Ураджэнец Мінска Аляксей Хоцін, які ўваходзіў у топ-100 найбагацейшых людзей Расіі, хацеў дабіцца змякчэння прысуду ці адпраўкі на вайну з Украінай. Пра гэта стала вядома падчас апеляцыі, паведамляе прэс-служба Маскоўскага гарадскога суда.

Апраўдальнага прысуду ці хаця б змякчэння ўжо прызначанага пакарання патрабаваў у Масгарсудзе былы ўладальнік ПАТ «Банк» Югра"" Аляксей Хоцін. Пры гэтым ён паведаміў пра намер пайсці на вайну з Украінай і папрасіў суд яму ў гэтым паспрыяць.
Суд пакінуў у сіле вынесены прысуд — дзевяць гадоў калоніі. Што да адпраўкі на вайну з Украінай, банкіру рэкамендавалі дзейнічаць праз адміністрацыю СІЗА.
Нагадаем, Аляксею Хоціну 50 гадоў, ён нарадзіўся ў Мінску. Скончыўшы Мінскае сувораўскае вайсковае вучылішча, ён паехаў ў Маскву вучыцца ў Расійскім эканамічным універсітэце імя Пляханава — і застаўся ў Расіі.
У 2016 годзе ён заняў 95-е месца ў рэйтынгу 100 найбагацейшых людзей Расіі, у 2019-м — 154-е месца сярод 200 найбагацейшых людзей Расіі паводле версіі Forbes. Бізнес ён вёў разам са сваім бацькам, ім належалі каля 30 гандлёвых і офісных цэнтраў у сталіцы Расіі агульнай плошчай 1,8 млн квадратных метраў, уключаючы гатэль «Масква». Акрамя таго, сям’я купіла не менш за 10 нафтавых кампаній, а таксама валодае доляй у кампаніі Kuwait Energy.
У 2019 годзе Аляксея Хоціна затрымалі. Яго абвінавацілі ў растраце больш чым 23 млрд расійскіх рублёў (каля 250 млн даляраў. — Заўв. рэд.) банка «Югра». Хоцін віны не прызнаў.
Пасля гэтага яго маёмасць пачалі «адціскаць» расійскія ўлады.
5 снежня мінулага года пракурор запатрабаваў прызначыць Аляксею Хоціну дзевяць гадоў і дзесяць месяцаў калоніі. У выніку яго асудзілі на дзевяць гадоў калоніі.