Аднойчы ўжо агаломшылі Ізраіль сваёй сілай. Расказваем, што з сябе уяўляе «Хезбала», аперацыю супраць якой пачаў ЦАХАЛ
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Выбухі пэйджараў, рацый і іншых электронных прыладаў, якія выкарыстоўваюцца баевікамі «Хезбалы», выклікалі новую хвалю размоваў пра набліжэнне вялікай вайны на Блізкім Усходзе, а магчыма — і трэцяй сусветнай. Дадатковым аргументам стала ліквідацыя лідара арганізацыі Хасана Насралы падчас авіяўдару па Бейруце. Сёння, 1 кастрычніка, пачалася наземная аперацыя ізраільскай арміі супраць «Хезбалы» на поўдні Лівана. Расказваем, што гэта за рух і як ён з’явіўся, хто стаіць за яго спінай і якая ў яго праграма, а таксама чаму адны краіны прызнаюць «Хезбалу» тэрарыстамі, а іншыя лічаць раўнапраўнымі партнёрамі.

Калі і чаму з’явілася «Хезбала»?

Перадумовы з’яўлення «Хезбалы» ляжаць у даўнім арабска-ізраільскім канфлікце.

Каротка нагадаем, што Палестына — гістарычная вобласць на Блізкім Усходзе — была калыскай некалькіх цывілізацый, а яе цэнтр Ерусалім — святым горадам для трох рэлігій: юдаізму, хрысціянства і ісламу. У 1947 годзе Генеральная Асамблея ААН прыняла рэзалюцыю, што прадугледжвала стварэнне ў рэгіёне, які раней знаходзіўся пад уладай Вялікабрытаніі, дзвюх дзяржаваў: габрэйскай і арабскай. Суседнія краіны — у тым ліку Ліван, які абвясціў незалежнасць у 1943-м, — выступілі супраць стварэння Ізраіля.

У 1948-м было абвешчанае стварэнне Ізраіля, пасля чаго Ліга арабскіх дзяржаваў — у тым ліку Ліван — абвясцілі яму вайну. Канфлікт скончыўся перамогай габрэйскай дзяржавы. Потым адбылося яшчэ некалькі буйных канфліктаў, якія ўскосна былі часткай халоднай вайны. Падчас іх ЗША падтрымлівалі Ізраіль, а СССР — арабскія краіны. Ліван у гэтых канфліктах не ўдзельнічаў.

Урэшце габрэі занялі ўсю тэрыторыю Палестыны (у тым ліку сектар Газа і Заходні бераг ракі Ярдан, які да гэтага кантралявалі іх праціўнікі — гэтыя тэрыторыі паводле першапачатковага плана ААН мусілі адысці арабскай дзяржаве). Пасля гэтага канфлікт з арабска-ізраільскага паступова пачаў ператварацца ў палестынска-ізраільскі. Арабскія краіны ў цэлым змірыліся з існаваннем габрэйскай дзяржавы. А вось палестынцы (арабы, што насяляюць Палестыну) так і не атрымалі сваёй дзяржавы. Ізраіль, як і яго праціўнікі ў войнах, не зрабіў нічога, каб яе стварыць.

Карта Израиля. Светлым цветом выделены сектор Газа (западнее) и Западный берег реки Иордан (восточнее). Заштрихованы Голанские высоты, захваченные Израилем во время Шестидневной войны. Желтым цветом выделена Иордания. Изображение: map-rus.com
Карта Ізраіля. Светлым колерам вылучаныя сектар Газа (на захад) і Заходні бераг ракі Ярдан (на ўсход). Заштрыхаваныя Галанскія вышыні, захопленыя Ізраілем у Сірыі падчас Шасцідзённай вайны. На поўначы ад Ізраіля знаходзіцца Ліван. Выява: map-rus.com

Найбольш актыўную барацьбу з Ізраілем у тыя гады вяла арганізацыя вызвалення Палестыны (АВП) пад кіраўніцтвам Ясіра Арафата. Першапачаткова яго баевікі грунтаваліся ў суседняй з габрэйскай дзяржавай Ярданіі, але ў пачатку 1970-х былі выгнаныя адтуль мясцовым каралём Хусэйнам. Пасля гэтага АВП перамясцілася ў Ліван. Гэтая дзяржава была слабай, паміж хрысціянскімі і мусульманскімі супольнасцямі існаваў востры канфлікт, што перарос у грамадзянскую вайну 1975−1990 гадоў. Дзякуючы гэтаму АВП змагла ператварыць Паўднёвы Ліван, які мяжуе з поўначчу Ізраіля, у сваю галоўную базу і фактычна стварыла там дзяржаву ў дзяржаве. Менавіта адтуль баевікі Арафата арганізоўвалі напады на Ізраіль.

