знішчальнік-перахопнік» (да якога належыць МіГ-31) гучыць даволі лагічна, гэта вельмі рэдкі від авіяцыі, і па распаўсюджанасці іх немагчыма параўнаць ні з бамбардзіроўшчыкамі, ні са знішчальнікамі, ні нават з разведчыкамі. Сутнасць перахопніка, як зразумела з назвы, — у своечасовым перахопе (і знішчэнні) варожых лётных апаратаў. Здавалася б, гэтым могуць займацца і звычайныя знішчальнікі — іх хуткасць высокая, а ўзбраенне дазваляе збіваць самалёты. Гэта так, але толькі часткова.
Яшчэ да Другой сусветнай вайны бурнае развіццё авіяцыі прывяло да таго, што магутныя шматматорныя бамбардзіроўшчыкі амаль зраўняліся па характарыстыках са знішчальнікамі. У некаторых ваенных тэарэтыкаў з’явілася меркаванне, што армады «бомбераў», як ад іх ні абараняйся, усё роўна дасягнуць мэты і скінуць снарады на аб’екты, якія запланавана знішчыць. А знішчальнікі, якія спрабуюць ім перашкодзіць, змогуць збіць толькі некаторую частку самалётаў праціўніка і знізіць гэтым шкоду для гарадоў або заводаў, якія трэба абараняць, — але не перадухіліць сам налёт.
У 1932 годзе брытанскі палітык Стэнлі Болдуін, які выступаў супраць палітыкі раззбраення, выступіў у парламенце сваёй краіны з прамовай «Страх перад будучыняй». Падчас яе ён сказаў фразу, якая адлюстроўвала тагачасныя погляды і якая стала знакамітай — «Бамбардзіроўшчык заўсёды прарвецца» (The bomber will always get through).
Пасля таго як Другая сусветная пачалася, аказалася, што гіпотэза пра ўсемагутнасць бамбавальнай авіяцыі была ілжывай: спачатку немцы не змаглі «выбамбіць» Вялікабрытанію з вайны, потым англа-амерыканская авіяцыя, нягледзячы на велізарную перавагу над нямецкай, так і не змагла беспакарана знішчыць ваенную вытворчасць Трэцяга Рэйха (хоць і зрабіла для гэтага нямала, знішчаючы цэлыя гарады).
Аднак нямецкія канструктары спрабавалі стварыць зброю, спецыяльна прызначаную для знішчэння бамбардзіроўшчыкаў. Так быў створаны рэактыўны перахопнік Messerschmitt Ме.163 Komet. Галоўнай перавагай самалёта была велізарная хуткасць на шкоду іншым якасцям — у першую чаргу манеўранасці.
Зброя не дапамагла нацыстам адбіць наступ саюзнікаў — ваенная моц Англіі і ЗША прыкметна пераўзыходзіла нямецкую, а сам самалёт аказаўся не вельмі ўдалым і з’явіўся занадта позна. Аднак гісторыя спецыялізаваных «паляўнічых на бамбардзіроўшчыкі» атрымала працяг — нягледзячы на тое, што масавыя налёты «бомбераў» са з’яўленнем зенітных ракет сталі малаверагоднымі.
Асаблівую ўвагу перахопнікам надаваў пасля 1945 года СССР, і гэта лагічна. Галоўным патэнцыйным ворагам лічыліся ЗША з іх вялікай колькасцю бамбардзіроўшчыкаў (якія, у адрозненне ад Другой сусветнай, неслі ўжо ядзерныя бомбы). Велічэзная, на тысячы кіламетраў, мяжа Саюза ўздоўж Паўночнага Ледавітага акіяна проста фізічныя не магла быць прыкрытая СПА: столькі ракетных комплексаў краіна б не зрабіла. Каб абараніцца ад «бомбераў», а затым і ад крылатых ракет, СССР лепш за ўсё падыходзілі якраз спецыялізаваныя перахопнікі (ЗША пайшлі для абароны сваіх межаў з поўначы іншым шляхам, выкарыстоўваючы звышмагутныя РЛС і знішчальнікі, але такі падыход быў нашмат даражэйшы).
