Малога, які трапіў пад колы Volkswagen у двары дома на вуліцы Дворнікава ў Гомелі, чакае доўгая рэабілітацыя. Прэс-служба Следчага камітэта расказала падрабязнасці ДТЗ і апублікавала відэа наезду.
Аварыя здарылася 7 сакавіка ў двары шматкватэрнага дома на вуліцы Дворнікава.
Паводле звестак следства, хлопчык выйшаў з аўтамабіля і заўважыў кацянят. Пакуль бацькі адшпільвалі рэмень бяспекі сястры пацярпелага і забіралі пакупкі, малы пагнаўся за жывёлінай, а потым ззаду падбег да Volkswagen, які спрабаваў прыпаркавацца заднім ходам.
Мяркуючы з апублікаванага відэа, дзіця ўпёрлася ў задні бампер «немца». Аўтамабіль у руху змусіў малога зрабіць некалькі крокаў назад, пасля чаго дзіця звалілася і трапіла пад колы Volkswagen.
«Са шматлікімі траўмамі малога шпіталізавалі. Цяпер яго чакае працяглая рэабілітацыя», — паведамілі ў Следчым камітэце.
Выявілася, што ў 2023 годзе кіроўцу Volkswagen пазбавілі правоў на тры гады за кіраванне ў нецвярозым выглядзе.