Ва ўмовах грамадзянскай вайны ў Ліване таксама з’явілася шыіцкае апалчэнне «Амаль» (шыіты разам з сунітамі — два найбуйнейшыя напрамкі ў ісламе).

У 1982-м Ізраіль уварваўся ў суседнюю дзяржаву (гэтую аперацыю пазней назвалі Першай ліванскай вайной), імкнучыся пакласці канец атакам на сваю тэрыторыю. Першапачаткова мясцовыя жыхары-шыіты нават віталі ізраільцян з прычыны іх уласнай канкурэнцыі з палестынскімі бежанцамі за мясцовыя рэсурсы, а таксама праз незадаволенасць жорсткім рэжымам АВП. Але потым яны выступілі супраць Ізраіля, які пачаў увозіць сюды ізраільскія тавары, праз што пацярпелі інтарэсы мясцовых вытворцаў. У дадатак падчас уварвання каля 20 тысяч ліванцаў былі забітыя, а яшчэ 450 тысяч — вымушаныя пакінуць свае дамы.

У гэтых умовах ад «Амаля» адкалолася група, якая атрымала назву «Ісламскі Амаль», — з яе ў пачатку 1980-х і сфармавалася «Хезбала» (з арабскай перакладаецца як «партыя Бога»; у шматлікіх крыніцах назву таксама перадаюць як «Хізбала»), якая ставіла сваёй мэтай выгнаць Ізраіль з тэрыторыі Лівана. Многія мясцовыя шыіты сталі яе прыхільнікамі.

Якая была праграма руху і хто яго падтрымліваў?

Цікава, што першыя тэракты «Хезбала» здзейсніла ў 1983-м (у выніку выбуху ў амбасадзе ЗША загінулі 63 чалавекі, а ў выніку атак смяротнікаў на казармы Корпуса марской пяхоты, дзе размяшчаліся амерыканскія і французскія войскі, загінула 305 чалавек), а толькі праз два гады рух апублікаваў сваю праграму.

Прадстаўнікі руху патрабавалі «выгнаць войска Ізраіля; выгнаць амерыканцаў, французаў і іх саюзнікаў з Лівана, паклаўшы тым самым канец каланіяльнай прысутнасці», прыбраць хрысціян з палітычнай сістэмы Лівана і стварыць там ісламскую дзяржаву з паноўнымі законамі шарыяту (то-бок правам, заснаваным на Каране і іншых рэлігійных тэкстах). Важна, што межы гэтага аб’яднання мусілі выходзіць за межы Лівана. За ўзор палітычнага ладу браўся Іран. ЗША і Савецкі Саюз называліся галоўнымі ворагамі ісламу (у тым жа 1985 годзе «Хезбала» захапіла чатырох савецкіх дыпламатаў, адзін з якіх, Аркадзь Каткоў, быў забіты), таксама «Хезбала» заклікала да знішчэння Ізраіля, які лічыла акупантам мусульманскіх земляў.

Взрыв здания Корпуса морской пехоты в Бейруте, Ливан, 23 октября 1983 года. Фото: usmc.mil, commons.wikimedia.org
Адзін з першых тэрактаў «Хезбалы» — выбух будынка Корпуса марской пяхоты ў Бейруце, Ліван, 23 кастрычніка 1983 года. Фота: usmc.mil, commons.wikimedia.org

Стаўка на Іран была невыпадковай. «Хезбала» стваралася пры падтрымцы гэтай краіны — у 1979-м там адбылася Ісламская рэвалюцыя і ўсталяваўся шарыят, да таго ж там сярод мусульманскага насельніцтва таксама пераважалі шыіты (у большасці іншых ісламскіх краін — суніты).

