«Мірны» план Пуціна што да Украіны прадугледжвае падзел краіны на тры часткі і працяг акупацыі. Такі сцэнар апісваецца ў сакрэтным дакуменце Міністэрства абароны Расіі. Пра гэта паведамляе некалькі ўкраінскіх СМІ са спасылкай на разведку Украіны, піша BILD.

Паводле звестак украінскага інфармацыйнага агенцтва «Інтэрфакс», Пуцін збіраецца прадставіць сваю ідэю падзелу Украіны будучаму прэзідэнту ЗША Дональду Трампу. Крэмль нібыта гатовы абмяркоўваць спыненне агню, паведамляе агенцтва Reuters, спасылаючыся на цяперашніх і былых прадстаўнікоў расійскага ўрада. Умова Пуціна ў тым, што Расія павінная захаваць за сабой значныя тэрыторыі Украіны, а сама Украіна — адмовіцца ад планаў уступлення ў NATO.
Як вынікае з сакрэтнага дакумента, Крэмль мае намер падзяліць Украіну на тры часткі. Увесь усход краіны (Данецкая, Луганская, Запарожская і Херсонская вобласці), а таксама Крым павінныя адысці Расіі. Другую буйную частку краіны (уключаючы рэгіёны Кіева, Сумаў і Адэсы) плануецца ператварыць у «прарасійскае дзяржаўнае ўтварэнне». Уладныя структуры ў гэтай зоне будуць укамплектаваныя прарасійскімі кадрамі, а на яе тэрыторыі будуць размешчаныя расійскія войскі для кантролю. Гэта значыць, што Украіна ператворыцца ў марыянеткавую дзяржаву, кіраваную з Масквы.
Астатняя частка на захадзе Украіны ў дакуменце названая «спрэчнымі тэрыторыямі». Што з імі рабіць, мяркуецца вырашыць падчас перамоваў паміж Расіяй і суседнімі краінамі — Венгрыяй, Польшчай і Румыніяй.
У сакрэтным дакуменце разглядаюцца таксама чатыры сцэнары развіцця сусветных падзей у найбліжэйшыя гады. Першыя два апісанні называюцца «Фармаванне шматпалярнага свету і падзел галоўнымі актарамі сфераў уплыву» (буйныя дзяржавы дзеляць паміж сабой сферы ўплыву) і «Рэгіяналізацыя/хаатызацыя» (міжнародны парадак паслабляецца). У абодвух сцэнарах Расія перамагае Украіну, а сусветная сітуацыя складваецца для Масквы «прымальна».
Калі ж вайна будзе замарожаная ці Расія яе прайграе, магчымыя два іншыя сцэнары: «Дамінаванне ЗША і Захаду» і «Набыццё Кітаем статусу галоўнай дзяржавы свету». Абодва варыянты лічацца неспрыяльнымі.
Нагадаем, Галоўнае ўпраўленне разведкі Міністэрства абароны Украіны азнаёмленае з падрыхтаваным у Расіі дакументам з прагнозам развіцця ваенна-палітычнай сітуацыі ў свеце да 2045 года, дзе прадугледжваецца план падзелу ўкраінскай тэрыторыі на тры часткі.
«Адносна магчымага падзелу Украіны. Бясспрэчна, стратэгічнай мэтай РФ застаецца поўная акупацыя нашай дзяржавы», — адзначыў намеснік начальніка ГУР Вадзім Скібіцкі.
Скібіцкі падкрэсліў, што ў планах Расіі «вырашыць» пытанне Украіны да 2026 года, што і «прапісана ў гэтым расійскім дакуменце». У ГУР тлумачаць, што гэта выклікана тым, што далейшая доўгатэрміновая вайна будзе ўплываць на ўсе аспекты жыцця расіян — эканамічныя, дэмаграфічныя, іміджавыя і г. д.