Задача такога самалёта простая: даведаўшыся, адкуль набліжаецца варожы бамбардзіроўшчык або крылатая ракета, максімальна хутка даляцець да праціўніка і знішчыць, пакуль бомбы яшчэ не скінутыя або ракета не дасягнула мэты. Для гэтага перахопніку патрэбная велізарная хуткасць, дальнабойныя ракеты, а манеўранасцю можна ахвяраваць — паветраны бой яму ўсё роўна весці не давядзецца. Авіяканструктары СССР стварылі мноства самалётаў для перахопу (напрыклад, вядомымі сталі МіГ-25 і Ту-128), а вяршыняй развіцця стаў менавіта МіГ-31.
Чым унікальны МіГ-31
У канцы 1960-х гадоў канструктарскае бюро «МіГ» пачало працаваць над цалкам новым самалётам для абароны паўночнай мяжы СССР, якім і зрабіўся МіГ-31. Асаблівасцю самалёта стала не толькі высокая максімальная хуткасць (каля 3000 кіламетраў у гадзіну), але і ўнікальны радар «Заслон» з фазаванай рашоткай. Канструкцыя такой РЛС дазваляла выяўляць да 10 цэляў адразу на адлегласці да 300 кіламетраў, па чатырох з іх можна было адначасова выпусціць ракеты.
Калі раней нават спецыялізаваныя перахопнікі залежалі ад радараў СПА, размешчаных на зямлі, то МіГ-31 мог рабіць усё самастойна. Праўда, радары з фазаванай рашоткай вельмі грувасткія і на той момант нідзе ў свеце не ставіліся на самалёты — аднак савецкія канструктары задачу вырашылі.
Самалёт быў хутчэйшы, чым большасць мэтаў, якія мог сустрэць у паветры — былі гэта будзе бамбардзіроўшчыкі, разведчыкі або крылатыя ракеты. Узбройваўся ён чатырма ракетамі Р-33 з далёкасцю да 120 кіламетраў, падвешанымі пад фюзеляжам. Пад крыламі МіГ-31 мог несці яшчэ чатыры ракеты, для блізкага бою была шасціствольная гармата — аднак гэтае ўзбраенне было чыста дапаможным. Тактыка зводзілася да таго, каб максімальна хутка зблізіцца з ворагам на дыстанцыю пуску Р-33, навесці і выпусціць ракеты. Больш МіГ-31 практычна нічога не мог.
Праца над самалётам скончылася ў сямідзясятыя, на ўзбраенне ён стаў у 1981 годзе. Часта ўжываная (часам у іранічным кантэксце) шаблонная фраза «аналагаў няма» цалкам пасавала МіГ-31 — ва ўсім свеце ён быў такі адзін. Настолькі вузкаспецыялізаваных самалётаў у свеце ўжо не рабілі з прычыны адсутнасці задач для іх.
Усе васьмідзясятыя МіГ-31, якія стаялі на ўзбраенні ў СССР, пастаянна выляталі на перахоп амерыканскіх самалётаў-разведчыкаў (халодная вайна так і не перайшла ў «гарачую», так што бамбардзіроўшчыкі і крылатыя ракеты ЗША на праціўніка не накіроўвалі). Ніводнай варожай паветранай мэты да 1991 года перахопнік так і не збіў.
Затое складаныя ва ўпраўленні звышхуткасныя машыны аказаліся даволі небяспечнымі для лётчыкаў — толькі да 2000 года адбылося 35 авіяздарэнняў, з іх 12 катастроф. У адной з іх, якая здарылася 4 красавіка 1984 года, загінуў генерал-маёр авіяцыі Аляксандр Фядотаў, які за дзевяць гадоў да гэтага ўпершыню падняў у паветра прататып «трыццаць першага». Адзін з загінулых МіГ-31 у 2017 годзе, відавочна, быў збіты іншым такім самым самалётам, стаўшы першай «паветранай перамогай» знакамітага перахопніка за ўсю гісторыю.
Пасля развалу СССР МіГ-31 выкарыстоўваліся ў асноўным для тых самых функцый і ахоўвалі паўночныя межы Расіі. Выключэннем сталі дзве чачэнскія вайны: і ў 1994, і ў 1999 годзе «трыццаць першыя» лёталі паблізу Чачні, выкарыстоўваючы свае магутныя радары «Заслон» для кантролю паветранай абстаноўкі. Такім чынам, у МіГ-31 з’явілася другая функцыя, не звязаная з перахопам: машына выкарыстоўвалася як эрзац-самалёт ДРЛВ (далёкага радыёлакацыйнага выяўлення).