Пры гэтым і да, і доўгі час пасля гэтых падзей Ізраіль і Іран былі найбліжэйшымі саюзнікамі. Кіраўнік апошняга, аятала Рухала Хамейні, нават заблакаваў адпраўку 10 тысяч іранскіх салдат у Паўднёвы Ліван для барацьбы з ізраільцянамі — Тэгерану была патрэбная ізраільская зброя ў вайне з суседнім Іракам (паводле пэўнай інфармацыі, прыкладна 80% узбраення, набытага Іранам адразу пасля пачатку таго канфлікту, паступіла з Ізраіля — там таксама больш асцерагаліся Багдада, чым іранскіх фундаменталістаў).

Асноўнай прычынай дапамогі Ірана ў стварэнні «Хезбалы» называлі распаўсюд ісламскай рэвалюцыі (а не непасрэдна барацьбу з Ізраілем).

Вынікамі Першай ліванскай вайны, якая завяршылася ў 1985-м, сталі стварэнне ў Паўднёвым Ліване «зоны бяспекі», кантраляванай Ізраілем, а таксама выгнанне АВП з гэтай краіны яшчэ далей — у Туніс. Аднак знікненне моцнага гульца змяніла баланс сіл. На вызваленае пасля адыходу палестынцаў месца акурат і прыйшла «Хезбала», якая стала самай уплывовай шыіцкай групоўкай у Ліване і атрымлівала ад Тэгерана каля 100 млн даляраў за год.

У выніку на мяжы 1980−1990-х «Хезбала» з невялікай узброенай групы ператварылася ў магутную тэрарыстычную арганізацыю, якая налічвала каля пяці тысяч байцоў і рэгулярна нападала на патрулі, канвоі і ўмацаваныя пункты Ізраіля ў Паўднёвым Ліване. Таксама яе лідары заняліся палітыкай, паступова выцясняючы ўсе іншыя арганізацыі ліванскіх шыітаў.

У 1992 годзе «Хезбала» ўпершыню ўзяла ўдзел у парламенцкіх выбарах у Ліване. Але займацца тэрорам ім гэта не перашкаджала — прычым па ўсім свеце. У тым самым годзе, напрыклад, была атакаваная амбасада Ізраіля ў аргенцінскім Буэнас-Айрэсе, праз два гады былі ўзарваныя аўтамабілі ля амбасады Ізраіля ў Лондане і габрэйскага абшчыннага цэнтра ў тым жа Буэнас-Айрэсе. У 1997-м ЗША прызналі «Хезбалу» тэрарыстычнай арганізацыяй. Забягаючы наперад, скажам, што Еўрапейскі саюз прызнаў тэрарыстычнай групоўкай толькі ваенізаванае крыло «Хезбалы», ды і тое ў 2013-м (пра іншыя кірункі яе дзеянняў ніжэй). Усю арганізацыю ў Еўропе лічаць тэрарыстычнай толькі Вялікабрытанія (2019) і Германія (2020).

Аднак вернемся да храналогіі падзей. Урэшце ў 2000-м ізраільцяне ў аднабаковым парадку выйшлі з «зоны бяспекі» ў Паўднёвым Ліване. «Хезбала» заявіла, што перамагла, яе папулярнасць унутры краіны дасягнула піку.

Сторонники «Хезболлы» празднуют уход Израиля из Ливана, 2000 год. Фото: Khamenei.ir, CC BY 4.0, commons.wikimedia.org
Прыхільнікі «Хезбалы» святкуюць адыход Ізраіля з Лівана, 2000 год. Фота: Khamenei.ir, CC BY 4.0, commons.wikimedia.org

Калі «Хезбала» і Ізраіль ваявалі апошні раз?

Ні пасля заканчэння грамадзянскай вайны ў Ліване, ні пасля адыходу ізраільскіх войскаў з краіны «Хезбала» не раззбройвалася. Гэта адыграла важную ролю ў наступных падзеях.

