У Гомельскім раёне няпоўнагадовая трапіла ў бальніцу, атрымаўшы траўму падчас вечарынкі, паведамілі ў МУС.
У ведамстве расказалі, што інцыдэнт адбыўся «некалькі тыдняў таму». Дзяўчыну даставілі ў рэанімацыю з пераломам костак асновы чэрапа.
Як падлетак атрымаў траўму, у МУС не ўдакладнілі, але паказалі заблюраны відэазапіс, на якім відаць, як малады чалавек ставіць дзяўчыне падножку і кідае на падлогу. Ці менавіта на паказаных кадрах запісаны момант траўмавання падлетка, у ведамстве не ўдакладнілі. Па гэтым факце праводзіцца праверка.
У МУС нагадалі, што з пачатку года супрацоўнікі інспекцый па справах няпоўнагадовых ужо выявілі больш за 120 п’яных вечарынак. У іх бралі ўдзел звыш 400 дзяцей, якіх перадалі бацькам. Да адміністрацыйнай адказнасці за распіццё з падлеткамі алкаголю прыцягнулі 180 дарослых. У гэтых выпадках цяжкіх наступстваў удалося ўнікнуць.