Школьніца вырашыла падставіць чалавека, які пакрыўдзіў яе ў інтэрнэце, але ў выніку сама стала фігуранткай крымінальнай справы, паведамілі ў ГУУС Мінгарвыканкама.
Спачатку ў 15-гадовай школьніцы здарыўся канфлікт з чалавекам, якога яна ведала толькі па перапісцы ў інтэрнэце. Каб запалохаць беларуску, суразмоўца прыгразіў замініраваць ад яе імені гандлёвы цэнтр. Тады яна задумала зрабіць тое самае, толькі ад імені свайго крыўдзіцеля.
«Праз узніклы канфлікт папрасіла свайго знаёмага ажыццявіць замініраванне», — расказала дзяўчына на відэа, апублікаваным ГУУС.
Школьніца звярнулася да чалавека, які жыве за мяжой. Той пагадзіўся за сімвалічную суму патэлефанаваць у адно з беларускіх ведамстваў і паведаміць пра закладзеную бомбу. Атрымаўшы грошы, ён перадаў заказчыцы пацвярджальны аўдыязапіс.
У дачыненні да няпоўнагадовай распачатая крымінальная справа за загадзя ілжывае паведамленне пра небяспеку, здзейсненае групай асобаў, паведамілі ў міліцыі.
Санкцыя ч. 2 арт. 340 КК прадугледжвае максімальнае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да сямі гадоў. Яно адносіцца да катэгорыі цяжкіх. У адпаведнасці з Крымінальным кодэксам, няпоўнагадовым за цяжкае злачынства тэрмін пакарання не можа перавышаць сямі гадоў. Калі б школьніца не звярнулася да старонняй асобы, а скіравала ілжывае паведамленне пра мініраванне сама, яе дзеянні кваліфікаваліся б па першай частцы артыкула 340, што было б менш цяжкім злачынствам, за якое ёй пагражала б максімум тры гады пазбаўлення волі.