У 2006 годзе арганізацыя правяла рэйд праз мяжу, забіўшы і ўзяўшы ў палон ізраільскіх вайскоўцаў. У адказ Ізраіль пачаў кароткачасовую Другую ліванскую вайну. Пасля лідар групоўкі Хасан Насрала, які ўзначаліў рух у 1992-м пасля гібелі свайго папярэдніка, сказаў, што не дапусціў бы гэтага рэйду, калі б ведаў, якім будзе адказ Ізраіля. Але насамрэч акцыя «Хезбалы», хутчэй за ўсё, была толькі адвядзеннем вачэй: атакаваўшы яе, Ізраіль хацеў цалкам пазбавіць Іран магчымасці нанесці ўдар рукамі гэтага руху.

Лидер "Хезболлы" Хасан Насралла. Фото: Reuters
Былы лідар «Хезбалы» Хасан Насрала. Фота: Reuters

Гэты эпізод стаў адной з праяваў проксі-войнаў. Гаворка пра канфлікты паміж дзвюма краінамі, якія спрабуюць дасягнуць сваіх уласных мэтаў з дапамогай ваенных дзеянняў, што адбываюцца на тэрыторыі і з выкарыстаннем рэсурсаў трэцяй краіны. Пры гэтым рашэнне праблем ці канфлікту ў апошняй — толькі прыкрыццё для рэальных мэтаў.

У выніку канфлікт, які доўжыўся 34 дні, паказаў, наколькі сур’ёзная дапамога Ірана. Ізраільцяне думалі, што сутыкнуцца, па сутнасці, з апалчэннем, але ім на той час супрацьстаяла добра навучаная і забяспечаная партызанская армія. «Хезбала» нават выкарыстала супраць вайсковага карабля ля ўзбярэжжа Лівана ракету C-807 кітайскай вытворчасці — ізраільцяне былі заспетыя знянацку, судна — выведзенае з ладу. Акрамя таго, баевікі ўзламалі коды ізраільскай радыёсувязі і пачалі перахопліваць паведамленні пра нанесеныя імі страты. У выніку арабская аўдыторыя ведала імёны ізраільскіх ахвяр і месцы іх гібелі задоўга да таго, як ізраільская армія паспявала паведаміць пра гэта сем’ям салдат.

Ніякай рашучай перамогі Ізраіль не дамогся — агонь быў спынены пасля рашэння Савета Бяспекі ААН. Як пісалі аналітыкі, «Хезбала» вытрымала націск праціўнікаў: «Замест таго каб умацаваць і ўзмацніць вобраз непераможнага стрымлівальнага фактару Ізраіля, вайна, якая мусіла аслабіць Іран, толькі зрабіла сам Ізраіль больш уразлівым».

З таго часу паміж ліванскай групоўкай і Ізраілем дзейнічала сакрэтнае статус-кво, калі канфлікт не пераходзіў за межы памежных сутычак і абстрэлаў, якімі б маштабнымі яны ні былі.

Чаму рух стаў адным з самых магутных у Ліване?

Тым часам уплыў «Хезбалы» ў самім Ліване ўсё больш рос. Адна з прычын — у трохі незвычайным палітычным ладзе краіны.

Пасля заканчэння грамадзянскай вайны яе ўдзельнікі дамовіліся, што парламенцкія месцы размяркоўваюцца пароўну паміж хрысціянскімі і мусульманскімі групамі. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які абіраецца дзвюма трацінамі галасоў дэпутатаў. Паводле няпісанага пагаднення, прэзідэнт мусіць быць хрысціянінам, прэм’ер-міністр — мусульманінам-сунітам, а спікер парламента — мусульманінам-шыітам. Партфелі чальцоў кабінета таксама размяркоўваюцца так, каб адлюстраваць баланс паміж прадстаўнікамі розных рэлігій.

У дадатак грамадзянская вайна прывяла да фактычнага знішчэння рэгіёнаў, дзе суіснаванне прадстаўнікоў розных рэлігій было нормай. Яны станавіліся ўсё больш аднароднымі, а выбарчая сістэма працягвала перашкаджаць з’яўленню міжсектаральных палітычных партый. Таму «Хезбала» як галоўная шыіцкая партыя была рэгулярна прадстаўленая ў органах улады. Тут нагадаем, што яе прадстаўнікі не раззброіліся, так што маглі дазволіць сабе больш, чым іншыя ўдзельнікі палітычнага працэсу.