У 2016 годзе частка «трыццаць першых» была перакінутая ў Сірыю для ўдзелу ў ваеннай аперацыі Расіі ў гэтай краіне. Як і ў Чачні, яны «працавалі» самалётамі ДРЛВ, замяняючы спецыяльна прызначаныя для гэтага машыны А-50 (такіх у Расіі зусім мала, максімум — каля 20).
У постсавецкі час Расія не раз прапаноўвала звышхуткасны самалёт на экспарт, але яго вузкая спецыялізацыя і складанасць у карыстанні прывялі да таго, што пакупнікоў на «трыццаць першы» не знайшлося.
За гады службы МіГ-31 паспеў прайсці некалькі мадэрнізацый, атрымаў новыя ракеты «паветра-паветра» Р-37 — яны маюць далёкасць 300 кіламетраў і лічацца найбольш дальнабойнымі ў свеце (праўда, у баі не правяраліся), больш дасканалыя радары і іншыя новаўвядзенні. Нас жа цікавіць адна-адзіная мадэрнізацыя перахопніка — версія МіГ-31К. Гэты самалёт прынцыпова адрозніваецца ад усіх астатніх версій — ён перастаў быць перахопнікам. Замест дальнабойных ракет «паветра-паветра» ён нясе адзіную велізарную гіпергукавую аэрабалістычную ракету «Кінжал» масай больш за чатыры тоны.
Звышхуткасны самалёт служыць нібыта першай, разгоннай, прыступкай ракеты — толькі так яна можа рэалізаваць свае «гіпергукавыя» ўласцівасці. 1 сакавіка 2018 года прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін у сваім знакамітым пасланні Федэральнаму сходу (прамова шмат у чым ўяўляла сабой пералік найноўшай зброі, якой павінен баяцца Захад) упершыню згадаў і «Кінжал».
Менавіта версія МіГ-31К — адзіная, якая выкарыстоўвалася ў рэальнай вайне. Расія перыядычна запускае такія ракеты, у тым ліку з «трыццаць першых», па Украіне.
Навошта Расія перакінула МіГ-31 у Беларусь?
Дакладна можна сказаць, што не для таго, каб працаваць «па прамым прызначэнні». Перахопліваць з боку Украіны няма чаго — стратэгічных бамбардзіроўшчыкаў з ядзернымі бомбамі ў краіны няма, а крылатыя ракеты УСУ запускае ў бок Чорнага мора, але не Беларусі. Ніякіх афіцыйных аб’яў пра тое, навошта канкрэтна патрэбныя гэтыя самалёты, не было.
Таксама мы не ведаем, ці перакінутыя ў Беларусь менавіта МіГ-31К, бо вонкава адрозніць версію, здольную насіць «Кінжал», ад звычайнай цяжка. На самалётах, якія прызямляюцца пад Мінскам, ніякіх ракет няма — так што самалёт цалкам можа быць любой іншай мадыфікацыі.
У выпадку, калі перад намі менавіта версія «К», магчыма, расійская армія сапраўды плануе запускаць гіпергукавыя ракеты з беларускай тэрыторыі па Украіне. Ці проста спрабуе палохаць — прычым незразумела каго: камандаванне УСУ або «калектыўны Захад». Так, менш чым два месяцы таму Расія перакінула тры МіГ-31К з «Кінжаламі» пад Калінінград у рамках «стратэгічнага стрымлівання».
Страляць імі адтуль па Украіне немагчыма — ракеце давядзецца ляцець або над Літвой, або над Польшчай, чаму гэтыя краіны наўрад ці ўзрадуюцца. Затое адтуль бліжэй да краін Заходняй Еўропы, і тэарэтычна гэта стварае магчымасці для ціску (калі, вядома, пуск трох ракет спалохае NATO). Беларусь у геаграфічным плане таксама ляжыць заходней за большую частку Расіі, і варыянт запалохвання магчымы.
Калі ж перад намі версіі МіГ-31, не здольныя несці «Кінжалы», то цалкам імаверным бачыцца варыянт выкарыстання «трыццаць першых» як «лятучых радараў» (то-бок ужо згаданых эрзац-ДРЛВ), якія могуць наводзіць ракеты знішчальнікаў або бамбардзіроўшчыкаў, якія абстрэльваюць Украіну. Прэцэдэнт ёсць: тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн» паведамляў, што ў красавіку і ліпені у Беларусь прыляцяць расійскія самалёты ДРЛВ А-50. Магчыма, цяпер для гэтай мэты збіраюцца задзейнічаць МіГ-31, як гэта рабілі ў Чачні і Сірыі.
Читайте также