Карта округов Ливана, показывающая территории с шиитским большинством, где имеет влияние «Хезболла», 2019 год. Фото: Orthuberra, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org
Карта акругаў Лівана, якая паказвае тэрыторыі з шыіцкай большасцю, дзе мае ўплыў «Хезбала», 2019 год. Фота: Orthuberra, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org

У 2006-м прадстаўнікі «Хезбалы» выйшлі з кааліцыйнага кабінета нацыянальнага адзінства, запатрабаваўшы больш улады і права вета на рашэнні ўрада. Дамовіцца не атрымлівалася 18 месяцаў. У 2008-м урад паспрабаваў забараніць прыватную тэлефонную сетку групоўкі і прызначыць начальнікам службы бяспекі аэрапорта Бейрута (сталіцы краіны) чалавека, які быў блізкі да апазіцыі. Насрала параўнаў гэтыя крокі з абвяшчэннем вайны і мабілізаваў сваю арганізацыю, сілы якой хутка ўзялі пад кантроль частку Бейрута. У выніку было заключанае пагадненне: «Хезбала» атрымала 11 з 30 месцаў ва ўрадзе і права накладаць вета на яго рашэнні. Пытанне раззбраення групоўкі адклалі.

У 2009-м «Хезбала» апублікавала сваю новую праграму. Ізраіль і ЗША ў ёй заставаліся галоўнымі праціўнікамі, але ў дакуменце ўжо не ішло гаворкі пра стварэнне ісламскай дзяржавы і не падкрэслівалася, што мусульманін мусіць прытрымлівацца толькі законаў шарыяту. Найбуйнейшая шыіцкая партыя Лівана прызнала, што некаторыя сферы сучаснага жыцця могуць рэгулявацца не толькі палажэннямі Карана. Аднак у дакуменце таксама сцвярджалася, што «Хезбале» неабходна захаваць сваю зброю, нягледзячы на рэзалюцыю ААН, якая забараняла яе выкарыстанне на поўдні Лівана.

У дзясятыя гады прадстаўнікі «Хезбалы» працягвалі знаходзіцца ў найвышэйшым кіраўніцтве Лівана. Напрыклад, у кабінеце 2009 года прадстаўнікі блока і яго прыхільнікі атрымалі 10 месцаў з 30, у 2011-м — 18 месцаў з 30. Што да парламента, то ў 2018−2022 гадах блок «Хезбалы» меў 71 месца са 128. Арганізацыя сярод іншага кантралявала Міністэрства аховы здароўя — ведамства з чацвёртым па велічыні бюджэтам ва ўрадзе. Праўда, прадстаўнік арганізацыі не кіраваў ім наўпрост, бо «Хезбала» была прызнаная тэрарыстычнай арганізацыяй шэрагам краін — гэта ставіла пад пагрозу міжнароднае фінансаванне міністэрства.

Карта стран, признающих «Хезболлу». Отмеченные зеленым страны объявили ее террористической организацией, красным — политической организацией, 2020 год. Изображение: Franco el estudiante, CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org
Карта стаўлення краін свету да «Хезбалы». Адзначаныя зялёным краіны лічаць яе (цалкам або часткова) тэрарыстычнай арганізацыяй, чырвоным — толькі палітычнай арганізацыяй, 2020 год. Выява: Franco el estudiante, CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org

Аднак якіх-кольвек поспехаў у кіраванні дзяржавай рух не дасягнуў. У 2019-м глыбокі эканамічны крызіс выклікаў у Ліване масавыя пратэсты супраць палітычнай эліты, якую даўно абвінавачвалі ў карупцыі, марнатраўстве, неэфектыўнасці і халатнасці. У выніку эканамічнага крызісу каля 80% насельніцтва Лівана цяпер жыве ў галечы, назіраецца востры недахоп харчавання, паліва і лекаў.

Што адбывалася апошнім часам з «Хезбалой» і яе праціўнікамі?

Нягледзячы на наяўнасць такога нядобразычлівага суседа, галоўнай праблемай Ізраіля заставаліся палестынцы. Раней, яшчэ ў пачатку 1990-х, бакі, здавалася б, здолелі дамовіцца. Пасля паўстагоддзя варожасці палестынцы прызнавалі права Ізраіля на існаванне, а ізраільцяне дазвалялі ім стварыць на падкантрольнай ім тэрыторыі сваю аўтаномію з перспектывай абвяшчэння незалежнасці. У выніку аўтаномія (Палестынская нацыянальная адміністрацыя — ПНА) на Заходнім беразе ракі Ярдан і ў сектары Газа з’явілася ў 1994-м. У сярэдзіне нулявых Ізраіль вывеў усе свае войскі з сектара Газа і эвакуяваў адтуль усе свае паселішчы разам з людзьмі (эвакуацыя людзей без вываду войскаў адбылася і на Заходнім беразе).

Аднак у 2006-м на першых выбарах у заканадаўчую раду ПНА больш чым палову мандатаў атрымаў рух ХАМАС — радыкальная ісламісцкая арганізацыя, якая выступала за ліквідацыю Ізраіля і стварэнне ісламскай рэспублікі на яго тэрыторыі. У 2007-м яна захапіла кантроль над сектарам Газа і захоўвала яго да нядаўняга часу (кантроль над часткай Хаходняга берага захаваў ФАТХ — пераемнік АВП, чыя ідэалогія, хутчэй, заснаваная на свецкім нацыяналізме), перыядычна ладзячы акцыі і дыверсіі супраць Ізраіля.

Палестинские боевики из вооруженного крыла ХАМАС принимают участие в военном параде в ознаменование годовщины войны с Израилем 2014 года, недалеко от границы в центральной части сектора Газа, 19 июля 2023 года. Фото: Reuters
Палестынскія баевікі з узброенага крыла ХАМАС бяруць удзел у вайсковым парадзе з нагоды гадавіны вайны з Ізраілем 2014 года, недалёка ад мяжы ў цэнтральнай частцы сектара Газа, 19 ліпеня 2023 года. Фота: Reuters

У той жа час працягвалася прыхаванае супрацьстаянне Ізраіля і Ірана: цягам нулявых і дзясятых гадоў абедзве краіны падтрымлівалі варожыя групоўкі ў розных краінах. Напрыклад, у Сірыі, дзе ўжо больш за дзесяць гадоў ідзе грамадзянская вайна, Іран падтрымліваў урад, а Ізраіль — апазіцыйныя групоўкі. Апошні таксама нанёс мноства вайсковых удараў па іранскіх аб’ектах у Сірыі (напрыклад, у 2018-м), успрымаючы прысутнасць там Тэгерана як непасрэдную пагрозу сваёй бяспецы. У Емене Іран падтрымліваў хусітаў, а Ізраіль дапамагаў кааліцыі на чале з Саудаўскай Аравіяй у барацьбе з паўстанцамі. Узаемныя варожыя дзеянні выяўляюцца і праз кібератакі — яны скіраваныя на нанясенне шкоды інфраструктуры праціўніка (напрыклад, ядзерных аб’ектаў і нафтавых танкераў).

На баку Ірана выступала і «Хезбала». У 2020-м яе спецыялісты рыхтавалі шыіцкіх апалчэнцаў у Іраку, у 2022-м — паўстанцаў-хусітаў у Емене. Адносіны ж з ХАМАС заставаліся неадназначнымі. Падчас грамадзянскай вайны ў Сірыі апошнія выступілі супраць мясцовага прэзідэнта-дыктатара Башара Асада, у той час як «Хезбала» падтрымала яго і адправіла на дапамогу сваіх байцоў. Аднак прадстаўнікі абедзвюх груповак, а таксама іранскія супрацоўнікі службаў бяспекі рэгулярна праводзілі паміж сабой кансультацыі. Усе яны выступалі за знішчэнне Ізраіля і супраць любой нармалізацыі яго адносін з мусульманскімі дзяржавамі.

Ва ўнутранай жа палітыцы «Хезбала» трохі страціла сваю папулярнасць. На апошніх храналагічна парламенцкіх выбарах 2022 года колькасць дэпутатаў ад яе блока зменшылася да 62 (нагадаем, што да гэтага было 71). Тым не менш рух па-ранейшаму мае буйную фракцыю ў парламенце. Акрамя вайсковага крыла і папулярнай партыі «Хезбала» валодае тэлевізійнымі каналамі і шырокай сеткай сацыяльных установаў, уключаючы клінікі і школы. Яе даходы (як законныя, так і незаконныя) складаюць сотні мільёнаў даляраў. На кантраляваных тэрыторыях «Хезбала», па сутнасці, дзейнічае як урад — і ні вайскоўцы, ні федэральныя ўлады не могуць гэтаму супрацьстаяць.

У кастрычніку 2023 года ХАМАС атакаваў Ізраіль, пачалася аперацыя ў адказ. Канфлікт доўжыцца дагэтуль. Пасля нападу саюзнікаў «Хезбала» актывізавала свае дзеянні на ліванска-ізраільскай мяжы на знак салідарнасці. Пачаліся сутыкненні баевікоў і вайскоўцаў Арміі абароны Ізраіля, а таксама ракетныя і мінамётныя абстрэлы, якія, зрэшты, абмяжоўваліся строга памежнымі раёнамі.

У распараджэнні «Хезбалы» ёсць моцная армія. Паводле нябожчыка Насралы, «толькі ў баявым крыле „Хезбалы“ толькі ліванцаў, мужчын, навучаных, узброеных і дасведчаных, — 100 тысяч байцоў. Калі палічыць прыхільнікаў, людзей, гатовых узяцца за зброю дзеля ўласнай абароны, то лічба будзе вышэйшая за 100 тысяч». Хутчэй за ўсё, лідар арганізацыі перабольшваў. Паводле ацэнак аналітыкаў, у «Хезбалы» было да 20 тысяч актыўных байцоў і каля 20 тысяч рэзервістаў, а таксама даволі вялікі арсенал, які ўключае не толькі стралковую зброю, але і танкі, беспілотнікі і нават розныя ракеты.

Ребенок на митинге сторонников «Хезболлы» в память о боевиках, погибших в столкновении с Израилем, южный пригород Бейрута, Ливан, 3 ноября 2023 года. Фото: Reuters
Дзіця на мітынгу прыхільнікаў «Хезбалы» памяці баевікоў, якія загінулі ў сутыкненні з Ізраілем, паўднёвы прыгарад Бейрута, Ліван, 3 лістапада 2023 года. Фота: Reuters

Аднак, як адзначалі аналітыкі, вайна з Ізраілем цяпер не ў інтарэсах «Хезбалы». Ліван знаходзіцца ў цяжкім крызісе, яшчэ адзін канфлікт краіна не пацягне, а ў пагаршэнні ўмоваў жыцця ліванцы будуць вінаваціць групоўку, якую і так называюць фактычным кіраўніком Лівана. Ваяваць на два франты не хацелася б і Ізраілю, які палічыў бы за лепшае спачатку завяршыць вайну ў Газе. «„Хезбала“ па-ранейшаму хоча граць другарадную ролю ў канфлікце Ізраіля і ХАМАС, дапамагаючы ХАМАС, але не робячыся галоўным гульцом у вайне», — казаў эксперт вашынгтонскага Інстытута Блізкага Усходу Фірас Максад.

У распачатай сёння аперацыі гаворка пакуль ідзе пра «абмежаваныя, лакалізаваныя і мэтавыя наземныя рэйды». У будучыні стане зразумела, абмяжуецца гэтым армія Ізраіля ці загразне ў новай ліванскай вайне — ужо трэцяй.

На думку Ізраіля і краін Захаду, Ліван, па сутнасці, аказаўся ў закладніках у «Хезбалы». Апытанні сярод мясцовых жыхароў з 2019 года таксама паказвалі рост незадаволенасці дзеяннямі баевікоў — іх уцягнутасцю ў карупцыйныя схемы, запалохваннем насельніцтва і папушчальніцтвам што да глыбокага эканамічнага крызісу. Аднак «Хезбала» так моцна інтэгравалася ў палітычную сістэму краіны, што механізмы, якія можна было б выкарыстоўваць для яе адхілення, пакуль няясныя.

Чытайце таксама